Дажыць да залатога вяселля выпадае далёка не ўсім. Відаць, Бог не выпадкова ў лік шчасліўцаў залічыў жыхароў райцэнтра Зіновія Макаравіча і Ефрасінню Яфімаўну Ткачовых, якія паслязаўтра, 15 красавіка, адзначылі 50-гадовы юбілей сумеснага жыцця, пражытага бок аб бок, напоўненага як радаснымі падзеямі, так і выпрабаваннямі.Пазнаёміліся яны ў пачатку 60-ых гадоў мінулага стагоддзя. Абодвум тады было крыху больш за дваццаць – самы час для кахання...– Родам я з Азярцоў, – кажа Зіновій Макаравіч. – Рос у вёсцы, а вось у школы хадзіў Сяляўшчынскую і Расонскую. У той час, ведаеце, як было: дарогі не чысціліся, прыходзілася пешшу за столькі кіламетраў ісці.
Але адвучыўся, закончыў Браслаўскае вучылішча механізатараў і некалькі гадоў адпрацаваў трактарыстам. А далей – служба ў арміі аж у Запаляр’і. Калі пасля салдацкіх будняў прывыкаў да грама-дзянскага жыцця, іншы раз бываў у Расонах, дзе жылі сваякі. Тут і пазнаёміўся з Фросяй, якая прыехала ў наш раён па размеркаванні пасля заканчэння Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума.
Бойкая дзяўчына адразу спадабалася Зіновію, які хутка зразумеў, што іх аб’ядноўвае шмат агульнага. Абодва прывучаны да працы з ранняга ўзросту, яшчэ – падобныя погляды, інтарэсы. Праўда, што іх адрознівала, дык гэта адносіны да танцаў. Фрося любіла танцаваць, выпісваючы ў клубе па, а хлопцу падабалася ёй любавацца і проста быць побач.
– Колькі вакол было хлопцаў, а ні на каго, акрамя Зіновія, у мяне вока не гарэла, – успамінае і ўсміхаецца жанчына. – Сярод астатніх ён адрозніваўся добрым характарам.
Ефрасіння і сапраўды з першых дзён зносін убачыла ў сваім выбранніку ўсе вартасці, пра якія марыла. Ёй падабалася ў ім многае, а галоўнае – мэтанакіраванасць, самастойнасць і працавітасць.
– Тады на такіх прыгажунь са-праўдны дэфіцыт быў: прамаргаеш і ўсё – укралі дзяўчыну. А мая Фросечка ух якая спрытная была: тоненькая, яркая, вачэй не адвесці, ды і па характары добрая. Таму я вырашыў з выбарам не зацягваць: палову года мы сустракаліся, а першага красавіка 1962 года я адправіўся ў сваты. Восьмага красавіка распісаліся, а пятнаццатага – пажаніліся. Так і зажылі сямейным жыццём. Праз год пасля вяселля ў сям’і нарадзіўся першынец – дачка Наташа, а яшчэ праз два – дачка Люда.
З першых дзён муж і жонка не дзялілі хатнія клопаты на мужчынскія і жаночыя, заўсёды і ва ўсім стараліся дапамагаць адзін аднаму.
– Цяпер нават цяжка ўявіць, як мы тады жылі, – уздыхаюць муж і жонка. – Бывала, што бедна. Свайго жылля не было, прыйшлося патуляцца па сваяках, здымных кватэрах, пакуль не выдзелілі службовае жыллё, праўда, без усялякіх умоў. Але, нягледзячы на цяжкасці, людзі ў той час іншыя былі – больш добрыя, вясёлыя, працавітыя.
Ды і сам Зіновій Макаравіч увесь час быў у перадавіках. Яго працоўная кніжка распісана падзякамі, граматамі, прэміямі. Нават быў удастоены звання «лепшы вадзіцель вобласці». За рулём аўтобуса мужчына нямала праехаў дарог, але куды больш – на пажарнай машыне: 26 гадоў ён адслужыў у ППЧ. Што і казаць, праца цяжкая і стомная, але дома яго заўсёды чакаў верны сябар – каханая жонка, якая і словам падтрымае, і справай.
Ефрасіння ва ўсім імкнулася адпавядаць мужу. Пачала працу з хімічнай лабараторыі пры райвыканкаме, працягнула – у насеннай інспекцыі. Муж і жонка да выхаду на заслужаны адпачынак жылі справай: агульны працоўны стаж на дваіх у іх складае больш за 80 гадоў! І цяпер, нягледзячы на элегантны ўзрост, Ткачовы не сядзяць дома склаўшы рукі. Даглядаюць невялікую падсобную гаспадарку, у сілу сваіх магчымасцяў дапамагаюць дзецям, унукам, якіх у іх трое.
– Іншы раз пагляджу, як сучасныя маладыя сем’і жывуць – то збягаюцца, то разбягаюцца,– і падумаю, што на ўсім белым свеце няма жанчыны больш шчаслівай, чым я, – распавядае Ефрасіння Яфімаўна. – З мужам мы ўжо разам паўстагоддзя. За гэты час не пакрыўдзіў ён мяне сур’ёзна ні разу. Але і я старалася заўсёды яму апорай быць.
Яшчэ Ткачовы лёгкія на ўздым, імкнуцца ўсюды паспець. Вельмі любяць збіраць грыбы. Каля хаты ў іх ёсць участак, дзе яны рэалізуюць свае таленты па вырошчванні гародніны і садавіны.
Развітваючыся з юбілярамі, я папрасіла мужа і жонку даць парады шчаслівага жыцця ад людзей, якія змаглі пераадолець у жыцці цяжкасці, выгадавалі годных дзяцей і ўнукаў, захавалі далікатнае і трапяткое стаўленне адзін да аднаго.
– Жыць трэба прыгожа, – перакананы Зіновій Макаравіч. – Галоўнае – разумець, дапамагаць, паважаць, дараваць адзін аднаму.
– Любіць і клапаціцца пра сваіх родных і блізкіх, быць памяркоўнымі і не слухаць парад іншых, – дадала Ефрасіння Яфімаўна. – Здаецца, усім знаёмыя ісціны, але менавіта яны робяць людзей шчаслівымі!
Пакідаючы ўтульны дом “маладажонаў”, я пажадала ім даўгалецця, на што Зіновій Макаравіч – непапраўны аптыміст – адказаў так: “У мяне яшчэ як мінімум тры пяцігодкі наперадзе, якія трэба выканаць, і Ефрасіння са мной будзе побач. Куды ж яна без мяне? І хай здароўе ўжо не тое, галоўнае – жыць. Бо, ведаеце, за пяцьдзясят гадоў былі радасці, гаротнасці, складанасці, крыўды, прымірэнні ... Усё мінула, засталася толькі вера ў тое, што жыццё прыжыта недарэмна, што ў дзяцей, унукаў, праўнукаў усё будзе добра, што атрыманае намі перайдзе ў надзейныя рукі. У тым ліку і наша каханне, у якога не можа быць канца.