
Аказваецца, для некаторых грамадзян праблема адсутнасці ў доме прадуктаў вырашаецца не пры дапамозе пахода ў магазін. Ды і няма за што купляць беспрацоўнаму: калі ўжо выпіў, то закусіць няма чым. 26-гадовы расонец Аляксандр Семчанка разам з сабутэльнікам Ляпеткам (яго судовую справу разглядалі асобна) не сталі доўга разважаць і вырашылі трохі “раскулачыць” дбайнага гаспадара І. Аўласевіча, які захоўвае кансервы ўласнага вырабу ў падвале пад’езда № 2 дома па вуліцы імя Леніна ў г.п. Расоны.
16 студзеня каля 23.30 Семчанка разам з “сябрам па бутэльцы” прайшоў у падвал і таемна выкраў 9 банак кансерваванай садавіны і агародніны на агульную суму 49 тысяч рублёў. Але таматы, гуркі, бурачкі, фасоля, варэнні і салаты з гародніны, які былі “па-гаспадарску” запакаваны ў торбу злачынцы, так у той вечар і не сталі прысмакамі для вясёлых ад гарэлкі смельчакоў. Справа ў тым, што на выхадзе з падвала іх заўважыў Д. Лобудзеў.
На судзе абвінавачваны не адпіраўся, прызнаў віну і нават раскайваўся. Улічваючы ўсё гэта, а таксама тое, што абвінавачваны не быў судзімы, а страты ад злачынства цалкам пакрыты, то суд палічыў магчымым не прызначаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Таму за таемны крадзёж, які здзейснены групай асоб і кваліфікуецца ў адпаведнасці з ч. 1 арт. 14, а таксама ч.2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса, Семчанка не панёс адказнасці ў выглядзе 1 года пазбаўлення волі, замест гэтага за яго паводзінамі будзе весціся пільны кантроль з боку дзяржавы на працягу 1 года выпрабавальнага тэрміну. Акрамя таго, паколькі асуджаны прызнаны медыкамі хворым на хранічны алкагалізм, то ў адпаведнасці з арт. 107 Крымінальнага кодэкса суд прызначыў яму прымусовае лячэнне ў ЛПП.