Наведваючыся ў сельгаспрадпрыемствы раёна і размаўляючы з лепшымі хлебаробамі і іншымі працаўнікамі сельгасвытворчасці, неаднаразова чула, што пуцёўку ў прафесійнае жыццё ім даў вучэбна-курсавы камбінат. Колькі за дваццаць пяць гадоў свайго існавання цяпер ужо дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі дарослых “Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Расонскага райвыканкама” падрыхтавала кадраў для сельскай гаспадаркі раёна – сказаць цяжка. Безумоўна, гэтая лічба складаецца з некалькіх дзесяткаў тысяч. Чым сёння жыве ўстанова, расказвае яе дырэктар Уладзімір Дзмітрыевіч Трашчанка. – Назва нашай установы дадатковай адукацыі дарослых за перыяд існавання змянялася некалькі разоў, але галоўная мэта заставалася пастаяннай: падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў рабочых прафесій аграпрамысловага комплексу раёна. У мінулым годзе спецыялісты нашага Цэнтра і выкладчыкі, якіх мы прыцягваем для правядзення заняткаў на ўмовах пагадзіннай аплаты, правялі навучанне 341 чалавека, 231 з якіх па рабочых прафесіях сельскагаспадарчай накіраванасці. Сярод іх трактарысты-машыністы катэгорый “А”, “В”, “Д”, “F”, механізатары па вывучэнні новай тэхнікі, аператары машыннага даення, машыністы зернетакоў.
– Наколькі актыўна адукацыйнымі паслугамі Цэнтра карыстаецца моладзь раёна?
– У нас вучацца людзі рознага ўзросту, у тым ліку і прадстаўнікі маладога пакалення. А каб іх было больш, падтрымліваем цесную сувязь з усімі ўстановамі адукацыі раёна. З дапамогай адміністрацыі школ працуем з кожным хлопцам ці дзяўчынай, што не плануюць паступаць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя ўстановы адукацыі, пераконваем іх атрымаць запатрабаваную прафесію ў нашым Цэнтры. Падобнай магчымасцю ў 2012 годзе ўсяго скарысталіся 170 жыхароў Расоншчыны, якія атрымалі пасведчанне вадзіцеля калёсных трактароў катэгорыі “А”, або дадалі да яго больш высокія катэгорыі. Тэрмін навучання або перападрыхтоўкі па дадзенай спецыяльнасці складае чатыры з паловай месяцы. Акрамя заняткаў на базе нашай установы, пастаянна практыкуюцца навучальныя курсы на месцах, калі ў гаспадаркі выязджаюць выкладчыкі Цэнтра і прама на мехдварах, як кажуць, без адрыву ад вытворчасці, арганізоўваюць навучальны працэс. Падобным чынам летась павысілі сваю кваліфікацыю 75 механізатараў з усіх гаспадарак раёна. Над павышэннем прафесійнага ўзроўню механізатарскіх кадраў Расоншчыны таксама час ад часу працуюць прадстаўнікі ўстаноў адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Напрыклад, у мінулым годзе ў Цэнтры адбылася двухдзённая вучоба 26 механізатараў, якую правялі выкладчыкі Полацкага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. У час навучання яны звярнулі ўвагу на нюансы эксплуатацыі сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі.
У сакавіку закончыцца навучанне яшчэ адной групы з 10 чалавек, якім пасля паспяховай здачы выпускнога экзамену будзе прысвоена кваліфікацыя “Вадзіцель калёсных трактароў катэгорыі “А”. Пяць з прэтэндэнтаў вучацца за сродкі аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва і сельгаспрадпрыемства “Краснаполле”, а яшчэ пяць – за ўласныя грошы. Да слова, курс навучання для іх каштуе 2 мільёны 722 тысячы рублёў.
– Па якой схеме адбываецца працэс перападрыхтоўкі або павышэння кваліфікацыі аператараў машыннага даення?
– Летась прайшлі перападрыхтоўку 70 жывёлаводаў з падсобнай гаспадаркі ААТ “Расонскі аграсэрвіс”, сельгаспрадпрыемстваў “Дворышча-Рас” і “Краснаполле”. Курс складаўся з 40 гадзін тэарытычных і практычных заняткаў прама на малочнатаварных фермах. Адказнымі за правядзенне перападрыхтоўкі былі ветурач-бактэрыёлаг Расонскай райветстанцыі Раіса Мікалаеўна Язерская і майстар вытворчага навучання нашага Цэнтра, зааінжынер па адукацыі Вера Аляксандраўна Барадзіна. Выкарыстоўваючы розныя метады і формы навучання, у тым ліку відэастужкі, яны больш падрабязна спыняліся на праблемах арганізацыі і захавання тэхналогіі даення кароў, асновах заагігіены і ветпрафілактыкі, пытаннях аховы працы. У новым годзе запланавана павысіць прафесійную кваліфікацыю ўсіх 86 аператараў машыннага даення, што працуюць у гаспадарках раёна.
