Ад печы сыходзіць прыемнае цяпло, ціха адлічваюць секунды гадзіннікі, а па падлозе, як паўнапраўны гаспадар, туды-сюды ходзіць кот колеру адтопленага малака. Здаецца, звычайная вясковая хата, толькі людзі ў ёй жывуць незвычайныя – гаспадары сумленныя, ды дбайныя. Такіх, як яны, на вёсцы, на жаль, засталося не так і многа. З кожным новым сакавіцкім днём падвор’е сям’і Максіменковых з вёскі Забор’е Краснапольскага сельскага Савета ўсё больш ажывае. Акрамя догляду жывёлы гаспадыня Вера Васільеўна ( на здымку) займаецца вырошчваннем расады гародніны (жанчына з гонарам паказала моцныя цёмна-зялёныя падрослыя перчыкі, што ў плошцы на падаконніку дружна павярнуліся да сонейка), выцягвае са сховішчаў клубні шматгадовых кветак і аглядвае як яны перазімавалі.
У гаспадара Івана Антонавіча таксама спраў хапае, бо падсобная гаспадарка на двары вялікая. Невыпадкова я яго сустрэла з вялікім кошыкам за плячыма, дзе ляжала духмянае сена для каровы Звяздоні. Спрадвеку каровы на вёсцы былі карміцелькамі, Звяздоня – не выключэнне. Штодзень у сярэднім яна дае гаспадарам каля 20 літраў малака дастаткова высокай тлустасці, з якога атрымліваецца выдатная смятана, тварог, сыракваша і масла. Таксама яго хапае, каб выкарміць маленькіх парасят, ды яшчэ і каб здаць дзяржаве застаецца. Сям’я Максіменковых уваходзіць у лік 13 малаказдатчыкаў Краснапольскага сельскага Савета, летась запісаўшы на свой рахунак 1 630 кілаграмаў.
На думку Веры Васільеўны, ад каровы толькі тады можна атрымаць годны ўдой, калі адносіцца да яе з пяшчотай і ўвагай. Так, гаспадыня ніколі не пачне дойку, пакуль не памые амаль гарачай вадой вымя Звяздоні. Тая аж жмурыцца ад задавальнення і стаіць, нібы ўкопаная, асабліва ў марозныя дні. А яшчэ Звяздоня, як і любая іншая матуля, з любоўю адносіцца да цяля, што знаходзіцца з ёй побач. Па словах гаспадыні, яна з ім размаўляе на сваёй толькі ім зразумелай мове.
Любіць “пагаварыць” і свінаматка. Праўда, яна гэта робіць больш часта з самой Верай Васільеўнай і тады, калі чакае ад жанчыны пачастункаў у выглядзе свежай капусты ці іншай гарод- ніны. Свінаматка лычам тыкае ў калені гаспадыні і патрабавальна рохкае. Вера Васільеўна не можа адмовіць сваёй любіміцы, таксама, як і не можа не адсочваць як растуць і набіраюць вагу маленькія парасяты. Гаспадыня не адыходзіць ад іх, пакуль тыя ядуць, а кожныя два тыдні ўзважвае аднаго парася, каб даведацца колькі грамаў той прыбавіў. Яна ўважліва сочыць і за здароўем малых. Нават, каб сфатаграфавацца, прынесла ў хату парасяці, завярнуўшы ў адзенне. Бо малому холадна на марозе.
Ружовы, чысты і вясёлы будучы кныр спачатку з задавальненнем пазіраваў з гаспадыняй, але потым яго было цяжка злавіць у пакоі і аднесці назад у хлеў.
Яшчэ на падвор’і Максіменковых утрымліваецца 12 курэй, сабака Джэк і ўжо знаёмы кот Пушок, улетку да іх дадаецца каля 30 куранят-бройлераў. За тры месяцы пры добрым доглядзе яны дасягаюць трох кілаграмаў, у чатыры месяцы важаць яшчэ больш.
Дзякуючы бройлерам, Вера Васільеўна і Іван Антонавіч, а таксама сям’я іх дачкі Іны, што жыве ў Наваполацку, заўсёды забяспечаны курацінай. Пры гэтым гаспадыні не проста замарожваюць тушкі курэй, а робяць з іх сапраўдныя курыныя прысмакі. Напрыклад, здымаюць з бройлера скурку і набіваюць яе масай з курынага фаршу, грыбоў, морквы, сыру, вараных яек, зеляніны. А толькі потым замарожваюць. Як толькі госці на парозе або ў святочныя дні, сапраўдная дэлікатэсная страва гатова ўпрыгожыць любы стол усяго за гадзіну. Ды такая, што пальчыкі абліжаш. Пра гэта неаднаразова гаварылі сябры і родныя Максіменковых.
Ёсць у Веры Васільеўны і свой фірмовы рэцэпт вельмі смачнага сала. Ён просты, але ўдалы на ўсе сто. Спачатку кавалкі сала жанчына варыць у шалупінні ад цыбулі. Потым перакладвае іх у скараварку, дадае вадкага дыму і спецый. Хвілін 40-50 і сала куды больш далікатнае і смачнае, чым куплёная вяндліна, гатовае. Яно захоўваецца ў халадзільніку столькі, колькі трэба.
Што датычыцца падсобнай гаспадаркі, то доўгі час Максіменковы таксама разводзілі індыкоў (іх колькасць даходзіла да 60 штук) і качак. Заўсёды апрацоўвалі вялікі агарод. Нават сёння яго агульная плошча складае 25 сотак. Улетку тут можна знайсці практычна ўсіх прадстаўнікоў царства гародніны, што традыцыйна вырошчваюць у нашых мяс- цінах. Толькі адных памідораў у парніку каля 80 штук. У другім парніку пануюць перцы. Спрабуе Вера Васільеўна і “паладзіць” з замежнымі экзэмплярамі. Так, летась высаджвала дыні, праўда, чамусьці яны так і не паспелі. Другую спробу плануе зрабіць у гэтым годзе.
А як жанчына любіць кветкі! Ружы, каны, гладыёлусы, аксаміткі – усё пералічыць цяжка. І высаджвае гаспадыня іх не проста так, а ў пэўным парадку і ў адпаведнасці з канкрэтным кампазіцыйным рашэннем, якое або сама прыдумвае, або бярэ ідэі са спецыялізаваных часопісаў “Кветачка” і “Прысядзібная гаспадарка”. Дапаўняюць кампазіцыю драўляныя лебедзі і іншыя творчыя задумкі.
– Я заўсёды любіла капацца ў зямлі. Напэўна, гэта ў мяне ад бацькоў, – упэўнена Вера Васільеўна. – Хаця мой тата Васіль Іванавіч, афіцэр Савецкай Арміі, што дайшоў да Берліна, быў з гарадскіх. Ён нарадзіўся і вырас у Кастраме, аднак зямлю вельмі любіў. Маці Ганна Іванаўна мясцовая, з Заборшчыны. Яна таксама ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Яны пазнаёміліся ў Германіі, там і я нарадзілася. У пачатку 50-ых пераехалі ў Забор’е да бабулі. Завялі гаспадарку. А калі мы з Іванам ажа-ніліся, то да бабулінага дома прыбудавалі яшчэ адзін дом.
Прысядзібны ўчастак, што каля нашай хаты, апрацоўвалі некалькі пакаленняў маёй сям’і, таму я не магу і не хачу, каб ён зарастаў пустазеллем. Так ужо мяне выхавалі.