Барацьба са смеццем – актуальная праблема ў любы час. Тым больш, што падрыхтавацца да зімы павінен кожны гаспадар свайго прысядзібнага ўчастка, кожны кавалак зямлі павінен быць прыбраны яшчэ і камунальнымі службамі. Менавіта зараз, калі апалае лісце, жалуды суцэльным дываном пакрылі зямлю – працы ў апошніх яшчэ прыбавілася. Кожны дзень жанчыны-камунальніцы зграбаюць апалае лісце, каб потым цэнтралізавана яго вывезці. А нядаўна камунальная служба райцэнтра набыла новы зручны агрэгат комбі-сістэмы STIHL, які значна аблягчае працу дворнікаў.
Універсальны кустарэз мае некалькі насадак, пры дапамозе якіх значна аблягчаецца работа чалавека. Працаваць на гэтым агрэгаце выпала Анатолю Аўласенку (на здымку), які задаволены прадукцыйнасцю сваёй працы. – Значную тэрыторыю можна за дзень прыбраць кустарэзам, – дзеліцца ўражаннямі малады чалавек. – Пры дапамозе новага агрэгата я здуваю лісце ў валкі, а затым жанчыны граблямі зграбаюць яго ў кучы, і смецце вывозіцца. Канечне, Мемарыяльны сквер за дзень немагчыма аднаму прыбраць, а граблямі і таго больш папрацаваць давядзецца. Зменныя насадкі таксама вельмі патрэбныя. Тут і каса, і кустарэз, і шчотка для падмятання, і культыватар – усе гэтыя прыстасаванні значна аблягчаюць работу. Аднак граблі ніхто не адмянае, – кажа Анатоль Аўласенка, – ручная праца – гэта заўсёды якасна і надзейна.