Спецпроект

ТЕМА НОМЕРА

БЕЛАРУСКІ ПЕРШАДРУКАР І ФІЛОСАФ УВАЙШОЎ У СУСВЕТНУЮ ГІСТОРЫЮ

18 марта 2013 | 68597 | Татьяна Лопатина | 997520 | 175 | 1 | 15 | 421 | 88 | 556
Пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую яны пакінулі сваім нашчадкам. І наш славуты зямляк Францішак Скарына – у гэтым сэнсе найярчэйшы прыклад. Ён з’яўляецца сімвалам усёй беларускай культуры эпохі Рэнесансу. Гэты час нездарма называюць Адраджэннем, бо менавіта тады адраджаліся цэлыя народы і нацыянальныя культуры, рабіліся вялікія геаграфічныя і творчыя адкрыцці. У эпоху Адраджэння Калумб адкрыў Амерыку, а Магелан здзейсніў першае кругасветнае падарожжа. Сучаснікамі Скарыны былі такія знакамітыя вучоныя, мастакі, пісьменнікі, сапраўдныя волаты духу, як Капернік, Галілей, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Петрарка, Шэкспір, Дантэ, Сервантэс.



І прыемна ўсведамляць, што гэты вялікі чалавек мае сваё дачыненне да гісторыі Расоншчыны. Справа ў тым, што род Скарыны валодаў некалькімі маёнткамі на Полацкай зямлі і адзін з іх знаходзіўся на поўначы Полаччыны, паблізу возера Нешчарда – маёнтак Тройдзівічы (сучасная назва Тродавічы). А гэта значыць, што Скарына бываў у нашых мясцінах, натхняўся прыгажосцю расонскай зямлі, прысвячаў і яе людзям свае добрыя справы.
…Беларускія землі ўваходзілі тады ў склад Вялікага княства Літоўскага, дзе беларуская мова выконвала ролю дзяржаўнай. Эпоха Адраджэння нарадзіла і Францыска Скарыну – чалавека невычэрпнай энергіі і ініцыятывы, першадрукара і гуманіста, паэта, медыка, батаніка, астранома. Скарына – першы, хто адкрыў ва Усходняй Еўропе кнігадрукаванне і зрабіў кнігу даступнай вялікаму колу людзей.
Пройдземся па яскравых старонках яго біяграфіі і слаўнага жыццёвага шляху, які неразрыўна звязаны з гісторыяй нашай краіны, каб памятаць, каб ганарыцца…


У ДОМЕ СКАРЫНАЎ
ЖЫЛО АДЧУВАНЕ
ШЫРЫНІ СВЕТУ


Францыск Скарына нарадзіўся ў сям’і полацкага купца Лукаша Скарыны, які вёў гандаль у многіх гарадах Вялікага княства Літоўскага і іншых краін. Гандляваў ён каштоўным для таго часу таварам – скурай, матэрыялам, які ішоў на адзенне, абутак, збрую. У купецкім доме панавала адчуванне шырыні свету, разуменне неабходнасці сувязі чалавека з чалавекам, асобы з грамадствам, з народам, з прыродай.

Дзейнасць купцоў у тыя часы патрабавала не толькі прадпрымальнасці і адвагі, але і добрых ведаў. Купцу трэба было многае ўлічваць, прадбачыць. Каб весці гандаль у замежных краінах, неабходна было ведаць мовы, звычаі і законы чужых дзяржаў. Аповеды пра небяспеку далёкіх дарог, экзотыку земляў, звычаяў у розных гарадах склалі агульную атмасферу дзяцінства Францыска Скарыны.

…Дата яго нараджэння дакладна невядомая: або 1486, або 1490 год. Сталенне Скарыны супала з адстойваннем палачанамі ў 1498 г. Магдэбургскага права, якое было па сутнасці адраджэннем у новых формах даўняй старарускай векавой традыцыі, калі народ у згодзе вырашаў грамадскія справы. Сапраўды, дэмакратычныя традыцыі здаўна існавалі на нашай зямлі. Акрамя таго, Полацк быў ядром, вакол якога ў часы Скарыны гуртавалася беларуская народнасць, умацоўвалася нацыянальная свядомасць, квітнелі грамадзянскія пачуцці, і, перш за ўсё, патрыятызм.

Мяркуюць, што першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў, дзе навучыўся чытаць і пісаць. Атмасфера купецкага дома абудзіла ў яго ахвоту да пазнання свету, розных навук, таямніц прыроды.

