Менавіта такім прынцыпам кіруецца жыхарка Расон Ніна Сцяпанаўна Бабіч (на здымку), якая дзявяты год на пенсіі, але яе жыццё па-ранейшаму застаецца цікавым і поўным новых патрэбных спраў, сярод якіх ёсць месца не толькі хатнім абавязкам, працы ў агародзе, але і штодзённым прагулкам з сяброўкамі, чытанню кніг. Пры гэтым яна выдатная гаспадыня, добрая маці і свякроў для сваіх сыноў і нявестак, а таксама пяшчотная бабуля для ўнукаў. І ўсё жанчына паспявае, пры гэтым не выглядае на свой пашпартны ўзрост. Як гэта ў яе атрымоўваецца?Нарадзілася
ў сям’і людзей
працалюбівыхНарадзілася Ніначка ў Міёрскім раёне – хата бацькоў размяшчалася прама на беразе ракі, па другі бок якой ужо быў Верхнядзівінскі раён. Бацька родам з Сібіры – мужчына прыгожы, герой вайны, вызваляў Беларусь, у тым ліку Расонскі раён, дайшоў да Берліна і… так закахаўся ў матулю Ніны, што вярнуўся ў Беларусь, ажаніўся на ёй і застаўся тут жыць. У пачатку яму прапанавалі стаць камандзірам танкавай часці, што размяшчалася пад Полацкам, але маці з роднай Міёршчыны пераязджаць адмовілася – так і засталіся на яе малой радзіме. Заўсёды трымалі вялікую гаспадарку – карову, каня, качак, курэй, трусоў, апрацоўвалі шмат зямлі. Таму сям’я жыла заўсёды ў дастатку. Вось і для Ніны Сцяпанаўны з дзяцінства праца – гэта асноўны складнік жыцця.
І ў працы быў час
на адпачынакПасля школы скончыла Полацкае медыцынскае вучылішча, атрымала спецыяльнасць «медыцынская сястра-выхавальнік». Па размеркаванні тра- піла ў Расоны. Спачатку працавала ў Доме дзіцяці, потым ў дзіцячым садзе “Крынічка”, які тады толькі адкрылі. Праца з дзецьмі ёй была па душы, гэта па ёй – клапаціцца, даглядаць, шкадаваць малых.
А потым Ніне тагачасны галоўны ўрач Міхаіл Канаш, які ведаў пра яе адказнасць і пунктуальнасць, прапанаваў пайсці медыцынскім рэгістратарам у рэгістратуру паліклінікі. Там яна і затрымалася на 30 гадоў, з гэтай пасады пайшла на заслужаны адпачынак. Працу сваю любіла. Не толькі медыцынскую картку падаць, але і да кабінета праводзіць, пагутарыць пра тое-сёе і так, між іншым, узняць настрой хвораму чалавеку, адцягнуць ад сумных думак. Асабліва яна любіла дапамагчы пажылым людзям, падказаць, калі нешта незразумела. І цяпер, калі сустракае на вуліцы знаёмых, то з задавальненнем усміхаецца ў адказ на ветлівыя ўдзячныя прывітанні тых, з кім была знаёма па працы.
Калектыў медыкаў у часы яе работы быў вельмі згуртаваны і дружны. Ніна Сцяпанаўна актыўна ўдзельнічала ў самадзейнасці – спявала са сцэны. Не раз калектыў займаў лідзіруючыя пазіцыі ў разнастайных конкурсах, выступалі на святах у час раённых мерапрыемстваў.
І у радасці,
і у суме разам!
Акрамя таго, нарадзіла і выхавала жанчына двух сыноў, якіх таксама прывучала да працы і павагі да людзей. Муж быў спачатку вадзіцелем у першага сакратара Расонскага райкама КПБ, а потым вадзіцелем міжгародных рэйсаў – справа напружаная, адказная, таму і хатніх абавязкаў было ў яго менш. А гаспадарку Ніна Сцяпанаўна заўсёды трымала. Парсючкі, курачкі, агарод – гэта было важнай апорай сямейнага дабрабыту.
