![]() |
Яшчэ ў пачатку лютага гэтага года быў аб’яўлены раённы творчы конкурс па распрацоўцы лагатыпу, фірменнага знака “Наша – Расонскае”, ініцыятарам якога выступіў райвыканкам. Увесь мінулы месяц спецыяльна створаная рабочая група па развіццю інфраструктуры турызму прымала заяўкі на ўдзел. І вось нядаўна былі падведзены вынікі конкурсу: з дваццаці чатырох варыянтаў знака, прадстаўленых 7 прэтэндэнтамі, камісія выбрала лепшы. Што ж канкрэтна ён сабой уяўляе? Прывядзём кароткую анатацыю гэтага праекта:
«Фірменны знак рэалізаваны ў выглядзе стылізаванага краявіду. На ім адлюстраваны азёры, поле, лес, неба, сонца.
Таксама ў фірменным знаку выкарыстана выява сядзібы пана Гласкі, якая сімвалізуе не толькі гісторыю Расон, але і можа стаць знакам турызму ў раёне.
Універсальнасць гэтага фірменнага знака заключаецца ў магчымасці яго выкарыстання ў любым колеравым рашэнні (на сённяшні дзень тут прадстаўлены зялёны, сіні, чырвоны і аранжавы – В. Ш.), а контур сядзібы Гласкі непасрэдна асацыіруецца з Расонамі і Расонскім раёнам».
Каб пераканацца, ці сапраўды прапанаваны лагатып, што называецца, самы-самы, аўтар гэтых радкоў узяўся самастойна вывучыць усе астатнія заяўкі. Шмат дзе гэтаксама прысутнічалі азёры, лясы, грыбы, з птушак – сінічкі, лебедзі, а яшчэ меўся славуты лось з герба Расоншчыны; нават сама фраза “Наша – Расонскае” была па-мастацкаму апрацавана, але, на мой погляд, выглядала крыху пярэста і цяжкавата для ўспрыняцця. І на гэтым фоне адразу кінуліся ў вочы эскізныя праекты за подпісам Пятра Чымкоўскага, прычым сядзіба пана Гласкі была на двух з іх – вышэйапісаным і яшчэ адным, толькі ўжо з вадзяным арэхам – раслінай, занесенай у Чырвоную Кнігу Беларусі. Спадабаўся мне і трэці эскіз, на якім з паловы зялёнага лістка нібыта вырастаў домік, – просты і разам з тым арыгінальны, зразумелы, без лішніх дробязяў, кідкі знак, як, між іншым, і ўсе работы Пятра, што таксама мог бы вельмі падысці ў далейшым для прасоўвання менавіта турыстычных паслуг раёна.
Таму цалкам заслужана пераможцам, які і атрымаў увесь прызавы фонд з рук намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы Аляксандра Георгіевіча Капшуля (а гэта дзвесце тысяч беларускіх рублёў), што быў прадстаўлены прыватным прадпрыемствам “Уладзімір і Даніла”, аказаўся жыхар райцэнтра праграміст раённага вузла паштовай сувязі Пётр Антонавіч Чымкоўскі (на здымку злева).
Адным словам, гэты знак павінен стаць яркім, запамінальным сімвалам, брэндам Расоншчыны. Пасля невялікай дапрацоўкі дызайнерамі (хутчэй за ўсё, змены будуць унесены толькі ў колеравую гаму) лагатып зарэгіструюць і пачнуць выкарыстоўваць для прапаганды прадукцыі і паслуг раёна, уключаючы тыя, што ідуць на экспарт. І яшчэ, як адзначыў Аляксандр Капшуль, ёсць таксама ідэя заснаваць прэмію на права маркіроўкі гэтым знакам, каб зрабіць яго яшчэ і сведчаннем якасці, па якой спажыўцы і стануць ацэньваць Расоншчыну.
Віталь ШЫЁНАК.