24 лютага на стадыёне гарадскога пасёлка прайшло традыцыйнае раённае свята “Беларуская лыжня-2012”. Больш за 150 чалавек прынялі ў ім удзел. Адметнай рысай сёлетняга мерапрыемства стала тое, што на лыжню выйшлі як кіруючыя работнікі раёна, так і ўсе жадаючыя, у тым ліку і вучні Расонскай школы, педагагі ўстаноў адукацыі з сем”ямі.
Слотнае, вільготнае надвор’е не сапсавала добры настрой спартсменаў і фізкультурнікаў. Хтосьці з іх вырашыў пазмагацца за перамогу, а хтосьці – проста адчуць радасць яднання з прыродай і прабегчы дыстанцыю для свайго задавальнення.
Пасля дзевяці гадзін раніцы ажыў, загаманіў стадыён пасёлка: на машынах, аўтобусах з розных куточкаў раёна пачалі прыязджаць удзельнікі “Беларускай лыжні”. З’явіліся палаткі, першыя пакупнікі завіталі ў гандлёвыя павільёны раённага спажывецкага таварыства. Загучалі з дынамікаў любімыя ўсімі песні, лыжнікі праводзілі апошнія трэніроўкі, знаёміліся з дыстанцыяй, а пасля выходзілі на старт. Тыя, хто прыехаў пабалець за іх, грэліся поліўкай, гарачымі блінамі, гарбатай, смакавалі заліўное і катлеткі.
А ў дзесяць раніцы быў дадзены старт навучэнцам устаноў адукацыі раёна. Удзельнікаў заявілася 32 – вучні 7-10 класаў.
Хаця талы снег не даваў магчымасці на поўную моц прадэманстраваць навыкі бегу на лыжах, аднак дзеці і падлеткі стараліся з усіх сіл.
У выніку першае месца заняла каманда Заборскай школы, Дыплом за 2 месца атрымалі вучні Расонскай школы, а трэцяе месца дасталася спартсменам Клясціцкай установы адукацыі.
Не марнуючы часу, на старт выстраівался дарослыя ўдзельнікі свята спорту і здаровага ладу жыцця. Першымі выйшлі педагагічныя работнікі раёна.
Мацнейшых лыжнікаў чакалі дружныя апладысменты і ўзнагароды. Імі сталі педагогі і члены іх сямей Заборскай школы (1 месца), Сяляўшчынкай установы адукацыі (2 месца) і Янкавіцкай школы (3 месца). Пераможцы ўзнагароджаны Дыпломамі аддзела адукацыі райвыканкама, а прызёры – пераходзячым кубкам ад прафсаюза работнікаў адукацыі.
Неўзабаве выйшла на старт другая група. У ёй — кіруючыя работнікі райвыканкама, іх намеснікі, начальнікі аддзелаў, галоўныя спецыялісты, кіраўнікі бюджэтных структур, прадпрыемстваў і арганізацый раёна.Першым прыйшоў на фінішную прамую дырэктар Расонскай ДЮСШ Дзмітрый Матвееў, другім прыбег намеснік дырэктара УП ЖКГ Аляксей Жаглоў, а трэцяе месца прысуджана начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Віктару Мельнікаву. Сярод жанчын-кіраўнікоў лепшы вынік паказала дырэктару ФСК “Старт” Ірына Мірановіч.
У трэцім лыжным заездзе прынялі ўдзел прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый раёна і ўвогуле ўсе жадаючыя.
Сярод тых, хто ў гэты дзень заваяваў права ўзысці на п’едэстал, – каманда РАНС (1 месца), спартсмены аддзела адукацыі райвыканкама (2 месца), лыжнікі райвыканкама (3 месца).
Яны ўзнагароджаны Граматамі аддзела фізкультуры, спорта і турызма.
Сапраўды, было зусім няважна, якім ты прыйшоў да фінішу, галоўнае, што ты – аптыміст, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Проста здорава, што гэта разумеюць многія, у тым ліку і кіраўнікі працоўных калектываў: яны і самі стараюцца ўдзельнічаць у такіх спаборніцтвах штогод і падтрымліваюць такую ініцыятыву ў сваіх работнікаў . Хочацца, каб такіх было болей, а “Беларуская лыжня” ў Расонах набывала яшчэбольшы размах і папулярнасць.