Некалькі тысяч гасцей завіталі ў мінулыя выхадныя ў “Сталіцу беларускага пісьменства-2012” – горад Глыбокае. У ліку запрошаных – і дэлегацыя з Расон на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Галінай Падвіцельскай.
Горад сустракаў дыпламатаў, навукоўцаў, пісьменнікаў, майстроў народных рамёстваў, творчыя калектывы не толькі з Беларусі, а і з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі і іншых краін. Увогуле, Глыбокае ператварылася ў так званае “Скрыжаванне гістарычных трактаў”, дзе на працягу двух дзён вітаў своеасаблівы дух мінулага.
Памяць славутых землякоў увекавечана ў новым скверыУрачыстасці пачаліся з адкрыцця Сквера славутых ураджэнцаў Глыбоччыны.
Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, Віцебшчына невыпадкова прымае Дзень пісьменства ўжо ў пяты раз, а ў гэтым годзе свята праходзіць менавіта ў Глыбокім, якое ў 2014 годзе адзначыць 600- годзе.Па словах губернатара вобласці, адкрыццё Сквера славутых землякоў-глыбачан – сведчанне таго, што беларусы памятаюць і цэняць сваю гісторыю, уклад вялікіх людзей у развіццё і працвітанне краіны.
Аляксандр Косінец прадставіў прысутным на адкрыцці сквера ўнучку знакамітага на ўсю краіну генеральнага канструктара авіяцыйнай тэхнікі, двойчы Героя Сацыялістычнай працы Паўла Сухога Марыю Васкрасенскую. Яна таксама выказала словы ўдзячнасці ўладзе, глыбачанам за памяць і трапяткія адносіны да свайго мінулага, тых, хто яго праслаўляў.
Да кожнага з васьмі бронзавых бюстаў губернатар вобласці ўсклаў кветкі і нагадаў пра ўклад знакамітасцяў у развіццё раёна, краіны. Дарэчы, стварэнне бюстаў і дзвюх мемарыяльных дошак, якія ўстаноўлены ў Глыбокім да Дня пісьменства, прафінансавала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На тэрыторыі ж краіны такая колькасць манументаў знакамітым беларускім дзеячам адначасова ўстаноўлена ўпершыню.
Творы манументальнага мастацтва ўвекавечылі імёны, вядомыя на ўвесь свет: Іосіф Корсак (мецэнат, на сродкі якога ў Глыбокім пабудаваны касцёл кармелітаў, Троіцкі касцёл і інш.); Язэп Драздовіч (пісьменнік, мастак, фалькларыст, археолаг); Ігнат Буйніцкі (заснавальнік айчыннага тэатра); Алесь Дубровіч (паэт, удзельнік вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі); Пётр Казлоў (Герой Савецкага Саюза, генерал-лейтэнант); Павел Сухой (двойчы Герой Сацыялістычнай працы, генеральны канструктар авіяцыйнай тэхнікі); Вацлаў Ластоўскі (пісьменнік, гісторык, першы дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея); Эліязэр Бен-Іягуда (стваральнік дзяржаўнай мовы іўрыт Рэспублікі Ізраіль).
Мемарыяльныя дошкі ў бронзе створаны пісьменніку Леонцію Ракоўскаму і беларускаму грамадскаму дзеячу 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя архітэктару Клаўдзію Дуж-Душэўскаму.
Аўтары твораў манументальнага мастацтва – вядомыя беларускія скульптары Аляксандр Гвоздзікаў, Леў і Сяргей Гумілеўскія, Іван Казак, Валерый Магучы, Іван Міско, Канстанцін Селіханаў, Азат Тарасян, Валер’ян Янушкевіч.
“Прысвячэнне Году кнігі”Пасля святочнага шэсця па цэнтральнай вуліцы Глыбокага, на галоўнай эстрадзе раённага цэнтра адбылося ўрачыстае адкрыццё Дня пісьменства, у якім прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Косінец, старшыня Глыбокскага райвыканкама Алег Морхат, беларускае духавенства.
Віншаванні гасцям і ўдзельнікам свята накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Яго зачытаў Анатоль Тозік.
Віцэ-прэм’ер, ён жа старшыня нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня пісьменства, адзначыў, што не толькі аргкамітэт, але і мясцовыя жыхары зрабілі многае для таго, каб годна сустрэць гасцей і ў поўнай меры прадэманстраваць багатыя культурныя традыцыі роднага краю. Анатоль Тозік выказаў упэўненасць, што, дзякуючы добрай арганізацыі і рабоце жыхароў горада і раёна, у далейшым Глыбокае атрымае сваё развіццё як значымы турыстычны цэнтр Віцебшчыны і ўсёй краіны.
Іван Бамбіза, у сваю чаргу, адзначыў, што якую б ролю ў сучасным жыцці не адыгрывалі аўдыёвізуальныя сродкі масавай інфармацыі, кніга ў яе класічным варыянце застанецца лепшым і самым надзейным памочнікам і сябрам чалавека. Па словах намесніка дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы, Пастаянны камітэт заўсёды актыўна падтрымлівае праекты, накіраваныя на развіццё агульнай інфармацыйнай прасторы Беларусі і Расіі.
Удзельнікаў Дня беларускага пісьменства таксама віталі епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі Веньямін і Алег Морхат.
Ганаровыя знакі-сімвалы “Залаты Купідон” і дыпломы былі ўручаны пераможцам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2011 года”.
З рук Анатоля Тозіка атрымалі ўзнагароды пісьменнікі, паэты, драматургі, публіцысты, перакладчыкі. Нагадаю, што конкурс праводзіўся па 10 намінацыях.
З прывітальным словам да гасцей звярнуўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чар-гінец. Зыходзячы з таго, што сярод членаў СПБ немалая колькасць замежных пісьменнікаў, ён прапанаваў у наступным годзе ўвесці новую намінацыю – “Лепшы твор замежнага аўтара пра Беларусь”.
Трэба адзначыць, што арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства інфармацыі і культуры, Саюз пісьменнікаў і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі здзяйсняла канцэптуальнае кіраўніцтва і каардынацыю дзейнасці конкурсу. Старшынёй журы быў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі доктар філалагічных навук Іван Саверчэнка.
Алег Праляскоўскі: “Дзень пісьменства пераўтварае беларускія гарады” Менавіта такое меркаванне выказаў журналістам міністр інфармацыі Беларусі. Алег Праляскоўскі нагадаў, што Дзень беларускага пісьменства ад года ў год праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі неадрыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады гэтае свята адзначалася ў Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўлі, Мсціслаўлі, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах. “З года ў год гэтае свята праводзіцца ў невялікіх гарадах, якія, аднак, валодаюць асаблівым каларытам. За гэты час усе яны пераўтварыліся”, – адзначыў міністр інфармацыі.
У гэтым годзе, калі ў краіне на рэспубліканскім узроўні адзначаецца Год кнігі, праграма Дня пісьменства атрымала сімвалічную назву “Прысвячэнне Году кнігі”. “Беларусь застаецца адной з самых чытаючых краін у СНД: у сярэднім на кожнага жыхара выдаецца па 4 кнігі”, – падкрэсліў Алег Праляскоўскі.
У наступным, 2013 годзе, Дзень беларускага пісьменства будзе прымаць Быхаў (Магілёўская вобласць). Таму ў завяршэнні святочнай праграмы Глыбокае перадало эстафету Быхаву.
Расонскі панадворак шчыра сустракаў гасцейГуло, спявала і танчыла Глыбокае на працягу двух святочных дзён. Таму спрыяла і сонечнае цёплае надвор’е, і асаблівая атмасфера. Фестывалі прэсы і кнігі, майстар-класы народных майстроў, тэатралізаваныя прадстаўленні, спектаклі, канцэрты і, безумоўна, святочны салют…
Шматлікія панадворкі расцягнуліся амаль па ўсяму райцэнтру. У якое толькі стагоддзе не магчыма было акунуцца гасцям і глыбачанам! Якую толькі культурную спадчыну не пабачыць і не паласавацца стравамі кухняў народаў свету. Літоўскія, польскія, украінскія, яўрэйскія, эстонскія, і іншыя падвор’і вабілі нацыянальнымі песнямі, пляскамі, пахамі. Для дзіцячай аўдыторыі свята асобна працаваў дзіцячы панадворак з арэлямі, каруселямі, забавамі, гандлем і інш.

