Напярэдадні Новага года вышэйшыя навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю нашай краіны праводзяць уступную кампанію па паступленні на завочныя аддзяленні. Вырашылі скарыстацца гэтай магчымасцю і ўзняць свае прафесійныя веды на новы якасны ўзровень шэсць спецыялістаў аграпрамысловага комплексу раёна.
Так, у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію на спецыяльнасць “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” падалі дакументы галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства “Дворышча-Рас” Вадзім Калпакоў і інжынер-механік сельгаспрадпрыемства “Краснаполле” Андрэй Лісаў. У гэтай жа ўстанове марыць атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” сакратар прыёмнай упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дар’я Кульдзеева.
Завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” і “Энергетычнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” будуць штурмаваць адпаведна інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі сельгаспрадпрыемства “Краснаполле” Руслан Глова і тэхнік-электрык ААТ “Расонскі аграсэрвіс” Антон Вэштар.
Сяргей Арлоў (на здымку), які кіруе аддзяленнем сельгаспрадпрыемства “Дворышча-Рас”, вырашыў працягваць сваю адукацыю па спецыяльнасці “Агранамія” ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Пакуль што за плячыма маладога чалавека сярэдняя спецыяльная адукацыя, якую ён атрымаў у Лужаснянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Тады на выбар хлопца паўплываў бацька– механізатар са стажам, ды і наогул шмат сяброў Сяргея з роднай вёскі Ломашы Глыбоцкага раёна авалодвалі прафесіяй менавіта ў Лужасне.
Вось і хлопец у 2001 годзе падаў дакументы на спецыяльнасць “Агранамія” Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Каб стаць навучэнцам, яму нават не спатрэбілася здаваць уступныя іспыты, бо Сяргей меў высокі бал атэстата аб базавай адукацыі – 4,5 бала тады яшчэ па пяцібальнай сістэме – і накіраванне ад роднай гаспадаркі. Вучоба ў тэхнікуме для хлопца таксама была хутчэй у радасць, чым выклікала якія-небудзь складанасці. Пасля заканчэння ўстановы ў 2005 годзе Сяргей вярнуўся ў ААТ “Ломашагра”. Спачатку год працаваў у раслінаводстве памочнікам брыгадзіра і два гады начальнікам участка. Менавіта на гэтай пасадзе ён у большай ступені набыў прафесійны вопыт, на практыцы прымяніў атрыманыя веды, навучыўся працаваць з людзьмі.
Аднак прыйшоў час, калі хлопец вырашыў пачаць самастойнае жыццё, асобна ад бацькоў. Таму ён звольніўся з гаспадарцы і паехаў шукаць шчасце ў бліжэйшыя мясціны. У Полацкім і Верхнядзвінскім раёнах Сяргей не змог працаўладкавацца, бо не было свабодных пасад у раслінаводстве. Так ён трапіў на Расоншчыну, дзе ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання яму на выбар прапанавалі пасады ў сельгаспрадпрыемствах “Сяляўшчына”, “Дворышча-Рас” і ААТ “Клясціцы”. Хлопец абраў “Дворышча-Рас” толькі па той прычыне, што там магчыма было атрымаць жыллё.
І вось ужо чатыры гады Сяргей Мікалаевіч працуе тут начальнікам участка. У вёсцы ён хутка абжыўся і нават пачаў урастаць каранямі: з мясцовай дзяўчынай стварыў сям’ю, цяпер выхоўвае сына Улада.
На пытанне “Дзе было лягчэй працаваць: у ААТ “Ломашагра” ці КУП “Дворышча-Рас”?” начальнік участка адказаў: “ Мае службовыя абавязкі не змяніліся. І там, і тут я адказваю за вытворча-гаспадарчую дзейнасць участка, забяспечваю выкананне вытворчых заданняў, каардыную работу механізатараў, кантралюю захаванне работнікамі правілаў і нормаў аховы працы і тэхнікі бяспекі, вытворчай і працоўнай дысцыпліны, правілаў унутранага працоўнага распарадку. Розніца ў тым, што тэрыторыя аднаго ўчастка ў “Ломашагра” была такая ж, як усёй гаспадаркі “Дворышча-Рас”. А па-другое, у “Ломашагра” мы вырошчвалі бульбу, буракі і іншую гародніну, чым я цяпер не займаюся”.
Што датычыцца атрымання вышэйшай адукацыі, то Сяргей Мікалаевіч прызнаўся: падаць дакументы ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію прапанавалі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, а жонка, да слова, настаўніца нямецкай мовы ў Дварышчанскай школе, гэтую ідэю падтрымала.
– Я разумею, что вучыцца далей трэба, – разважае Сяргей Мікалаевіч. – Праўда, цяжка брацца за падручнікі пасля сямігадовага перапынку. Але, калі ўзяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Вось набыў «метадычкі» для абітурыентаў –завочнікаў Акадэміі і вечарамі рыхтуюся да ўступных іспытаў, якія ўжо пачынаюцца 14 снежня.
Калі добра здам беларускую мову, раслінаводства і земляробства, паспрабую трапіць на безперапынкавую інтэграваную сістэму прафесійнай адукацыі са скарочаным тэрмінам навучання па спецыяльнасці “Агранамія”. Праўда, конкурс там вялікі. Мне прыйдзецца пазмагацца за месца з хлопцамі і дзяўчатамі, якія толькі што закончылі сельскагаспадарчыя каледжы і маюць больш грунтоўную тэарэтычную базу. Не атрымаецца– пайду на поўную форму навучання.
Застаецца пажадаць Сяргею Арлову і яшчэ пяці спецыялістам АПК раёна, якія ў гэтыя дні рыхтуюцца да ўступных іспытаў, ні пуху, ні пер’я. Хай для іх лепшым навагоднім падарункам стане залічэнне ў ВНУ і гордае званне «студэнт-завочнік»!