– Ваша праца мае на ўвазе цеснае ўзаемадзеянне з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемстваў. Наколькі эфектыўнае яно на практыцы?
– Спецыялісты Цэнтра імкнуцца будаваць свае адносіны з кіраўніцтвам гаспадарак на аснове ўзаемаразумення і ўзаемадапамогі. Інакш і быць не можа, бо і яны, і мы вырашаем адну і тую ж задачу: забеспячэнне сельгасвытворчасці граматнымі кадрамі механізатараў і аператараў машыннага даення. А тое, што іх не хапае, – ні для каго не з’яўляецца сакрэтам.
Складанае фінансавае становішча некаторых гаспадарак з’яўляецца перашкодай для выдзялення грашовых сродкаў на падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі прадстаўнікоў рабочых прафесій. Але шукаць іх неабходна, бо прафесіяналізм аграрыяў з’яўляецца адной з асноўных умоў эфектыўнай працы і, як вынік, стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча. Таму я спа- дзяюся, што кіраўнікі сельгас- прадпрыемстваў будуць з разуменнем адносіцца да вырашэння нашых агульных праблем і больш актыўна накіроўваць у наш Цэнтр сваіх падначаленых.
– Прадстаўнікі яшчэ якіх спецыяльнасцяў былі падрыхтаваны ў мінулым годзе?
– У сценах нашай установы летась 20 чалавек атрымалі пасведчанне “Аператар кацельных установак”, 24 – “Вальшчык лесу” і 33 – “Станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”. Пры гэтым у Цэнтры вучыліся не толькі жыхары Расонскага раёна. На падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі сваіх рабочых да нас пасылалі ААТ “Полацклес”, Дрэтуньскі лясгас, мэблевы цэх з Верхнядзвінска. Цеснае супрацоўніцтва наладжана з аддзелам занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, за што мы вельмі ўдзячны яго работнікам.
– Ці плануецца ў 2013 годзе рыхтаваць рабочых па новых спецыяльнасцях?
– Спецыялісты нашага Цэнтра разглядаюць любую заяўку любога прадпрыемства або арганізацыі, якія маюць патрэбу ў тых ці іншых кадрах. Пры неабходнасці мы можам значна пашырыць спіс спецыяльнасцяў , авалодваць якімі запрашаем усіх жадаючых. Таму і сёлета не абыдзецца без навінак. Так, 9 студзеня ўпершыню ўжо пачала навучанне група па спецыяльнасці “Рабочы па вытворчасці дранкі”. У падобных рабочых мае патрэбу перш за ўсё УП ЖКГ, якое і накіравала да нас 11 чалавек. Яшчэ 10 мужчын будуць вучыцца ад аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і ад сялянска-фермерскай гаспадаркі А. Барадулькіна. Акрамя таго, бліжэй да лета плануем рыхтаваць рабочых, што будуць працаваць з газонакасілкай і кустарэзам.
Ёсць некалькі жадаючых авалодаць прафесіямі “Прадавец” і “Кандытар”, якіх мы не рыхтавалі летась. Калі кіраўніцтва райспажыўтаварыства пойдзе насустрач і дапаможа сфарміраваць групы, мы, у сваю чаргу, дапаможам хоць часткова вырашыць кадравую праблему ў сістэме кааперацыі.
Усяго ў 2013 годзе плануецца правесці падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі 286 чалавек па 7 спецыяльнасцях.
– Хто ацэньвае ўзровень ведаў і навыкаў спецыялістаў, якіх выпускае Цэнтр?
– Перш за ўсё, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, дзе нашы выпускнікі працаўладкоўваюцца. Пакуль што асаблівых прэтэнзій ад іх не паступала. Па–другое, наша ўстанова, як і любая іншая ўстанова адукацыі падобнага кшталту, адзін раз у пяць гадоў праходзіць пераатэстацыю. Апошняя пераатэстацыя была праведзена ў 2011 годзе спецыяльна створанай камісіяй на чале з вядучым інспектарам упраўлення кантролю ведаў сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і паслядыпломнай адукацыі Дэпартамента кантролю ведаў адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталляй Адамаўнай Патапчык. Наша ўстанова паспяхова пацвердзіла дзяржаўную акрэдытацыю.
–Дзякуй за размову. Поспехаў на ніве падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі рабочых кадраў у новым 2013 годзе!
На здымку: практычныя заняткі з будучымі вадзіцелямі калёсных трактароў катэгорыі “А” праводзіць майстар вытворчага навучання Аляксандр Сяргеевіч Някрасаў (злева) .