Каляды расонцы сустрэлі не так актыўна, як Новы год: да вечара райцэнтр быў практычна пустынным. Каля елкі на плошчы ў першай палове дня ў панядзелак можна было заўважыць толькі бацькоў з дзецьмі. Прачынацца і выходзіць на вуліцу большасць жыхароў сталі бліжэй да вечара, калі і разгарнуліся асноўныя мерапрыемствы.
У тры гадзіны дня Дом культуры запрасіў на Калядныя пасядзелкі дзяцей. Для школьнікаў і дашкольнікаў была арганізавана тэатралізаваная праграма «Сустрэнем разам Каляды». Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў гульнёвых праграмах, конкурсах, вадзілі карагоды. Завяршылася мерапрыемства паказам казкі ў выкананні ўдзельнікаў дзіцячага лялечнага тэатра «Вясёлыя рабяты». Прыемна адзначыць, што ніхто з дзяцей не застаўся без падарункаў.
Ужо ўвечары свята разгарнулася ля елкі на цэнтральнай плошчы. Апранутыя ў кажухі і шаравары, маскарадныя і народныя касцюмы арганізатары весела спявалі калядкі, але гледачоў было нямнога – у асноўным перад сцэнай паслухаць спыняліся выпадковыя мінакі. Але літаральна праз палову гадзіны падступіцца да спевакоў было складана з-за шчыльнага кола гледачоў, якія акружылі артыстаў. Дзеці і дарослыя забаўляліся тым, што вадзілі карагоды з Казой і Мядзведзем, удзельнічалі ў розных забавах, а тыя былі на любы густ – ад скачкоў у мяшках да скачак «на конях». Хто не ўдзельнічаў у конкурсах, вытанцоўваў пад вясёлыя калядныя песні. Некаторыя спрабавалі нават выканаць гапак, але атрымлівалася не вельмі – з-за зімовага адзення.
Варта адзначыць, што ў гэтым годзе ўпершыню святочную праграму арганізоўвалі і праводзілі работнікі Клясціцкага сельскага Дома культуры, расонскія выступілі ў якасці артыстаў. Вяла праграму мастацкі кіраўнік з Клясціц Святлана Траццякова.
Святочнай праграмай гулянні ля елкі не завяршыліся. Каля сямі гадзін вечара праўленне святам ў свае рукі ўзяла дырэктар аўтаклуба Вольга Заваротная. Пад рытмы 80-х народ рухаўся да дзевяці вечара. Для тых, хто пажадаў перамясціцца ў Дом культуры, была арганізавана танцавальная праграма «Плюс – мінус 35», дзе таксама гучалі хіты 80-х.