Для кожнага чалавека яго малая радзіма – гэта куток, непаўторны сваёй чысцінёй і прыгажосцю. Куток, куды нягледзячы на штодзённую мітусню мы вяртаемся зноў і зноў… Вяртаемся ў думках. Вяртаемся ў марах. Вяртаемся да бацькоўскай хаты. Вяртаемся да матчынай мовы… Усё гэта мы можам здзейсніць дзякуючы таму, што наша краіна не згубіла сваёй свабоды і самабытнасці – наша Беларусь моцная і незалежная дзяржава.
Трэцяга ліпеня – важная дата для кожнага грамадзяніна. Гэта дзень, калі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горад Мінск, і знамянальна, што ў гэты ж дзень адзначаецца галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці.
Вызваленне і незалежнасць – гэтыя паняцці нельга раздзяліць, бо адно без другога яны не маюць права на існаванне. Безумоўна, сёння, гаворачы пра незалежнасць Беларусі, нельга не ўспомніць, якой цаной нашаму народу дасталося мірнае неба, колькі беларусаў ахвяравалі сваім жыццём дзеля свабоды нашчадкаў... Гэта назаўсёды застанецца ў памяці і ў сэрцы ўдзячных пакаленняў. Гэта і ёсць крыніца суверэнітэту сучаснай Беларусі.
Наша краіна ўпэўнена рухаецца наперад, ідучы па сваім шляху развіцця, тым самым з кожным годам умацоўваючы свае пазіцыі моцнай і незалежнай дзяржавы.
Дзеці – шчасце і радасць бацькоў, будучае любой краіны. І сёння наша галоўнае багацце – магчымасць выхоўваць дзетак у мірнай і свабоднай краіне, выхоўваць на лепшых прыкладах мужнасці, гераізму і самаадданасці нашага народа сваёй Радзіме.
Трэцяга ліпеня ў жыхароў нашага раёна яшчэ адно свята – Расоны адзначаюць Дзень горада. З года ў год наш пасёлак становіцца прыгажэй, працоўныя калектывы дасягаюць высокіх паказчыкаў у сваёй галіне вытворчасці, на свет з’яўляюцца новыя грамадзяне нашай краіны – маленькія жыхары Расоншчыны.
Са святам вас, паважаныя землякі! Няхай у вашых сем’ях пануе мір і дабрабыт. Моцнага вам здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, упэўненасці ў заўтрашнім дні, цяпла і дабра, і няхай кожны ваш дзень поўніцца толькі добрымі весткамі!