Геаграфічныя назвы захоўваюць памяць пра далёкае мінулае, часта не зафіксаванае ў пісьмовых помніках, знаёмяць з культурай і гаспадаркай нашых далёкіх продкаў.
Гэтыя назвы склаліся гістарычна, іх пахо- джанне цесна звязана з грамадскім жыццём тых народаў, якія насялялі пэўную тэрыторыю. Міналі стагоддзі, мяняліся гістарычныя ўмовы жыцця народа, насельніцтва пераходзіла з аднага месца на другое. Але ні адна назва не з’яўляецца выпадковай, кожны пасёлак, вёска атрымалі назву па той прыкмеце, якая адрознівае яго ад іншых. Адкуль жа такая прыгожая і рамантычная назва ў нашага пасёлка Расоны? Наконт гэтага існуе шмат цудоўных легенд і паданняў.
Кажуць, што на месцы сённяшніх Расонаў недзе ў 18 стагоддзі было мястэчка Станіславава . Утварылася гэтая назва ад імя памешчыка Станіслава, які жыў у той час на тэрыторыі нашага пасёлка. А на месцы сённяшняй Садоўкі было размешчына невялікае сяленне Расона. Пэўна, гэтая назва ўтварылася ад назвы рэчкі Расонкі, што цякла недалёка.
Дзесьці ў сярэдзіне 19 стагоддзя ў Станіслававе пасяліўся малады пан Гласка. Злы і бязлітасны, нягледзячы на маладосць, ён здзекваўся над сялянамі. Аднак не толькі пакорлівасці, але і гордасці знаходзілася месца ў іх сэрцах. І калі ім гаварылі, што яны панскія, памешчыцкія, сяляне адказвалі: “Не, мы – росы!” Можа, і гэтыя словы аказалі ўплыў на назву нашага пасёлка.
А калі ж з’явіўся палац на беразе возера Расона? Прыкладна ў 70-80-я гады 19 стагоддзя пан Гласка закахаўся ў прыгожую і багатую немку і зрабіў ёй прапанову. Але яна паставіла ўмову: “Пабудуеш такі ж прыгожы замак, як у майго бацькі, выйду за цябе.” І палац быў пабудаваны. У перыяд будаўніцтва панскага дому жыццё сялян асабліва пагоршылася. Кажуць, для трываласці пры будаўніцтве ў раствор улівалі яйкі. Дзеля гэтага былі пабольшаны паборы з насельніцтва.
Адразу ж пасля заканчэння будаўніцтва пан ажаніўся са сваёй немкай і пражыў з ёй у багатым доме да самай рэвалюцыі. З акон палаца адкрываўся цудоўны від на возера. У яго празрыстых водах адбіваліся купалы і сцены дома. З другога боку сядзібы знаходзілася люстрана-чыстая сажалка. У гэты ж час была пабудавана царква на месцы былога сялення Расона. Пан са сваёй маладой жонкай нярэдка наведваўся туды, праязджаў у карэце па цяністай прысадзе ўздоўж сажалкі. І сустрэчныя сяляне пачціва кланяліся, убачыўшы іх.
Існуе яшчэ адна легенда пра паходжанне назвы пасёлка Расоны. Было ў адной сям’і тры сястры: Бярозка, Ліпка і Расіца. Такія дзіўныя імёны мелі дзяўчаты таму, што ў той перыяд на нашых землях панавала язычніцтва, і яго традыцыі распаўсюджваліся на ўсіх. Сёстры былі прыгажунямі, асабліва малодшая — Расіца.
Працавалі заўсёды разам. Маці наперадзе, а дзяўчаты за ёю. Бацька цягнуў усю мужчынскую справу, а калі не паспяваў, то да яго далучалася жонка. І так у іх добра ўсё атрымлівалася, што людзі зайздросцілі.
Але ж нездарма кажуць, што як ты ні кру -ціся, а ад кахання не схаваешся. Так і тут здарылася. Моладзь з усяго паселішча збіралася вечарамі разам ды весялілася, як магла. Там сабе хлопцы дзяўчат выглядалі, а дзяўчаты, ведама ж, праз нейкі тэрмін станавіліся іхнімі жонкамі. Сёстры таксама хадзілі на луг, дзе збіраліся сябры ды сяброўкі. Вакол іх вілося намнога болей хлопцаў, чым ля астатніх, бо, як мы ўжо казалі, былі яны дужа прыгожымі.
Аднаго разу прыйшоў на луг каваль, які жыў на хутары. Да паселішча яму было хадзіць далекавата, таму ён тут з’яўляўся рэдка, хутчэй людзі да яго ездзілі. Звалі яго Ракшам. Здаравенны, сапраўдны асілак, але нясмелы.
Дык вось прыйшоў ён, сеў і апынуўся плячо ў плячо з Расіцай. Тая заводзіла сваім звонкім голасам песню, астатнія падхоплівалі, і старадаўнія словы несліся несупыннымі птушкамі ў начную цішыню. Скончылі песню, азірнулася дзяўчына і ўбачыла побач з сабой Ракшу.
— Чаго ты маўчыш увесь час, Ракша?
– Спяваеш хораша, дык навошта перабіваць.
– А што ўжо там незвычайнага ў песні? Спявай сабе, толькі каб словы ведаў.
– Ну не кажы. Калі б я завыў, то...
– Што атрымалася б? — ужо гарэзліва дапытвалася Расіца.
Каваль азірнуўся па баках, паглядзеў, каб ніхто не падслухаў, і адказаў:
— Мядзведзі з лесу паўцякалі б з перапуду.