ВАНДРОЎКІ
ВУЧОНАГА МУЖА


Каб заняцца навукай, Скарыне неабходна было засвоіць латынь – тагачасную мову адукаваных людзей. Відаць, ён вучыўся ў Вільні або ў школе пры бернардзінскім манастыры ў Полацку. У 1504 годзе Скарына ў ліку васьмі юнакоў з полацкага біскупства адпраўляецца ў Кракаў і паступае там ва ўніверсітэт, дзе вывучае так званыя свабодныя навукі. Праз два гады ён атрымаў першую вучоную ступень бакалаўра, якая давала права насіць пярсцёнак-пячатку і выкладаць рыторыку ў звычайных школах.

3 гэтага часу звесткі пра Скарыну адсутнічаюць на працягу шасці гадоў. Ён, відаць, вучыўся ў нейкім заходнім універсітэце, бо ў Падуі ён ужо магістр – значыць, навуковую ступень недзе атрымаў. У 1512 г. Скарына ў Падуі бліскуча здае экстэрнам экзамен на званне доктара медыцыны. На той час Італія, у тым ліку буйны ўніверсітэцкі горад Падуя, – цэнтр гуманізму і культуры Адраджэння.

Пасля вучонага трыумфу ў Італіі звесткі пра Скарыну зноў губляюцца. Далейшыя факты паказваюць, што ён пакінуў медыцыну і звярнуўся да грамадскіх праблем і гуманітарных навук, магчыма, ён вучыўся друкарскай справе на тэрыторыі цяперашняй паўднёвай Румыніі, дзе тады існавала славянская друкарня.

Віленскія купцы далі Скарыне грошы, і ён стварае ў Празе першае ў гісторыі Беларусі выдавецтва, дзе выдае на працягу 1517-1519 гадоў 23 ілюстраваныя кнігі Старога Запавету на старабеларускай мове. За 480 гадоў, што мінулі з часоў выдання першай Скарынавай Бібліі, яго кнігі разляцеліся па свеце. Самыя знакамітыя бібліятэкі лічаць за гонар мець скарынаўскія выданні: сёння захавалася 388 кніг – шэдэўраў друкарства.

Паўстае пытанне: чаму Скарына выдаваў свае кнігі ў Празе – сталіцы Чэхіі? Магчыма, яго прываблівалі чэшскія друкарні, якія славіліся на ўсю Еўропу, магчыма, мелі значэнне трывалыя сувязі паміж ВКЛ і Чэхіяй. Можа быць, яго прыцягвала сюды ўвогуле надзвычай высокая культура чэхаў, становішча якіх у дачыненні да Германскай імперыі было падобным на тое, якое склалася адпаведна ў Літвы-Беларусі да Польшчы. Дзейнасць у Празе з’яўляецца самым плённым перыядам у біяграфіі Скарыны.

АСАБІСТАЕ
ЖЫЦЦЁ СКАРЫНЫ
НЕ БЫЛО ПРОСТЫМ…


З 1519 года звесткі пра Скарыну зноў адсутнічаюць аж да з’яўлення яго выданняў у Вільні. Тут ён ажаніўся і нават палепшыў сваё матэрыяльнае становішча.
Вельмі цяжкім стаў для Скарыны 1529 год: памёр яго брат Іван, затым жонка Маргарыта, пакінуўшы на руках Скарыны малога сына Сымона. Родзічы пачалі адсуджваць у Скарыны маёмасць, патрабавалі ад яго грошы і крэдыторы брата.
Такім чынам, на шляху вялікага асветніка хапала жыццёвых нягод. 3 1535 года ён працуе ў батанічным садзе чэшскага караля Фердынанда. Сам жа Скарына, хутчэй за ўсё, і заснаваў той сад, працягнуўшы гэтым вялікую традыцыю сярэднявечнай культуры – апрацоўваць і даглядаць сады. Пражскія гады жыцця Скарыны прайшлі даволі спакойна. У Празе ён займеў і пэўную маёмасць, якая перайшла потым да яго сына. Звесткі пра Скарыну адсутнічаюць з 1541 г. Дата смерці яго невядома.

СКАРЫНА –
ЯСКРАВЫ ПРАДСТАЎНІК
ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ


Жыццёвы шлях Скарыны ў многім паказальны для людзей Адраджэння. Любоў да ведаў, шырыня адукацыі спалучаліся ў яго з высокай грамадзянскасцю, дзелавітасцю і смеласцю. Скарына быў і арыгінальным філосафам, і здольным пісьменнікам. Багацце асобы Скарыны ставіць яго ўпоравень з выдатнейшымі людзьмі эпохі Рэнесансу.

