Ініцыятарам сустрэцца і пагутарыць на злабадзённыя тэмы стаў сам начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Мікалаевіч Ліленка ( на здымку). А журналіста, як вядома, упрошваць на размову не трэба, таму праз некаторы час я ўжо сядзела насупраць начальніка РАУС і ўважліва слухала яго. – На сённяшні дзень мяне хвалююць некалькі пазіцый. Пачну адразу з непрыемнай. Што-небудзь утойваць у маленькім населеным пункце не мае сэнсу, ды і наогул жыхары райцэнтра маюць права ведаць, што ў раённым аддзеле ўнутраных спраў вядзецца барацьба з тымі супрацоўнікамі, якія прадастаўляюць службовую інфармацыю асобам, што займаюцца перавозкай лому чорнага і каляровага металу, іншых супрацьзаконных грузаў праз мяжу з Расійскай Федэрацыяй. Пасля правядзення спецыяльных мерапрыемстваў падобных міліцыянераў было выяўлена трое. Гэта вадзіцель В. А. Землякоў, памочнік дзяжурнага А. В. Чыркун і супрацоўнік Дэпартаменту аховы МУС Рэспублікі Беларусь А. В. Яршоў. Усе гэтыя людзі звольнены з органаў унутраных спраў, а матэрыялы адносна іх накіраваны ў пракуратуру.
Гаварыць пра гэта цяжка, але неабходна. Бо для чалавека, які носіць форму супрацоўніка РАУС, прыстойнасць і сумленне – вышэй за ўсё. Інакш яму не месца ў органах унутраных спраў.
Не буду гаварыць пра тое, што любы падобны факт, які стане вядомы, будзе заканчвацца для не чыстых на руку міліцыянераў столь жа сумна.
– Што яшчэ хвалюе начальніка РАУС?
– З прыходам цёплых дзён колькасць людзей, асабліва моладзі, на вуліцах райцэнтра і іншых населеных пунктаў павя-лічваецца ў разы. Некаторыя з іх, на жаль, і цяпер яшчэ не ведаюць пра ўступленне ў сілу Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці», які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за распіццё ў грамадскіх месцах піва і слабаалкагольных напіткаў. Штрафныя санкцыі складаюць да 8 базавых велічынь. За апошні месяц на падставе новага закона былі складзены адміністрацыйныя пратаколы на трох чалавек за распіццё піва ў грамадскім месце і на 1 чалавека – за распіццё джынтоніка.
Мала таго, моладзь і падлеткі імкнуцца пазабаўляцца півам не проста на вуліцы, а ў альтанках. А пасля выпітага пачынаюць займацца словатворчасцю прама на іх. Вось і нядаўна падобным чынам была сапсавана альтанка на беразе возера Расона. Участковы інспектар міліцыі займаецца пошукам хуліганаў, і, калі ён іх знойдзе, правапарушальнікам паграджае штраф у памеры да 50 базавых велічынь.
І наогул, адпачываючы на прыро-дзе, трэба весці сябе цывілізавана: прыбіраць смецце, не са-псаваць зробленае іншымі. Здаецца, гэтыя няхітрыя правілы вядомыя кожнаму школьніку, аднак выконваюць іх далёка не ўсе. Да слова, за засмечванне месца адпачынку можна заплаціць штраф да 5 базавых велічынь.
– Як вядома, у структуры злачыннасці крадзяжы займаюць найбольшы працэнт. Якую маёмасць трэба абараняць ад злачынцаў больш пільна?
– За 4 месяцы 2010 года ў раёне ўчынены 12 крадзяжоў (за гэты ж перыяд 2009 года – 27). 64,7 працэнта раскрыты, і кры-мінальныя справы накіраваны ў суд. Што датычыцца аб’ектаў крадзяжоў, то яны застаюцца тымі ж: пакінутыя на зіму дачы, веласіпеды. Да слова, апошнія ў асноўным знікаюць з гаспадарчых пабудоў, двароў, пад’ездаў. Таму ў многім ад нас саміх залежыць захаванасць нашай маёмасці.
– Выступаючы ў працоўных калектывах, Вы неаднойчы падкрэслівалі , што рэалізацыя спіртных напіткаў – гэта не толькі адносіны «купіў-прадаў», а і разлік спіртнымі напіткамі за зробленую работу. Ці выяўляліся апошнім часам падобныя факты?
– На мінулым тыдні супрацоўнікамі РАУС былі складзены адміністрацыйныя пратаколы адносна дваіх жыхароў райцэнтра, якія расплаціліся з работнікамі за перакопку агарода і раскіданне гною віном. На падставе Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №11 «Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання вытворчасці, абароту і рэкламы алкагольнай прадукцыі, нехарчовай спіртаўтрымліваючай прадукцы і нехарчовага эцілавага спірту» ім паграджае штраф ад 5 да 10 базавых велічынь.
Таму раю жыхарам раёна лепш не рызыкаваць і перастаць выкарыстоўваць спіртное ў якасці грашовай адзінкі.