Пад гукі пазыўных і святло пражэктараў на цэнтральнай плошчы Расон распачаўся святочны канцэрт у гонар працаўнікоў вёскі. «Вітаю цябе, мая Радзіма» – такой песняй салістка ўзорнай студыі «Форум» з Віцебска Даша Міхайлава і харэаграфічны ансамбль «Зорка» віталі лепшых з лепшых на сёлетнім жніве. Музычныя і танцавальныя падарункі хлебаробам падрыхтавалі народны ансамбль «Заманіха» з Полацка, узорны дзіцячы ансамбль песні і танца з Наваполацка «Камарыкі», народныя фальклорныя калектывы «Паазер’е» з Пастаў і «Калінка» з Шуміліна, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль танца «Лявоніха» , народны тэатр песні «Прасторы», шоу-групы «Каратышкі» і «Інспектар Жуф», шоу-балет «Сенсацыя”, тэатр танца «Прэм’ер-спонайд» з Наваполацка.
Прыемна, што чацвёртым нумарам на канцэрце падобнага ўзроўню выступіў наш знакаміты фальклорны калектыў «Нежачкі» пад кіраўніцтвам Валянціны Уласаўны Ліцвінавай. Яны па-сапраўднаму «распалілі» публіку кампазіцыямі «Прыпеўкі», «Какетка», «Базар». Шумныя апладысменты і дружнае «брава» ад гледачоў атрымалі неаднаразовыя лаўрэаты, пераможцы разнастайных конкурсаў рэспубліканскага ўзроўню трыа гарманістаў, ансамбль «Дабрадзеі» з Цэнтра культуры «Віцебск» пад кіраўніцтваў Аляксея Кандрацьева. А на «дэсерт» упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама падрыхтавала гледачам «сюрпрыз», запрасіўшы на гала-канцэрт абласных «Дажынак-2010» мэтраў беларускай эстрады – Мікалая Скорыкава, Іну Афанасьеву і заслужаны народны калектыў «Бяседа»
Перад выхадам на сцэну Іна Афанасьева, якая тры месяцы назад выступала ў Расонах, з задавальненнем падзялілася сваімі ўражаннямі наконт таго, як істотна змяніўся, папрыгажэў наш гарадскі пасёлак, і
праз раённую газету пажадала працаўнікам сяла аптымізму, веры ў тое, што іх праца – самая неабходная, пачэсная і шаноўная, моцнага здароўя і дабрабыту ў сем’ях. «Хай хлебам поўняцца вашы засекі, а сямейны бюджэт – высокімі заслужанымі зарплатамі”.
Як распачаўся, так эфектна і завяршыўся святочны канцэрт. Усе яго ўдзельнікі выйшлі на сцэну і выканалі апошняю песню праграмы «Жадаю табе, зямля мая!».