А сёлета Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага Фонду Міру, як
натхняльнік шматлікіх праектаў, напярэдадні Дня міру выступіў з
асаблівай ініцыятывай: усім мамам, якім пашчасціла нарадзіць дзіця
21 верасня, было вырашана ўручыць у якасці падарунка
сертыфікат на 100 тысяч рублёў. Па Віцебшчыне нованароджаных у
гэты дзень аказалася 39 чалавек, у Расонскім раёне – адзін.Для Ірыны Карпенкі (на здымку) прыезд старшыні раённай арганізацыі Фонду Міру Святланы Аляксандраўны Волкавай і журналіста раённай газеты стаў прыемным сюрпрызам. Але, нягледзячы на нечаканасць, маладая мама не стрымлівала радасці і здзіўлення, адразу згадзілася сфатаграфавацца для нашага выдання з маленькім сынам, якому ўчора споўніўся месяц.
Максім – такое імя сям’я Кірыла і Ірыны Карпенкаў абралі для свайго нашчадка – у гэты момант салодка спаў на руках матулі, і яму было зусім не да грандыёзнай падзеі. Але Ірына паклапоціцца, каб у свой час ён даведаўся і пра акцыю, і пра сертыфікат.
– Нараджэнне дзіця – ужо пасутнасці самы дарагі падарунак, – адзначае маладая мама. – Але як прыемна, што Максім нарадзіўся менавіта ў Дзень міру. Я нават і не ведала, што праводзяцца такія акцыі. І хаця грошы невялікія, галоўнае, што адчуваецца падтрымка, простая чалавечая ўвага, клопат.
Сертыфікат я абавязкова захаваю, каб потым, як сын падрасце, паказаць дакумент і расказаць, што Максім увайшоў у лік нямногіх шчасліўчыкаў.
А вось куды Ірына патраціць грошы, яна за некалькі хвілін вырашыць не паспела. Хаця, хутчэй за ўсё, як і любая мамачка, на свайго любага сыночка.
На думку Святланы Аляксандраўны, ідэя віншаваць мам з нованароджанымі ў Дзень міру невыпадковая і патрэбная. Бо, напэўна, няма нічога больш важнага, чым мір, што адлюстраваны ў дзіцячых вачах...