За апошнія гады выпуск райспажыўтаварыствам мясных паўфабрыкатаў павялічыўся ў разы, і гэтая дынаміка захоўваецца.
Дарэчы, па інтэнсіўнасці спажывання паўфабрыкатаў можна меркаваць пра ўзровень дабрабыту насельніцтва. Прычына ў тым, што гэтая прадукцыя арыентавана ў асноўным на спажыўцоў з сярэднім і вышэй сярэдняга дастаткам. Калі гадоў 10 таму замарожаныя паўфабрыкаты асацыяваліся з незапатрабаванай прадукцыяй і асартымент іх быў надзвычай вузкі, то цяпер сітуацыя кардынальным чынам змянілася як з боку вытворцаў, так і пакупнікоў.
Выраб натуральных мясных паўфабрыкатаў не патрабуе спецыяльнага абсталявання, як, напрыклад, пры вытворчасці каўбас. А іх папулярнасць расце. І ў першую чаргу таму, што прадукцыя максімальна набліжана да хатняй кухні за кошт вялікага ўтрымання ў ёй мяса, а прыгатаванне такіх прадуктаў займае менш часу, чым звычайна. Айчынны спажывец наеўся імпартных «далікатэсаў», зноў стаў аддаваць перавагу «родным» прадуктам з мяса, тым больш што з’явілася магчымасць выбару і па кошце, і па якасці. Паўфабрыкаты становяцца асабліва актуальными з надыходам вясенне-летняга сезона.
І грамадскае харчаванне райспажыўтаварыства прапануе, адпаведна, паўфабрыкаты для прыгатавання дома, на дачы, на адкрытым паветры. Для турыстаў і дачнікаў – шашлыкі, купаты, мяса для барбекю, для хатняй кухні – розныя віды мясной нарэзкі, фарш у асартыменце, катлеты сечаныя,«Папараць- кветка », шніцаль «Палескі». Вырабляюцца галубцы і пельмені. Ёсць свае прыхільнікі і ў прадукцыі з мяса курыцы: фарш, крыло, набор для булёну. Асноўныя спажыўцы натуральных мясных паўфабрыкатаў набываюць іх амаль кожны дзень, хтосьці як мінімум раз у тыдзень, хтосьці толькі з нагоды свята.
Дарэчы, у райспажыўтаварыства набыты годны вопыт і па продажу шашлыка. Папулярнасць гэтай стравы залежыць і ад сезона, які сёння ў самым разгары. Асартыментную лінію гатовых шашлыкоў-паўфабрыкатаў у разнастайным марынадзе, ад больш пікантнага да вострага, прыгатаваных па ўнікальнай тэхналогіі можна сустрэць у шматлікіх крамах раёна. За апошнія пяць месяцаў была рэалізавана 1 тона шашлыку. Прыблізна 200 кілаграмаў за месяц, або на 20 працэнтаў больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.
Што датычыцца катлет, то за 5 месяцаў было рэалізавана іх 227 кілаграмаў. Гэта прыблізна ўзровень мінулага года. Фаршу таксама прададзена дастатковая колькасць –172 кілаграмы, галубцоў – 579. З вялікай хуткасцю разыходзяцца пельмені: 320 кілаграмаў за месяц, што на 15 працэнтаў больш у параўнанні з мінулым годам.
На жаль, мясныя паўфабрыкаты рэдка становяцца «стратэгічным запасам» у халадзільніку гаспадыні. Аднак дзякуючы навінкам, якія ўвесь час з’яўляюцца на паліцах «Кулінарыі» і крамах раёна, спажывецкая аўдыторыя пашыраецца. Такім чынам, райспажыўтаварыства актыўна змагаецца за сваіх пакупнікоў.