Асветніцкая дзейнасць Ф. Скарыны, выданне кніг на роднай мове дзеля навучання «люду паспалітага» былі прызваны выхаваць нацыянальную інтэлігенцыю, якая па ведах і інтэлекце стала б на адзін узровень з заходнееўрапейскімі дзеячамі навукі і мастацтва. Скарына першым з еўрапейскіх друкароў сфарміраваў новую, рэнесансную грамадскую свядомасць. Аналіз яго прадмоў і пасляслоўяў характарызуе яго як чалавека смелага, прадпрымальнага, неспакойнага. Усюды Скарына выступае як моцны аўтарытэт, які шмат ведае, таму і робіць. Ён навучаў усяму, што лічыў патрэбным, абапіраючыся на навуку. Гэта своеасабліва выказанае «я» можна адчуць паўсюдна. Ён з гонарам гаварыў пра сваё паходжанне – «з слаўнага града Полацка», з гонарам называў сябе «доктарам Францыскам Скарынай» і змяшчаў у падрыхтаваных кнігах свой партрэт, хаця ўсе ранейшыя выданні былі ўвогуле ананімныя. Усё гэта было ў духу рэнесанснага гуманізму з яго культам асобы.

Усяго ў пражскіх выданнях Скарыны змешчана 25 прадмоў, а ў адным толькі віленскім Апостале – 22. Амаль столькі ж і пасляслоўяў. Вельмі сціслыя і дзелавыя, яны не могуць прэтэндаваць на ролю асобных літаратурных твораў: звычайна яны знаёмяць чытачоў з выхаднымі дадзенымі кнігі. А вось прадмовы Скарыны – арыгінальныя творы беларускай публіцыстыкі. Гэта звернутыя да простага, малаадукаванага чытача шчырыя, пранікнёныя словы мудрага настаўніка, у якіх ён цярпліва, старанна і зацікаўлена тлумачыць змест, вобразы, ідэю таго ці іншага біблейскага твора, міфа, імкнучыся максімальна палегчыць засваенне даволі нялёгкага матэрыялу.

Характэрная асаблівасць скарынаўскіх прадмоў – прастата, даход- лівасць, лаканізм, насычанасць інфармацыяй, звесткамі па гісторыі, геаграфіі, культуры, філасофіі. Пры гэтым аўтар будуе прадмовы не трафарэтна, а разнастайна, з улікам правільнай кампазіцыі.

Усе прадмовы напісаны багатай мовай: у іх сустракаецца мноства народных выразаў, біблейскіх афарызмаў, выказванняў першадрукара, якія таксама потым сталі крылатымі.
Асобныя прадмовы вельмі цікавыя сваімі вершаванымі ўстаўкамі, якія можна лічыць першымі вопытамі кніжнага вершаскладання на ўсходнеславянскіх землях.

Выданні Скарыны з боку тэхнічнай дасканаласці, з боку мастацкасці апрацоўкі выкананы на ўзроўні лепшых еўрапейскіх выданняў XVІ ст. Высокі паліграфічны ўзровень кніг доўгі час не маглі пераўзысці галандскія і германскія друкары. Першадрукар выкарыстоўваў гравіраваны тытульны ліст, увёў прамежкі паміж словамі, абзацы. Па гэтай прычыне кнігі шырока распаўсюджваліся ў Еўропе і мелі вялізны ўплыў на чытачоў у многіх краінах свету. «Напісанае застаецца», – гаварылі старажытныя рымляне.

Францыск Скарына пакінуў нашчадкам кнігі, у якіх засталіся самыя патаемныя, выпакутаваныя яго думкі. Гэтыя кнігі вялікага беларуса ўспрымаюцца сёння як самая дарагая нацыянальная святыня, як сімвал усёй тысячагадовай беларускай культуры. Як запавет нашчадкам даносяцца да нас з XVІ стагоддзя пранікнёныя і мудрыя словы Ф. Скарыны: «Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы».