Усе святы савецкага часу адзначалі весела – збіраліся вялікімі кампаніямі ў адной хаце: спявалі, танцавалі, смачны стол ладзілі. Часцяком месцам збору была кватэра Бабічаў: па-першае, гаспадыня выдатная, па-другое, тры пакоі – дастаткова і для дзіцячых гульняў, і для дарослых, – было так заведзена, каб усе разам святкавалі! Цяпер Ніна Сцяпанаўна з цеплынёй успамінае тыя моманты і добрыя традыцыі – зараз людзі так не аб’ядноўваюцца, каб падзяліцца і добрым, і гаротным…
На жаль, былі і сумныя моманты. У год выхаду на пенсію жанчына страціла мужа, праз некаторы час пасля цяжкай хваробы памерла маці. І заўсёды родныя, сябры і супрацоўнікі былі побач – дапамагалі ва ўсіх жалобных мерапрыемствах, за што Ніна Сцяпанаўна ім вельмі ўдзячна.
Кожнаму сезону свая добрая справаСпачатку на пенсіі жанчыла сумавала па калектыве, а потым пераключылася на іншы рэжым жыцця, у якім важнае значэнне мае пара года. Да прыкладу, ўзімку Ніна Сцяпанаўна шмат чытае – цэлымі сумкамі носіць кнігі з бібліятэкі. Гэтай зімой у яе жыў хворы брат, якога яна даглядала 4 месяцы. А яшчэ разам з сяброўкамі свайго ўзросту яна гуляе па райцэнтры – шпацыруюць на вялікія адлегласці, любяць падыхаць свежым лясным паветрам.
–З аднаго боку, варушыцца карысна для здароўя, з другога боку – у добрай кампаніі, – гэта двойчы прыемна! – смяецца мая суразмоўніца.
Яна не любіць хатніх пасядзелак: “А можа, ў суседкі ці сяброўкі свае планы, свае справы, а я яе буду адрываць, а вось па вуліцы пагуляць – мы ўсе роўныя, бесклапотныя”. Напрыклад, цяпер самы час рабіць грады, рыхтавацца да Вялікадня, ну якія госці – адна справа за другой!
Прыйшла вясна, і жанчына ўжо ў агародзе. Зрабіла парнік, грады перакапала, вырасціла сама расаду. Садзіць яна ўсё – моркву, бурачкі, цыбулю, агуркі, памідоры, зеляніну. Ёсць на яе ўчастку і чырвоныя, і чорныя парэчкі, клубніцы – усё трэба даглядзець, але ёй гэта ў радасць.
А вось лета для яе яшчэ і пара заробкаў. А як жа яшчэ? Чарніцы, брусніцы, журавіны – гэта ж лясныя грошы. За іх у мінулым годзе набыла новы халадзільнік з трыма маразільнымі камерамі, пральную машыну-аўтамат, а яшчэ новае паліто. Калі быў жывы муж, то ў лес ездзілі на сваім аўто, праўда, збіралі толькі на сваю сям’ю. А вось сёння для яе з сяброўкамі няма лепшага транспарта, чым аўтобус – усе разам збіраюцца і ў знаёмыя лясы на заробак і адпачынак адначасова.
–Тут і паветрам свежым падыхаем, і справы свае абмяркуем, жыццё былое ўспомнім, пасмяёмся, а ў кошыках за гэты час ягад набяром, – кажа жанчына.
Да самага кастрычніка яна ходзіць у лес.
А яшчэ Ніна Сцяпанаўна вельмі любіць займацца кансерваваннем – нарыхтоўвае шматлікія слоікі з таматамі, агуркамі, перцамі, рознымі смачнымі салатамі, кампотамі, сочывамі. А яшчэ з мінулага года яна многа чаго на зіму замарожвае. Усё са свайго агарода. А вось бульбу не садзіць – лепей купіць.
Лепшы
зарад маладосціНа маё пытанне “Як у Вас атрымліваецца так выдатна выглядаць?”, яна прызналася, што ніколі не ўжывала крэмы для скуры, а вось прыгожа апрануцца, пабыць сярод людзей – гэта лепшы зарад маладосці. Разам з сяброўкамі яна з задавальненнем ходзіць на канцэрты і святы, удзельнічае ў сходах ветэранаў. А вось спяваць са сцэны ўжо не хоча – адспявала сваё!
Яшчэ жанчына любіць сустрэцца з унукамі, дзецьмі, але тады, калі для гэтага ёсць падстава – свята ці сумесная справа. Яна ўпэўнена, што пакуль ёсць моц, то дзяцей не трэба нагружаць сваімі праблемамі – у іх і сваіх спраў хапае! Можа, таму з усімі роднымі ў яе вельмі цёплыя і паважлівыя адносіны.
Галоўны яе прынцып – глядзець на ўсе падзеі з аптымізмам і прымаць жыццё такім, якое яно ёсць! Выдатнае крэда, згадзіцеся!