Урачыстым шэсцем 12 чэрвеня адкрылася святочная праграма, прысвечаная выпускнікам школ раёна. 105 былых дзевяцікласнікаў і 78 адзінаццацікласнікаў праводзілі ў мінулую сераду ў дарослае жыццё ўсхваляваныя бацькі, настаўнікі, адміністрацыя школы. Спрыяла выпускным балям і надвор’е – сонечнае, але без залішняй спёкі. 
51 былы вучань адзінаццатых класаў Расонскай школы і 53 – дзявятых, прыгожыя і шчаслівыя, распачалі шэсце ад школьнага ганка. Святочная калона на чале з адміністрацыяй школы пракрочыла да мемарыяльнага сквера, дзе кожны з удзельнікаў мерапрыемства ўсклаў кветкі да Вечнага агню.

Не ўтойвалі сваёй зацікаўленасці і шматлікія гледачы на цэнтральнай вуліцы гарадскога пасёлка – яны, як і бацькі тых хлопцаў і дзяўчат, якія пакідалі школьныя сцены, з заміраннем сэрца сачылі за прыкметна пасталелымі былымі школьнікамі. Гукі музыкі ляцелі па гарадскому пасёлку, напаўняючы сэрцы яго жыхароў радасцю і ўпэўненасцю, што ў гэтых маладых людзей усё атрымаецца.
Сапраўдны сюрпрыз падрыхтавалі для выпускнікоў работнікі аддзела культуры райвыканкама, раённага Дома культуры. Кожнаму юнаку і дзяўчыне пры ўваходзе ў РДК прыйшлося прайсці калідор надзей з ручнікоў – на шчасце. А потым іх чакала імправізаваная скрыня са слязамі нягод і радасці, пралітымі імі падчас вучобы ў школе і сапраўдны “граніт навукі”. Усё гэта яны перадалі першаклашкам – каб вучоба мёдам не здавалася і своечасова прыйшло паразуменне простай існасці: каб чагосьці дасягнуць у жыцці, трэба прыкласці намаганні і мужна пераадолець цяжкасці.

З хваляваннем у голасе, быццам звяртаючыся да родных дзяцей, дырэктар школы Алена Марозава пажадала выпускнікам самага галоўнага: знайсці сваё месца ў жыцці, ніколі не забываць сваю школу, педагогаў, родных людзей, ганарыцца тым, што яны – грамадзяне Рэспублікі Беларусь. І, безумоўна, урачыстае ўручэнне атэстатаў.
Для выпускніцы 9 “Б” класа Маргарыты Цыбульскай і яе бацькоў цырымонія была асаблівай яшчэ і па той прычыне, што дзяўчына атрымала пасведчанне з адзнакай – адзіная з выпуску.

Натхнёныя словы вядучых – намесніка дырэктара Расонскай школы па выхаваўчай рабоце Алены Таратуткі і дзесяцікласніка Аляксандра Савіцкага – распачалі канцэртную праграму, падрыхтаваную самімі вупускнікамі, артыстамі Дома культуры.
Песні пра школу, словы ад бацькоў, у адказ – ад выпускнікоў, выступленне першай настаўніцы – усё гэта злілося ў гарманічным шоу.

А першы і, напэўна, апошні світанак у асяроддзі школьных сяброў – сімвал пачатку новага этапу ў жыцці…