ОБЩЕСТВО
ХТО СТРАЛЯЎ У ДЗВЕРЫ ГАНДЛЁВАГА ЦЭНТРА? ХТО ВІНАВАТЫ, ШТО ДЗЯЦЕЙ ЗАБІРАЮЦЬ У ПРЫТУЛАК?
17 декабря 2012 |
40453 | Маргарита Алексеева | 15038 | 123 | 1 | 0 | 0 | 42 | 73
Пяцёра гора-бацькоў і двое непаўналетніх былі запрошаны на чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме. Справа кожнага з іх была дэталёва прааналізавана, а прынятыя рашэнні вызначаліся ўзважанасцю і неабыякавасцю да лёсаў юных жыхароў раёна. Пра абставіны некаторых спраў і пойдзе гаворка ў гэтым матэрыяле.
Не хацеў,
так атрымалася
Наступствы аднаго з адміністрацыйных правапарушэнняў, якое здарылася напрыканцы верасня, не засталіся не заўважанымі многімі жыхарамі райцэнтра. Сапраўды, цяжка прайсці міма адтулін ад куль у шкле ўваходных дзвярэй самага буйнага гандлёвага аб’екта гарадскога пасёлка – Гандлёвага цэнтра. Узнікала лагічнае пытанне: “У каго ж так рукі свярбелі, што ён надумаўся пастраляць у шкляныя дзверы магазіна?”.
Адказ на гэтае і іншыя пытанні атрымалі члены камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме, калі разглядалі справу адзінаццацікласніка Расонскай школы. Ігар – адзін з двух малайцоў, што падобным чынам правяралі трапнасць. Другі галоўны герой гэтай гісторыі – паўналетні Аляксандр, таму ён адказваў за свой праступак на пасяджэнні суда.
… 29 верасня каля 11 гадзін вечара Аляксандр разам са знаёмым сядзелі на парапеце бліз ганка Гандлёвага цэнтра. Да іх падышоў Ігар з сябрамі. Слова за слава – завязалася гутарка. Адзін з хлопцаў выцягнуў з кішэні пнеўматычны пісталет мадэлі “Gletcher BRT 92FS Auto”, што, безумоўна, не засталося па-за ўвагай прысутных. Аляксандр спачатку папрасіў патрымаць і разгледзець пісталет, ну а потым вырашыў паспрабаваць яго ў справе і некалькі разоў выстраліў у бок магазіна. Пачынанне падтрымаў і Ігар, які таксама выстраліў некалькі разоў у напрамку Гандлёвага цэнтра. Як толькі хлопцы ўбачылі, куды трапілі кулі, хутка разышліся па дамах. Калі праводзілася расследаванне, і Аляксандр, і Ігар сцвярджалі, што спецыяльна нікуды не цэліліся і грамадскі парадак парушаць не збіраліся. Таму адносна іх і не былі ўзбуджаны крымінальныя справы.
На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх Ігар прысутнічаў са сваёй маці. Менавіта ў яе члены камісіі пацікавіліся, чаму непаўналетні хлопец знаходзіўся ў 11 гадзін вечара на вуліцы, як ён паводзіць сябе дома, як адносіцца да вучобы. Жанчына абяцала больш пільна сачыць за сынам і сцвярджала, што з Ігарам ніколі не было асаблівых праблем.
Пра гэта сведчаць і характарыстыкі, падпісаныя кіраўнікамі Расонскай школы і Расонскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. У адпаведнасці з імі Ігар нядрэнна вучыцца, праяўляе цікавасць да вывучэння геаграфіі і гісторыі, з’яўляецца неаднаразовым прызёрам раённых і абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, удзельнікам рэспубліканскай спартакіяды сярод вучняў 1995-1996 гадоў нараджэння.
Бацькі Ігара ўрон, што нанёс хлопец сваімі дзеяннямі райпа, адразу кампенсавалі. Прымаючы ва ўвагу гэты факт і добрыя характарыстыкі, члены камісіі па справах непаўналетніх Ігара папярэдзілі і пажадалі больш не ствараць падобныя непрыемныя сітуацыі.
