Пад азімую сяўбу збожжавых культур спецыялісты сельгаспрадпрыемства «Сяляўшчына» адвялі 750 гектараў. Па стане на 31 жніўня мясцовымі хлебаробамі засеяна 74 гектары або 9,9 працэнта да запланаваных плошчаў. Гэта трэці паказчык па раёне.
...Сяўбой азімых культур у сельгаспрадпрыемстве на энерганасычаным трактары МТЗ-30.22 з пасяўным агрэгатам АПП-6 пакуль што займаецца толькі механізатар Аляксей Віктаравіч Сініца (на здымку). Спачатку хлебароб сеяў азімы рапс, потым азімую пшаніцу, а цяпер прыйшла чарга азімага жыта гатунку «Завея». Аляксей нядаўна прыйшоў у гаспадарку, дагэтуль паслужыў па кантракце ва Ўзброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Маючы спецыяльнасць трактарыста-машыніста і жаданне працаваць, ён хутка стаў адным з лепшых у «Сяляўшчыне». Працоўны дзень Аляксея Віктаравіча пачынаецца каля сямі гадзін ра-ніцы і заканчваецца ў дзевяць вечара. Увесь гэты час ён стараецца не дапускаць прастояў, і як правіла, перавыконвае нормы выпрацоўкі. Падрыхтоўка глебы да сяўбы ляжыць на плячах Андрэя Іванавіча Муцянкі і Васіля Іванавіча Зінькова, мінеральныя ўгнаенні ўносіць Рыгор Іванавіч Луткоўскі. На наступным тыдні колькасць занятых на сяўбе азімых узрасце, і тэмпы, безумоўна, паскорацца. А лідзіруючую пазіцыю ў раёне ўтрымлівае сельгаспрадпрыемства «Сокал». Мясцовыя механізатары ўжо засеялі 25,7 працэнта плошчаў з 350 запланаваных гектараў. 710 гектараў неабходна засеяць ААТ «Клясціцы». 10 працэнтаў клясціцкія хлебаробы запісалі на свой рахунак. Замыкае раённую зводку сельгаспрадпрыемства «Краснаполле». У гэтай гаспадарцы таксама нямалыя аб’ёмы восеньскай сяўбы– 760 гектараў. Аднак да яе прыступілі толькі некалькі дзён назад.