19 студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень выратавальніка. Улічваючы тое, што колькасць надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару ўзрастае, супрацоўнікі службы застаюцца незаменнымі пры выратаванні людзей на пажарах, у час павадкаў, аўтамабільных катастроф і іншых здарэнняў.Кіраўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аркадзь Гарохаў напярэдадні свята адзначыў: «Мужнасць, прафесіяналізм і адданасць прафесіі – адметныя якасці нашых хлопцаў. Ганаруся, што сваёй працай яны заваявалі павагу людзей ».
Вызначаючы стратэгію на 2011год, Аркадзь Гарохаў падкрэсліў: «Прыярытэтным напрамкам для РАНС з’яўляецца больш актыўная праца выратавальнай службы ў колькасці 52 супрацоўнікаў па скарачэнні часу рэагавання і зніжэнні колькасці пацярпелых і загінуўшых пры пажарах і іншых надзвычайных сітуацыях ». У размове закранулі і леташнія вынікі працы.
– Мінулы год для нашых выратавальнікаў быў даволі напружаным. Пра што гавораць і лічбы. Так, на працягу 2010-га было здзейснена 56 баявых выездаў, у тым ліку на тушэнне пажараў 33 (што на 9 больш, чым у папярэднім годзе). Канкрэтней, 7 пажараў адбыліся ў райцэнтры і 2 6 – у сельскіх населеных пунктах. У выніку баявой працы выратаваны ад агню 1 чалавек, папярэджана знішчэнне агнём 86 будынкаў і 2 адзінкі тэхнікі.
Асноўнымі прычынамі пажараў застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, няспраўнасць пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства. У мінулым годзе загінулі 4 чалавекі і ўжо два ў новым. Галоўным чынам, гэтым трагічным смерцям папярэднічала курэнне ў нецвярозым стане.
Як вядома, працаўнікамі праводзіцца вялікая прафілактычная работа па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх. Асноўны ўхіл тут робіцца на жылы сектар, на працу з насельніцтвам. Кожны работнік мае свой участак прафілактыкі – гэта ці вуліцы ў гарадскім пасёлку, ці населены пункт. Нярэдка выратавальныя дзеянні накіраваны і на супрацьдзеянне іншым прыродным катаклізмам, аказанне дапамогі ў розных неардынарных сітуацыях.
Адным словам, сапраўднаму выратавальніку трэба быць не толькі мужным і адважным, але ўмелымі і граматнымі.
І ў заключэнне лепшых Аркадзь Гарохаў называць не стаў, а павіншаваў усіх.
– Увесь наш калектыў працаздольны, выконвае пастаўленыя задачы. З Днём выратавальніка вас, сённяшнія калегі і ветэраны. Здароўя, усялякіх выгод, поспехаў у працы.