Тэатральная сцэна – месца, куды магчыма трапіць толькі па клічу сэрца, асаблівым стане душы. Невыпадкова маладзёжную тэатральную студыю, што дзейнічае чацвёрты год пры раённым Доме культуры, назвалі менавіта “Па клічу сэрца”.Кіруе ёй Таццяна Вашкевіч, метадыст РДК і проста творчы чалавек. На сённяшні дзень вызначаны і пастаянны акцёрскі склад студыі – выпадковыя людзі тут затрымліваюцца ненадоўга.
Старшакласнікі Расонскай школы Паліна Сіманенка, Віктар Шаўчэнка, Алёна Карней, Юлія Малашэнка, работнік ПМК-63 Уладзімір Сцепанец і былая выпускніца Анастасія Мядзюха, Карына Скроцкая ставяцца да рэпетыцый як да работы, з усёй сур’ёзнасцю і натхненнем. Таму і пастаноўкі з іх удзелам атрымліваюцца не другарадныя. Упэўнілася ў тым, завітаўшы на адну з рэпетыцый драматычнай п’есы АнтаніныКаратушынай “Жнівень”.
Назіраючы за дзействам, скажу як ёсць: на нейкі час я страціла пачуццё часу і рэальнасці – настолькі захапіў сцэнарый і ігра акцёраў. Гэта п’еса пра каханне, без адказу і не, у выніку якога гінуць дзяўчына і хлопец, а адна з галоўных гераінь трапляе ў наркатычны палон і неверагоднымі намаганнямі з яго выбіраецца.
Музычнае суправаджэнне, настрой дзеючых асоб драмы адразу настройваюць гледача на сур’ёзны лад і нібы прадвяшчаюць: ніякага гумару і іранічных фокусаў не будзе. Асаблівы акцэнт – на апрацоўку малых сцэн і кантакт з гледачом, калі пралічваецца кожны рух нерва твару. Буйныя планы акцёры, хаця і далёка не прафесіяналы, трымаюць добра, моманты адчаю ў іх выкананні працінаюць да дрыготкі. Сцэны гібелі галоўных герояў– адны з самых моцных у спектаклі. Іх ролі выконваюць Алёна Карней, Віктар Шаўчэнка і Паліна Сіманенка, апошнія двое ў гэтым годзе будуць спрабаваць свае сілы на шляху да прафесійнай сцэны – паступаць у Віцебскі каледж мастацтваў.
Іх энергетыка ўражвае, а самі моманты нацэлены на тое, каб глядзельная зала быццам правальвалася ў нейкае эмацыянальнае бяздонне і затойвала подых. Асноўнымі ж гледачамі п’есы ў хуткім часе стане моладзь райцэнтра і аграгарадкоў, а прэм’ера спектакля плануецца ў межах акцыі “Скажам наркотыкам “не”. Сярод дэкарацый – бальнічная палата, школьны клас, вуліца, вакзал. Дарэчы, не буду раскрываць сакрэтаў, бо, як кажуць, той, хто мае слых, пачуе, а той, хто мае білет і жаданне, хай прыйдзе на спектакль і ўбачыць на свае вочы.