Нават атрыманая ў дзяцінстве цяжкая траўма не перашкодзіла Аляксандру Валянцінавічу Сівоху (на здымку) зноў стаць на лыжы. Сёння жыхар райцэнтра па сваіх асабістых маршрутах з лёгкасцю пераадольвае дыстанцыю даўжынёй у 10 кіламетраў. Добра, што на зіму сёлета скардзіцца не прыходзіцца. Снег і мароз– сапраўднае шчасце для аматараў лыжні. А карані яго захаплення лыжным спортам знаходзяцца ва Ушчалёпках, адкуль Аляксандр Валянцінавіч родам. Пяцігадовым хлопчыкам ён упершыню ўзяў у рукі лыжныя палкі і пад прыглядам таты стаў асвойваць азы спартыўнай навукі. Саша настолькі захапіўся лыжамі, што з нецярплівасцю чакаў зімы. А калі на вуліцы з’яўляўся снег, разам з сябрамі рабіў трампліны і пакараў іх.
Усё было б добра, калі б не трагічны выпадак, які здарыўся з хлопчыкам у трэцім класе. Адкрыты пералом левага бядра – вердыкт, які вынеслі малому медыкі брыгады «хуткай дапамогі». Патрабавалася неадкладная аперацыя, пасля якой Аляксандр вучыўся хадзіць зноў.
Наступнай зімой, ледзь толькі боль адпусціў, хлопец зноў стаў на лыжы. Трэніраваўся з упартасцю і ў хуткім часе стаў пастаянным удзельнікам школьных лыжных спаборніцтваў. Паступіўшы ў Гарадоцкі тэхнікум, працягваў займацца любімым відам спорту. Прынёс не адну перамогу камандзе студэнтаў на гарадскіх спартакіядах. Нават адбываючы службу ў Польшчы ў радах Савецкай Арміі, Аляксандр станавіўся на лыжню, паказваючы прыклад астатнім саслужыўцам.
«Часта абвінавачваю сябе ў тым, – прызнаецца Аляксандр Валянцінавіч, галоўны энергетык філіяла «Обальскі керамічны завод», – што па прыездзе ў Расоны крыху закінуў сваё зімовае хобі. І непрыемнасці не прымусілі сябе чакаць: у перыяд адной з эпідэмій некалькі год назад я захварэў назапаленне лёгкіх. Хутаўся, прымаў лекі, баяўся пераахалоджвання. Потым – яшчэ адно запаленне, бальнічны ложак. Безумоўна, здароўе пагоршылася значна – з’явіліся задышка, кашаль. Я зразумеў, што так далей працягвацца не можа, і калі пачуў ад медыкаў, што лыжы і бег дапамагаюць падтрымліваць у належным стане такі жыццёва важны орган, як лёгкія, вырашыў: зноў станаўлюся на лыжы. Пачаў з ранішніх прагулак, цяпер пераадольваю маршруты два разы ў дзень – раніцай і вечарам, пасля работы. Заўважыў не толькі я, усе знаёмыя, што ў мяне стаў здаровы колер твару замест звыклай у апошні час бледнасці. Адчуваю, што дыхаю поўнымі грудзьмі, знік кашаль, забыўся пра адышку. Увогуле, лыжы зноў прыносяць мне непараўнальнае ні з чым задавальненне. Хачу параіць усім: чым бавіць час перад тэлеэкранамі, хаця б у выхадныя выходзьце, станавіцеся на лыжы, далучайце да гэтай карыснай і прыемнай справы дзяцей, блізкіх, пакуль дазваляе надвор’е. Не пашкадуеце!».
Вольга Лебедзева