
Гэтай вясной Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь папоўнілі 17 прызыўнікоў. Хлопцы адправіліся служыць ў пагранічныя і мабільныя войскі. 8 чэрвеня ў Фарынаве ў органах памежнай службы прайшла цырымонія прыняцця Ваеннай прысягі новым папаўненнем пагранічнікаў. Урачысты рытуал у гэты дзень адбыўся для больш чым 100 учарашніх прызыўнікоў. Мікалай Клачкоў, Алег Колчын, Павел Макараў, Валерый Цярэнцьеў, Дзмітрый Швед. Цяпер расонскія хлапчукі сёе-тое разумеюць у ваеннай навуцы і з поўным правам могуць назваць сябе салдатамі. Па традыцыі павіншаваць навабранцаў з такой важнай у іх жыцці падзеяй прыехалі прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта, кіраўнікі мясцовых органаў улады, родныя і блізкія маладых салдат.
У вартавых мяжы рытуал прыняцця прысягі праходзіць па-асабліваму. Спачатку перад строем салдаты ў форме пагранічнікаў перыяду грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, а таксама ў форме савецкіх пагранвойскаў чытаюць вытрымкі з тэкстаў прысягі тых часоў. А ўжо пасля гэтага словы клятвы на вернасць Радзіме прамаўляюць цяперашнія абаронцы рубяжоў Айчыны.

Пасля прыняцця Ваеннай прысягі новае папаўненне на працягу паўтара - трох месяцаў будзе праходзіць навучанне па розных про- філях і пасля атрымання ваеннай загартоўкі адправіцца непасрэдна да месца службы на мяжу. За час, праведзены ў «вучэбцы», курсантам трэба навучыцца кіраваць складанай тэхнікай, спасцігнуць многія прамудрасці памежнай навукі, сфармаваць у сабе прафесійныя якасці, неабходныя пагранічніку.

Навабранцам трэба будзе асвойваць воінскія спецыяльнасці год ці паўтара. У многіх у гэты дзень была першая за месяц сустрэча з роднымі і блізкімі. Хвалюючы момант. Дзень аказаўся асаблівым і тым, што навабранцы адправіліся ў сваё першае звальненне. А ўжо з панядзелка ў іх жыцці зноў наступілі вайсковыя будні. З заняткамі, стрэльбамі і палявымі выхадамі.