Ці магчыма, ствараючы прадметна-развіваючую прастору, павысіць якасць адукацыйнага працэсу? “Безумоўна, “ – упэўнены ўдзельнікі раённага агляду-конкурсу кабінетаў рускай мовы і літаратуры.
Агляд-конкурс праходзіў з 1 чэрвеня па 1 снежня ў два этапы. На першым адміністрацыя і настаўнікі-мовазнаўцы займаліся прывядзеннем кабінетаў рускай мовы і літаратуры ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі. Сюды ўваходзіла эстэтычнае афармленне класнага памяшкання, сістэматызацыя вучэбнага матэрыялу, дадатковай літаратуры і нарматыўных дакументаў і г.д. У час другога этапу кабінеты наведваліся і ў адпаведнасці з палажэннем агляду-конкурсу ацэньваліся членамі журы.
У выніку былі адзначаны намаганні па падрыхтоўцы кабінетаў мовазнаўцаў Вольгі Аляксееўны Матвеевай, Юліі Вячаславаўны Ясючэнкі, Ганны Анатольеўны Бурнасенкі з Расонскай школы, Людмілы Уладзіміраўны Адародзькі з Клясціцкай школы, Жанны Уладзіміраўны Раманоўскай з Заборскай школы, Ніны Іванаўны Маісеевай з Сяляўшчынскай школы і Ірыны Алегаўны Нюпенкі з Дварышчанскай школы, а таксама адміністрацыі гэтых устаноў адукацыі.
Прызавыя месцы члены журы размеркавалі наступным чынам: перамога прысуджана Расонскай ( на здымку ўнізе) і Клясціцкай (на здымку ўверсе) школам, другое і трэцяе месцы заваявалі адпаведна Сяляўшчынская і Заборская школы. Удзячнасцю адзначана Дварышчанская школа. Па выніках агляду-конкурсу лепшыя кіраўнікі ўстаноў адукацыі і мовазнаўцы будуць адзначаны грашовымі прэміямі.