«Усё, з панядзелка кідаю курыць!», «Заўтра пачынаю худзець», «Цукеркам –
не!», «З панядзелка пачынаю ўставаць раней…» і г.д. Падобнага роду
абяцанні хаця б раз у жыцці даваў сабе кожны, хто спрабаваў пазбавіцца
ад шкодных звычак – так званага непрыгляднага другога “Я”. Але ж
нездарма гавораць, што звычка – другая натура чалавека, і перамагчы яе –
значыць, атрымаць перамогу над самім сабой. Вось я і вырашыла
пацікавіцца ў расонскай моладзі:
1.Якія звычкі перашкаджаюць вам жыць? 2.Што самае галоўнае ў барацьбе са сваім непрыглядным «Я»?
Віктар, вучань 11 класа Расонскай школы: 1. Скажу, як ёсць: у мяне іх нямала. Самымі дрэннымі, якія сапраўды перашкаджаюць нармальна жыць, лічу курэнне і празмернае ўжаванне кавы. Разумею і нават адчуваю вынікі на сваім здароўі – іншы раз уздымаецца ціск, тахае сэрца. І гэта ў такім узросце. А што будзе далей? Усё разумею, але ж пазбавіцца пакуль не магу. 2.Калі я чымсьці моцна захоплены, нават забываюся пра шкодныя звычкі. Напэўна, каб перамагчы сябе, трэба мець тры рэчы: моцнае жаданне, акрэсленую мэту і любімы занятак для душы.
Алеся, эканаміст: 1.Ведаеце, шкодных звычак у мяне мала. А з тых, што перашкаджаюць жыць, адна: злоўжыванне салодкім. Магу ласавацца цукеркамі ці пірожнымі зранку да вечара. Хаця на фігуры гэта не адбіваецца, затое яшчэ як на стане зубоў ( прыходзіцца часта наведваць стаматолага) і на сямейным бюджэце. 2.Сіла волі патрэбна, характар. Без жадання нічога не атрымаецца.
Андрэй, інжынер: 1. Напэўна, у мяне іх цяпер няма. Хутка будзе год, як кінуў курыць. Выйшаў вечарам на ганак, выкурыў цыгарэту і даў сабе слова, што гэта апошняя. Слова стрымаў. Цяпер вяду здаровы лад жыцця, захапляюся спортам. Лічу, што калі ў чалавека ёсць галава на плячах, то не звычкі кіруюць ім, а ён звычкамі. 2. Галоўнае, моцна гэтага захацець, даць сабе слова і прытрымлівацца простай ісціны: «Даў слова – трымай яго».
Яўген, вучань 11 класа: 1. Не ведаю людзей, у якіх няма ніводнай шкоднай звычкі. Адной з тых, якія перашкаджаюць мне жыць, лічу звычку позна класціся спаць. Па-першае, пастаяннае недасыпанне не лепшым чынам адбіваецца на здароўі. Па-другое, раніцай ледзь прымушаеш сябе ўзняцца з ложка, потым, паўсонны, робіш усё літаральна «на ляту». 2. Выкараніць у сабе ляноту, пераглядзець лад жыцця. І, безумоўна, мець цвёрдую мэту, для дасягнення якой прыкладаць усе намаганні.