У восеньскі дзень, калі на вуліцы ўжо задыхалі халады, адзначала свой 80-гадовы юбілей выдатны чалавек і педагог, цікавая, інтэлегентная асоба – Зінаіда Сцяпанаўна Сутовіч. Пра такіх настаўнікаў прынята казаць – «ад Бога». Магчыма, гэта гучыць банальна, але калі глядзіш у вочы чалавеку, што аддаў справе выхавання падрастаючага пакалення ўсё сваё жыццё, разумееш, што ні адна гучная фраза не ў сілах перадаць цеплыню, клопат, ласку, падораныя Зінаідай Сцяпанаўнай сваім вучням і сваім дзецям. Яе дачка Галіна, як і мама, абрала настаўніцкую прафесію справай жыцця, сын ажаніўся з выкладчыкам матэматыкі, унучка– педагог каледжа. Не сям’я, а цэлая дынастыя. Пра тое, колькім дзецям яна дапамагла стаць асобамі, колькіх навучыла і выхавала, можна гаварыць гадзінамі, а пра яе жыццё пісаць газетнымі аркушамі (што мы абавязкова і зробім у наступных нумарах газеты).
Зінаіда Сцяпанаўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай настаўнікаў Расонскай школы, ды і хіба можа быць інакш, калі яна прысвяціла педагагічнай працы ў сценах гэтай навучальнай установы больш за 36 гадоў. І нават цяпер застаецца ў страі: узначальвае педагагічную арганізацыю ветэранаў працы. А ў іх жыццё, вядома, актыўнае – і сходкі, і пасяджэнні, і мерапрыемствы розныя. Зінаіда Сцяпанаўна не ведае слоў «не» , «не магу» і «не хачу». І нягледзячы на паважаны ўзрост, у школе яна часты госць, якому заўсёды рады.
Самыя цёплыя словы мы сёння кажам у адрас юбіляра: здароўя Вам моцнага, выдатнага настрою.Дзякуй, што і сёння Вы радуеце нас сваім аптымізмам, дзякуй, што Вы ўвогуле такая ёсць!