Перад выбарам
Змяшчэннем траіх непаўналетніх дзяцей у сацыяльны прытулак закончылася разгляданне справы адносна трыццацідвухгадовай жыхаркі вёскі Забор’е. Святлана (менавіта так яе завуць) проста не пакінула членам камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме другіх варыянтаў вырашэння складанай сітуацыі. Тры сыны жанчыны яшчэ ў сярэдзіне гэтага года па прычыне невыканання бацькамі сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей былі прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. Негатыўная атмасфера ў сям’і аказала асаблівы ўплыў на старэйшага Кірыла, што вучыцца ў 8-ым класе Заборскай школы. Толькі за першую чвэрць хлопец прапусціў без уважлівых прычын 72 урокі, пачаў маніць, бадзяцца, курыць.
У падобнай сітуацыі маці трэба біць ва ўсе званы, прысвячаючы сябе дзецям. А Святлана нават думаць пра гэта не жадае, бо ў жанчыны ў жыцці ёсць куды большыя каштоўнасці, чым сыны. Яна любіць заляцанні мужчын і шумныя кампаніі з выпіўкай. Асабліва ў той час, калі муж адсутнічае дома (ён працуе па-за межамі раёна). Вось і 14 лістапада Святлана , якая працавала прыбіральшчыкам службовых памяшканняў у школе, не выйшла на працу.
Як потым высветлілася, жанчына весела праводзіла час у суседкі ( да слова, яе – маці траіх дзяцей – таксама запрашалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх і пакуль што папярэдзілі). “Свята” працягвалася некалькі дзён. І за гэты час дзверы кватэры, дзе яно ішло, не адчынілі ні дырэктару школы, ні медыцынскай сястры, ні старшыні Краснапольскага сельскага Савета. 19 лістапада за прагулы Святлана была звольнена. Але і з гэтай нагоды яна не смуткавала. Ужо праз чатыры дні ад сусе-дзяў паступіла новая заява з просьбай прыняць меры адносна жанчыны, у кватэры якой напярэдадні ноччу грымела музыка і чуўся дзіцячы плач. Прадстаўнікі адміністрацыі школы чарговы раз паспрабавалі трапіць у кватэру Святланы, і зноў безвынікова.
… На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх жанчына спакойна прыняла рашэнне аб змяшчэнні яе сыноў у дзіцячы сацыяльны прытулак. Цяпер яна будзе плаціць дзяржаве за ўтрыманне кожнага па 1 140 тысяч рублёў у месяц. Калі зможа працаўладкавацца, прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці і навесці парадак у сваім жыцці – сыноў вярнуць і выплаты спыняцца. Адным словам, выбар за Святланай і яе мужам.
Сям’я ёсць –
адказнасці
за яе няма
Калі Юрый з Янкавіч увайшоў у малую залу райвыканкама, дзе праходзіла пасяджэнне камісіі,нават адразу было цяжка сказаць, хто ён: падлетак, які нашкодзіў, або малады бацька. І гэта не дзіўна, бо Юрыю ўсяго дзевятнаццаць гадоў, а ён ужо мае жонку і сына, якому год і восем месяцаў. Сям’я ў маладога мужчыны ёсць, а вось пачуццё адказнасці за яе, відаць, наогул адсутнічае. Ці Юрый яшчэ поўнасцю не ўсвядамляе, што з’яўляецца мужам і бацькам, ці наогул не жадае працаваць? Аднак менавіта па яго віне сям’я знаходзіцца на мяжы беднасці.
Нягледзячы на старанні сельвыканкама і шматлікія абяцанні з боку маладога мужчыны ўладкавацца на працу з годнай заработнай платай на працягу двух гадоў, усё застаецца па-ранейшаму. Юрый аформлены сацыяльным работнікам па доглядзе за інвалідам 1 групы – маці сваёй жонкі –, за што атрымлівае 843 тысячы рублёў у месяц. Плюс выплаты на дзіця – вось і ўвесь прыбытак сям’і з траіх чалавек, у тым ліку малога хлопчыка, якому патрэбна адзенне, цацкі, паўнацэннае харчаванне. Чамусьці бацька пра гэта не думае.
Члены камісіі па справах непаўналетніх папярэдзілі Юрыя і абавязалі працаўладкавацца да 20 снежня 2012 года, інакш наступная размова будзе больш жорсткай.