
Дача, дзе знаходзяцца прадукты і спіртныя напоі, – гэта смачны кавалачак для людзей са злачыннымі схільнасцямі, тым больш тых, хто не можа стрымацца перад перспектывай бясплатнай чаркі. Так, жыхары вёскі Дворышча, 48-гадовы вартаўнік “Дворышча-Рас” Міхаіл Зуеў і 25-гадовая беспрацоўная Вольга Елісеева, 5 снежня 2009 года пракраліся ў дачны дом жыхаркі Н. Афанасьевай у вёсцы Межна. Яны дасталі шкло з аконнай рамы і выкралі дзве бутэлькі гарэлкі маркі “Аквадив”, адну бутэльку “Martini Bianka”, па пачцы рысу і макаронаў – усяго на суму амаль 58 тысяч беларускіх рублёў.
Сведка Л. Стрэльчанка, які па дамоўленасці з гаспадыняй дачы прыглядаў за яе маёмасцю, выявіў выстаўленае шкло і раскіданыя па хаце рэчы , адразу ёй патэлефанаваў. Міліцыя, атрымаўшы заяву ад Афанасьевай, прынялася за справу. На шкле, якое было знойдзена ў двары дачніцы, выявілі сляды пальцаў рук Зуева. Пазней ён дабрахвотна выдаў сумку з украдзенымі прадуктамі.
Суд кваліфікаваў дзеянні злачынцаў па ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса як таемны крадзёж, здзейснены групай асоб па ранейшай змове і з пранікненнем ў жыллё, прычым у дзеяннях Зуева выяўлены рэцыдыў злачынстваў.
З улікам таго, што Зуеў раскаяўся, характарызуецца станоўча па месцы працы, а таксама пакрыў страты пацярпелай ў поўнай меры, суд палічыў магчымым прызначыць яму пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ. На працягу года асуджаны павінен выплочваць на карысць дзяржавы 15 працэнтаў заробку штомесячна. Што да В. Елісеевай, характарыстыкі якой былі дрэннымі, то ёй прызначылі 1 год пазбаўлення волі.