Дзяўчына смяялася так звонка і залівіста, што ўсе паглядзелі на яе, спрабуючы здагадацца, з чаго яна так заліваецца. А млынароў сын, які ўвіваўся за Расіцай, і нікога не падпускаў да яе, нахмурыўся і стаў за спіною ў каваля. Спачатку не асмельваўся зачапіць, але заўважыўшы падміргванні некаторых хлопцаў, што, маўляў, не губляйся, мы паможам, з гонарам прамовіў:
– Нешта тут дымам засмярдзела...
Ніхто не звярнуў увагі на гэтыя словы. Тады боўдзіла не знайшоў нічога лепшага, як паўтарыць:
– Дымам смярдзіць...
На гэты раз яму адказалі. Праўда, не каваль, як ён спадзяваўся, а Расіца:
– Ты нос па ветры не трымай, завярні яго крыху ўбок, вунь ён які ў цябе вялікі.
Выбухнуў магутны рогат.
Разгублены кавалер не ведаў, як яму быць далей. Круціўся, азіраўся, шукаў спагады і... знайшоў яе толькі ў вачах двух сябрукоў, якія хадзілі за Бярозкай ды Ліпкай. Праз колькі імгненняў багаты хлапчына ўзяўся за сваё:
– Чаго ты тут рассеўся?
Але Ракша не адказваў.
– Чаго сядзіш тут?
Запанавала цішыня, бо ўсе выразна бачылі, што неўзабаве распачнецца бойка. Каваль жа і на гэтае запытанне нічога не прамовіў, спакойна пазіраў на Расіцу і нечаму задуменна пасміхваўся. Дзяўчына таксама смяялася, нібы адчувала, што Ракша проста так не дасца ў рукі.
– Чаго ты маўчыш? Я ж да цябе звяртаюся! — не адставаў малады млынар.
Ракша маўчаў, але не вытрымала Расіца:
– Чаго ты сляпіцай у вочы лезеш? Цябе чалавек не чапае, а ты да яго прыстаешь. Адыдзі.
– А я не да цябе звяртаюся, а да гэтага маўклівага цурбалка, хачу, каб ён мне...
Надта ўжо расхрабрыўся нахабнік, але таго, што будзе далей, ён не прадугледзеў. А далей усё адбылося неяк вельмі імкліва. Ракша раптоўна павярнуўся і сам запытаў:
– Са мною, відаць, пасядзець хочаш?
Млынар з раскрытым ротам стаяў і толькі зяўкаў, а кавалёвы рукі абцугамі сціснулі тоўстае цела і гопнулі яго побач з сабой, праўда, з другога пляча, не з таго, дзе сядзела Расіца. Гопнулі так, што ляснулі зубы і кавалер ледзьве не заскавытаў ад болю.
— Дык што ж ты маўчыш? То такім галасістым ды гаваркім быў, а тут абмяк нечага...
А млынароў сын нібы скамянеў, усё імкнуўся нешта сказаць, але з шырока раскрытага рота неслася нешта невыразнае.
Зноў усе зарагаталі, а калі смех сцішыўся, то пачуўся голас Ракшы:
– Няхай тады бяжыць ды другога якога маўклівага цурбалка знойдзе. Яму ж з намі нецікава.
Пасля гэтых слоў ён паставіў млынара, потым маланкаю мільгануў здаравенны бот Ракшы, і млынар паляцеў потырч прама ў густое кустоўе.
Дамоў у гэты вечар Расіцу праводзіў Ракша. Ішоў поруч з прыгажуняй высачэзны, статны, але... маўклівы. Тая ні хвілінкі не маўчала, і было добра відаць, што яна задаволена тым, як усё склалася. 3 таго вечара і пачалі яны сябраваць. Пакахаліся і ўжо не маглі дня адзін без аднаго пражыць.
Ракша сустракаўся з дзяўчынай амаль цэлы год, і ўжо дамовіліся, што восенню, калі адробяцца, каваль прышле сватоў у хату да бацькі Расіцы. Па-
ціху і да вяселля рыхтаваліся, а потым гаспадар даведаўся, што і Бярозка з Ліпкай чакаюць сватоў, і таксама ў гэтую ж восень. Спачатку зніякавеў – як жа гэта адразу столькі ўсяго адсвяткаваць, потым паразважаў, махнуў рукою і задаволена вымавіў, звяртаючыся да жонкі:
— Неяк жа выцягнем... Адразу ўсё зробім і цяжар з плячэй скінем. Затое зяцёў будзе...
I што ж вы думаеце? Не атрымалася гэтак, як меркавалі. Зусім па-іншаму выйшла, але ў гэтым ніхто не быў вінаваты...
Аднойчы разыгралася вялікая навальніца. Білі перуны не шкадуючы, толькі зямля калацілася. А як перайшла хмара, дык прыбеглі людзі і закрычалі:
— Бядота здарылася! Бядота!
Расіца нібы адчувала – выскачыла першай з хаціны:
— Якая?
— Ракшу разам з кузняй маланка спаліла...
Як пачула такую навіну дзяўчына, дык паляцела да хутара. Спачатку не паверыла, але калі прыбегла і ўбачыла адны галавешкі, то зразумела, што праўду вяскоўцы сказалі. Села на камень і заплакала. Усю ноч сядзела, дамоў не ішла, а як прыйшлі па яе бацькі, дык на тым месцы нікога не было. Сталі ўглядацца і заўважылі расу – на кустоўі і траве. 3 лістоў нібы слёзы сцякалі.
Вось адкуль на зямлі раса з’явілася. Ад вернага кахання. А тое месца, дзе ўсё гэта адбылося, пазней людзі Расновымі Слёзкамі назвалі. Так, кажуць, доўга працягвалася, ды стагоддзяў колькі таму зноў перайначылі назву, тады ўжо сталі Расоны. Так і цяпер вя дзецца.