Шмат гасцей Глыбоччыны пабывала і на гасцінным Расонскім падвор’і. Яго прадстаўлялі палаткі райпа, выставы-продажы ТЦ САНа, цэнтральнай бібліятэкі, артысты ўзорнай вакальнай студыі “Надзея”, фальклорнага народнага калектыву “Крыніца”, клясціцкія салісты-вакалісты.
Трэба адзначыць, што высокую ацэнку старшыні праўлення Белспажыўкааперацыі Сяргея Сідзько атрымала Расонскае падвор’е.
Гэта тычылася і мастацкага афармлення, і разнастайнасці асартыменту, і гасціннасці расонцаў. Асобныя словы падзякі заслужыла расонскае райпа. Цудоўны святочны карвай, кандытарскія вырабы, арыгінальныя блінныя “торбачкі” з начынкай і, безумоўна, шашлыкі карысталіся вялікай папулярнасцю.

Увагу заслугоўвала “старажытная кніга” з цеста, з густам аформленныя багатыя паліцы гандлёвых вітрын. І хаця наш панадворак размясціўся не ў самым цэнтры Глыбокага, як гэта пашанцавала віцебскім, полацкім, аршанскім і іншым запрошаным, столікі і палаткі ніколі не пуставалі, а многія з замілаваннем слухалі расонскіх артыстаў, нават, танчылі разам з імі.

Работы, выкананыя рукамі наведвальнікаў ТЦ САН разыходзіліся на “ура”. Без прыкрас і без перабольшвання можна сказаць, што падобнага не было на ніводным падвор’і. Менавіта таму і фатаграфаваліся госці Глыбокага з нашымі майстрамі і іх сапраўднымі шэдэўрамі.
Што гаварыць, усё ў расонцаў атрымалася на ўзроўні. Гэта адзначыла і намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Галіна Падвіцельская.
У рамках святкавання Дня пісьменства ў Глыбокім, з удзелам Аляксандра Косінца адбылося ўрачыстае адкрыццё новага Гандлёвага цэнтра . Па традыцыі, у рэканструяваных памяшканнях на першым паверсе размясціўся “Універсам”, на другім – “Прамысловыя тавары”.
Фота аўтара.