Супрацоўнікі аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама адказваюць за даволі значны ўчастак работы, які звязаны з працаўладкаваннем, арганізацыяй грамадскіх работ, прафесійнай падрыхтоўкай і перанавучаннем жыхароў раёна, якія па тых ці іншых прычынах засталіся без пастаяннага месца працы.
Менавіта пра гэта і пойдзе размова з начальнікам аддзела занятасці Ігарам Леанідавічам Варатынскім.
– Адна з асноўных задач, якая стааіць перад Вамі як перад кіраўніком аддзела, – разам з прадпрыемствамі і арганізацыямі шукаць рэзервы па стварэнні новых працоўных месцаў. У чым Вы бачыце перспектывы гэтага напрамку дзейнасці?– Перш за ўсё ў атрыманні бюджэтных пазык на беспрацэнтнай аснове пад стварэнне новых працоўных месцаў. Арганізацыі, прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць атрымаць пазыку тэрмінам на адзін год для стварэння часовых запасаў таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і на пяць гадоў пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. На іншыя мэты пазыка прадастаўляецца тэрмінам на тры гады.
– Ад чаго залежыць памер бюджэтнай пазыкі?– Адной з умоў наогул атрымання грашовых сродкаў з’яўляецца наяўнасць закладу, што ў два разы павінны перавышаць тую суму, якую прэтэндэнт жадае атрымаць, а таксама адсутнасць запазыкі па падатках, зборах і іншых абавязковых плацяжах.
Што датычыцца памеру бюджэтнай пазыкі, то ён залежыць ад колькасці новых працоўных месцаў, што будуць стварацца. На сённяшні дзень пад кожнае з іх прадугледжана выдзяленне да 18 мільёнаў рублёў.
– Якія юрыдычныя або фізічныя асобы атрымалі падобныя пазыкі ў мінулым годзе і сёлета?– У наш аддзел у 2010 годзе звярнулася 5 прэтэндэнтаў, двум з якіх было адмоўлена па прычыне наяўнасці запазычанасці. Трое атрымалі грашовыя сродкі. Так, на арганізацыю работ па нарыхтоўцы, паглыбленай перапрацоўцы драўніны, механізаванага атрада па вытворчасці паліўнай шчапы на 300 мільёнаў рублёў атрымала сялянска-фермерская гаспадарка А. М. Барадулькіна (20 новых працоўных месцаў).
На арганізацыю работ па аказанні паслуг у галіне аграэкатурызму бюджэтная пазыка на суму 196 мільёнаў рублёў была выдзелена прыватнаму ўнітарнаму прадпрыемству «Бабровая Хата» (13 новых працоўных месцаў). 134 мільёны рублёў для стварэння 9 новых працоўных месцаў атрымала ААТ «Дабраплёсы». Тут новыя супрацоўнікі будуць займацца вытворчасцю шчапы паліўнай з адыходаў лесаперапрацоўкі.
Селёта да нас ужо звярнуліся 4 прэтэндэнты. Станоўча пакуль вырашана пытанне наконт выдзялення 30 мільёнаў рублёў пад стварэнне 2 новых працоўных месцаў у ПМК-63.
– У беспрацоўных, скажам так, «са стажам» карыстаюцца папулярнасцю некаторыя віды грамадскіх работ. Раскажыце больш падрабязна, на якіх умовах і якім чынам яны арганізуюцца...
–Рашэннем раённага выканаўчага камітэта вызначаны спіс грамадскіх работ, якія аплочваюцца, а таксама іх арганізатары. Зарабіць пэўную суму грошай беспрацоўныя могуць на добраўпарадкаванні населеных пунктаў (уборка вуліц ад снегу і лісця, рамонт дарожнага пакрыцця, уладкаванне бартавога камню і пешаходных дарожак, устаноўка агароджы, абкашванне, азеляненне тэрыторыі і г.д.), на сельскагаспадарчых работах (збор камянёў, нарыхтоўка кармоў, вырубка хмызняку, пераборка бульбы і іншай гародніны, падсобныя работы ў жывёлагадоўлі, будаўніцтва і рамонт сельскагаспадарчых збудаванняў), у лясной гаспадарцы (абсечка сучча, лесапасадка, догляд саджанцаў і лясных культур).
Як бачыце, дадзеныя віды работ не патрабуюць высокай кваліфікацыі і падыходзяць практычна ўсім?Аплочваюць грамадскія работы тыя наймальнікі, у інтарэсах якіх яны арганізуюцца, а таксама мясцовыя выканаўчыя і распараджальныя органы. З грамадзянамі, якія накіроўваюцца на грамадскія работы, абавязкова павінен заключацца тэрміновы працоўны дагавор у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
– Якія прафесіі цяпер найбольш запатрабаваны ў раёне?– Рынак працы перш за ўсё мае патрэбу ў рабочых будаўнічых прафесій, вадзіцелях, трактарыстах, слесарах, электраманцёрах. Толькі за пяць месяцаў гэтага года намі накіравана ва ўстановы адукацыі гарадоў Полацка, Віцебска і ў вучэбна-курсавы камбінат райцэнтра 10 беспрацоўных, якія атрымаюць адну з гэтых прафесій.
Аднак хачу адразу адзначыць, што найбольшы эфект прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі дасягаецца, калі яны праводзяцца па заяўках наймальніка. У гэтым выпадку чалавек стапрацэнтна пасля атрымання новай прафесіі будзе працаўладкаваны.
Калі гаварыць пра мінулы год, то, дзякуючы нашай дапамозе, падобным чынам было працаўладкавана 43 жыхары раёна. Думаю, гэта дастаткова ўнушальная лічба, калі гаварыць, што за кожным з гэтых людзей стаяць сем’і, дзеці.
– У адной з газет я чытала артыкул, аўтар якога расказваў пра рэалізацыю праграмы «Маладзёжная практыка». Ці існуе падобная праграма ў нашым раёне і як яна дзейнічае? – У межах праграмы «Маладзёжная практыка» наймальнік стварае вучнёўскія працоўныя месцы, на якія па накіраванні аддзела занятасці працаўладкоўваюцца беспрацоўныя пасля прафесійная падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі.
Там яны набываюць новыя веды, уменні і працоўныя навыкі. Калі прыходзіць час выплаты заработнай платы, адпаведная даведка ад наймальніка накіроўваецца ў наш аддзел. Пасля чаго на працягу да 6 месяцаў наймальніку кампенсуецца сума ў памеры мінімальнай заработнай платы. Такім чынам летась было працаўладкавана 6 чалавек, сёлета –1.
– Вось-вось ва ўстановах адукацыі пачнуцца выпускныя экзамены і балі. Па розных прычынах не ўсе выпускнікі жадаюць вучыцца далей. Хтосьці плануе адразу пайсці працаваць. Вы можаце дапамагчы ім знайсці першае месца працы?
– Безумоўна. Прыходзьце ў наш аддзел, што размяшчаецца ў адміністрацыйным будынку райвыканкама, або званіце па тэлефонах 4-23-80, 4-10-80, і мы паспрабуем вам дапамагчы. Перш за ўсё накіруем на курсы, дзе вас навучаць асновам той ці іншай прафесіі (аддзел аплочвае праезд, навучанне, пражыванне, выплочвае стыпендыю), а потым працаўладкуем.