Для жыхара райцэнтра і аматара рыбнай лоўлі Аляксандра Заўгародняга (на здымку) амаль кожная паездка на возера з вудай бывае ўдалай. Але ж на гэты раз яму пашанцавала асабліва: улоў атрымаўся на зайздрасць іншым рыбакам – сазан вагой амаль 7 кілаграмаў! Такога прадстаўніка сямейства карпавых Аляксандру выцягнуць давялося ўпершыню. Дагэтуль самы вялікі злоўлены рыбаком шчупак важыў 4,5 кілаграма. «Сазаны любяць рэчку ў вёсцы Парэчча, – дзеліцца сакрэтамі Аляксандр Заўгародні. – Туды збіраючыся, рыбаку важна мець у арсенале трывалую леску, пажадана 0,35 мм, кручок «дзесятку», а таксама раю запасціся цярплівасцю, папярэдне прыкарміўшы месца камбікормам, кукурузай. У якасці жыўца я звычайна выкарыстоўваю чарвяка. Пайшлі па вадзе пузыры –значыць, сазан ужо на месцы, чакай паклёўкі. Калі мне трапіўся на кручок сямікілаграмовы сазан, «вадзіў» яго хвілін пяць, потым стаў падцягваць да берага. Нечакана ў трысці сазан сарваўся, але ж я паспеў яго схапіць за жабры рукамі. Не стрымліваў эмоцый, убачыўшы яго памеры і адчуўшы вагу! Хутчэй адправіўся дамоў, каб пахваліцца здабычай жонцы і сыну. Спадзяюся, што гэта не апошняя ўдалая рыбалка!».