Искать похожите статьи:

НОВОСТИ БЕЛТА
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ

лучшая газета

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ
АРХИВ ГАЗЕТЫ
0000-00 | 2007-декабрь | 2010-февраль | 2010-март | 2010-апрель | 2010-май | 2010-июнь | 2010-июль | 2010-август | 2010-сентябрь | 2010-октябрь | 2010-ноябрь | 2010-декабрь | 2011-январь | 2011-февраль | 2011-март | 2011-апрель | 2011-май | 2011-июнь | 2011-июль | 2011-сентябрь | 2011-октябрь | 2011-ноябрь | 2011-декабрь | 2012-январь | 2012-февраль | 2012-март | 2012-апрель | 2012-май | 2012-июнь | 2012-июль | 2012-август | 2012-сентябрь | 2012-октябрь | 2012-ноябрь | 2012-декабрь | 2013-январь | 2013-февраль | 2013-март | 2013-апрель | 2013-май | 2013-июнь | 2013-июль | 2013-август | 2013-сентябрь | 2013-октябрь | 2013-ноябрь | 2013-декабрь | 2014-январь | 2014-февраль | 2014-март | 2014-апрель | 2014-май | 2014-июнь | 2014-июль | 2014-август | 2014-сентябрь | 2014-октябрь | 2014-ноябрь | 2014-декабрь | 2015-январь | 2015-февраль | 2015-март | 2015-апрель | 2015-май | 2015-июнь | 2015-июль | 2015-август | 2015-сентябрь | 2015-октябрь | 2015-ноябрь | 2015-декабрь | 2016-январь | 2016-февраль | 2016-март | 2016-апрель | 2016-май | 2016-июнь | 2016-июль | 2016-август | 2016-сентябрь | 2016-октябрь | 2016-ноябрь | 2016-декабрь | 2017-февраль | 2017-март | 2017-апрель | 2017-май | 2017-июнь | 2017-июль | 2017-август | 2017-сентябрь | 2017-октябрь | 2017-ноябрь | 2017-декабрь | 2018-январь | 2018-февраль | 2018-март | 2018-апрель | 2018-май | 2018-июнь | 2018-июль | 2018-август | 2018-сентябрь | 2018-октябрь | 2018-ноябрь | 2018-декабрь | 2019-январь | 2019-февраль | 2019-март | 2019-апрель | 2019-май | 2019-июнь | 2019-июль | 2019-август | 2019-сентябрь | 2019-октябрь | 2019-ноябрь | 2019-декабрь | 2020-январь | 2020-февраль | 2020-март | 2020-апрель | 2020-май | 2020-июнь | 2020-июль | 2020-август | 2020-сентябрь | 2020-октябрь | 2020-ноябрь | 2020-декабрь | 2021-январь | 2021-февраль | 2021-март | 2021-апрель | 2021-май | 2021-июнь | 2021-июль | 2021-август | 2021-сентябрь | 2021-октябрь | 2021-ноябрь | 2021-декабрь | 2022-январь | 2022-февраль | 2022-март | 2022-апрель | 2022-май | 2022-июнь | 2022-июль | 2022-август | 2022-сентябрь | 2022-октябрь | 2022-ноябрь | 2022-декабрь | 2023-январь | 2023-февраль | 2023-март | 2023-апрель | 2023-май | 2023-июнь | 2023-июль | 2023-август | 2023-сентябрь | 2023-октябрь | 2023-ноябрь | 2023-декабрь | 2024-январь | 2024-февраль | 2024-март | 2024-апрель | 2024-май | 2024-июнь | 2024-июль | 2024-август | 2024-сентябрь | 2024-октябрь | 2024-ноябрь | 2024-декабрь | 2025-январь | 2025-февраль | 2025-март | 2025-апрель | 2025-май | 2025-июнь | 2025-июль | 2025-август | 2025-сентябрь | 2025-октябрь | 2025-ноябрь | 2025-декабрь | 2026-январь | 2026-февраль | 2026-март |

0000 | 2007 | 2010 | 2011 | 2012 | 2013 | 2014 | 2015 | 2016 | 2017 | 2018 | 2019 | 2020 | 2021 | 2022 | 2023 | 2024 | 2025 | 2026 |

ГОРОСКОПЫ ПО ЗНАКУ ЗОДИАКА



ССЫЛКИ НА РЕСУРСЫ
Россонский районный исполнительный комитет
Витебское областное управление МЧС РБ
Официальный сайт Россонской средней школы имени П.М. Машерова
Туризм и отдых в Россонском районе
Детский правовой сайт
ГЛХУ Россонский лесхоз
ВИДЕО О РОССОНАХ
ФОТОРЕПОРТАЖИ