Калісьці вёска Валатоўкі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Сакалішчанскага сельскага Савета, была шматлюднай. Бурліла ў мястэчку жыццё: моладзь не пакідала родныя мясціны, як цяпер, а працавала ў мясцовым саўгасе: нараджаліся дзеці, ладзіліся святы. Але ўсё мяняецца. Сённяшнія Валатоўкі – гэта чатыры жылыя дамы, дзе засталося 7 жыхароў. У адзін з зімовых дзён, калі давялося завітаць у гэтую спакойную вёсачку, мяне гасцінна сустрэлі толькі дзве сям’і, у трэцяй хаце гаспадары хварэлі, а яшчэ адна жыхарка ў той дзень з’ехала да дзяцей у горад.
Дзеці яе
не пакінуілі
ў адзіноце
Першай, з кім давялося пабачыцца ў Валатоўках, была Вольга Фёдараўна Цішаловіч, якая сустрэла мяне з ветлівай усмешкай. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост – сёлета ёй споўнілася 83 – яна не страчвае аптымізму і імкнецца быць заўсёды ў добрым настроі. 16 гадоў таму памёр любы муж Вольгі Фёдараўны, які ў свой час прывёз яе пасля ўзяцця шлюбу з роднай Машніцы ў Валатоўкі. З ім яна жыла душа ў душу, нарадзіла 4 дзяцей.
Гаспадар быў цесляром, а сама жанчына працавала даяркай. Сям’я жыла не вельмі багата,але, як кажуць, хто многа працуе, у таго і хлеб з маслам на стале. Заўсёды ў сям’і быў вялікі агарод, гаспадарка. Дзеці з маленства прывучаліся дапамагаць бацькам.
Вольга Фёдараўна добрая матуля – клапатлівая і ласкавая. Бо і сёння, калі засталася адна, дзеці кожны дзень па чарзе наведваюць яе. Хаця адзін сын жыве ў Наваполацку, другі – у Галоўчыцах, а дзве дачкі ў Полацку. Яны прывозяць прадукты, прыбіраюць у хаце, топяць печку, носяць ваду і проста знаходзяцца побач з роднай і любімай матуляй, якая ўсё жыццё прысвяціла сваёй сям’і і працы.
І ў дзень нашай сустрэчы да Вольгі Фёдараўны прыехаў сын з Галоўчыц, які падчас размовы ўвіхаўся па гаспадарцы. І не асабліва адчувае старая адзіноту, што пануе навокал. Хоць да бліжэйшай суседкі ісці не так далёка, аднак узімку, па снезе і лёдзе, жанчына не рызыкуе і чакае цёплых дзянькоў, каб адвесці душу з сяброўкай, з якой у іх і прафесіі аднолькавыя.
Бабуля Воля з сумам успамінае тыя часы, калі Валатоўкі былі паўнацэннай вёскай – жылі тут дзясяткі людзей, раслі дзеці. Хаця, на яе думку, і сёння гэтыя мясціны нельга назваць закінутымі з пункта погляду сталага чалавека – два разы на тыдзень прыходзіць аўталаўка, дастаўляюць сюды і пошту.
Дарэчы, зімовымі вечарамі пажылая жанчына не вельмі захапляецца тэлебачаннем, а вось раённую газету чытае, як кажуць, «ад вокладкі да вокладкі»! Яшчэ бабуля заядлая чытачка мастацкай літаратуры – дзеці ёй у кожны свой прыезд прывозяць стосы кніжак. Апошняе яе чытанне – раман Морыса Друона “Лілея і леў”.
Улетку Вользе Фёдараўне весялей – можна пакорпацца ў градках, палюбавацца на прыгожыя краявіды, паслухаць птушыныя спевы…
Знайшлі
адзін аднаго
на схіле
жыцця…
Уладзімір Міхайлавіч Сакалінскі і яго жонка Таісія Іванаўна Высоцкая разам толькі каля 10 гадоў. Да таго, як яны падзялілі на дваіх свой лёс, кожнаму шмат чаго давялося перажыць…
Перш чым пераехаць з Казахстана ў Валатоўкі Уладзімір Міхайлавіч трыццаць гадоў аддаў воінскай справе, а калі выйшаў у адстаўку, развёў вялікую гаспадарку. Але ўсё давялося прадаць – першай жонцы не падыходзіў тамашні клімат. Тады ён і перавёз яе на радзіму, у Валатоўкі (яна родам з Пірагоў). На жаль, жонка ўсё роўна праз 2 гады пасля пераезду памерла.
Спрабаваў звязаць жыццё яшчэ з адной жанчынай, але пражылі яны разам нядоўга. Другая жонка цяжка хварэла на дыябет і заўчасна памерла. Потым ужо лёс звёў яго з Таісіяй Іванаўнай – простай мясцовай жыхаркай, якая ўсё жыццё адпрацавала даяркай, нарадзіла 4 дзяцей, таксама да гэтага была 2 разы замужам. З першым мужам жыццё не склалася, другі – памёр.
Сёння пажылыя людзі жывуць у згодзе – дапамагаюць адзін аднаму аблегчыць жыццё. Уладзімір Міхайлавіч выконвае ўсю мужчынскую работу – ваду, дровы носіць, у печах паліць, снег расчышчае.Таісія Іванаўна хатнімі справамі запраўляе – ежы наварыць, прыбярэцца ў пакоях, памые посуд,бялізну. Мужу падабаецца, што ў доме поўны парадак – утульна, смачна пахне рознымі стравамі.
– Ведаеце, у нашым узросце чалавеку мала што патрэбна – цёплае слова, у доме каб было па-людску, ды каб дзеці не забывалі, – дзе-ліцца думкамі Таісія Іванаўна.
Дзяцей, дарэчы, у іх на дваіх шасцёра. Яе дочкі жывуць па ўсёй Беларусі, але пра матулю памятаюць. Дзякуючы дачцэ з Мінска, пенсіянерцы зрабілі аперацыю, за якую не браліся наваполацкія ўрачы. Астатнія дочкі прыязджаюць і ў водпуск, і проста так, каб пабачыць мамачку. А ў мужа адзін сын жыве ў Полацку, а другі аж у Краснаярску. Першы наведваецца часцей, а другі – раз у год абавязкова гасцюе.
Як старэйшына вёскі мужчына імкнецца, каб яго аднавяскоўцы ні ў чым не ведалі клопатаў. Пастаянна абыходзіць хаты, пытаецца ў суседзяў пра жыццё-быццё, а калі што не так, выходзіць на сувязь з мясцовай уладай – тэлефануе старшыні сельвыканкама Таццяне Васільеўне Фядотавай, яна ніколі ў бядзе не пакіне. На старшыню сельвыканкама тут не нарадуюцца – калі дапаможа з канём для апрацоўкі агарода, а калі проста добрым словам падбадзёрыць. Пры такім падыходзе мясцовай улады старыя адчуваюць упэўненасць у заўтрашнім дні.
...Так і жывуць Валатоўкі – ціха, мірна, удалечыні ад вялікіх праблем і хуткага бегу сучаснага жыцця…