10 мая споўніцца 83 гады адной з самых актыўных наведвальніц аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей ТЦ САН, жыхарцы райцэнтра Надзеі Пятроўне Воліс. Дабразычлівая, шчырая, вельмі ўважлівая да кожнага, яна проста выпраменьвае дабрыню і спакой. Напярэдадні яе дня нараджэння я сустрэлася з гэтай пазітыўнай жанчынай і спытала яе пра сакрэты даўгажыхарства і добрага настрою.Надзея Воліс – маленькая, мініяцюрная– усё жыццё адпрацавала рукамі. Сякера, каса, малаток, серп – усімі гэтымі інструментамі яна выдатна валодае. Працавала на цагельным заводзе, у пякарні, даглядала пажылых людзей у Доме для састарэлых у Расонах. Вырасціла траіх дзяцей. Але за ўсімі клопатамі кожную вольную хвіліну аддавала свайму захапленню – янавяжа кручком і на прутках, вышывае, робіць дываны і ўмее ткаць. Яшчэ адно яе захапленне – кулінарыя. Хоць два гады таму памёр муж, але і сёння яна гатуе ежу для сябе, для сябровак па аддзяленні. А як інакш? Вось хутка дзень нараджэння – прысмакі для вячорак трэба прыгатаваць.
Таму галоўным сваім сакрэтам даўгалецця лічыць тое, што ўсё жыццё яна не сядзела без працы. Нават цяпер, хоць і зрок ужо не той, але лічыць яна пяцелькі, разбірае ўзоры вязання і ад дрэнных думак адцягвае яе наступная новая работа.
Адкрытае сэрца падштурхоўвае бабулю дарыць вынікі свайго вязання знаёмым і сябрам – людзям прыемна, і ёй радасна адчуваць сябе патрэбнай. Значыцца, другі сакрэт – шчодрасць і жаданне радаваць іншых.
А яшчэ на ўсім жыццёвым шляху ў жанчыны былі жывёлы, якіх яна любіць і шкадуе. Сёння з ёю жывуць два каты – Рыжык і Максік, а яшчэ пасталавацца на каўбаску прыходзіць сабачка.
–Паласціцца да цябе жывёліна, дык і на душы святлее. Яны ў мяне ўсе вельмі паслухмяныя, ніколі са стала нічога не возьмуць, на вуліцу просяцца, ды так на мяне глядзяць міла, што хачу ім першым нешта смачнае даць, – кажа пажылая жанчына.
І Надзея Пятроўна на самой справе лічыць, што жывёлы аказваюць сапраўды тэрапеўтычнае ўздзеянне на арганізм – з імі спакайней і весялей!