Канешне, лепш, каб мы заўсёды былі здаровымі і ніколі не хварэлі, але бывае, што трэба паправіць здароўе і прайсці курс лячэння ў бальніцы. Большасць негатыўна ставіцца да падобнай перспектывы: навокал хворыя людзі, увесь час трэба падладжвацца пад суседзяў па палаце і быць заўсёды сярод людзей, у той час, калі асабліва хочыцца пабыць аднаму. Цяпер і ў Расонскай ЦРБ з’явілася магчымасць лячыцца камфортна. З лютага 2010 года ва ўстанове аховы здароўя сталі працаваць дзве платныя палаты павышанага камфорту: адна ў тэрапеўтычнам аддзяленні, другая – у хірургічным.
Каб пабачыць платны пакой на свае вочы, я адправілася ў бальніцу і была прыемна здзіўлена. Напрыклад, у тэрапеўтычным аддзяленні гэта дастаткова ўтульная палата, дзе ёсць усё неабходнае. Акрамя ложку тут прадугледжаны з мэблі – шафа, тумбачка, крэсла, табурэт, з тэхнікі – тэлевізар, халадзільнік, электрычны чайнік. Ёсць і набор посуду для пітва, рукамыйніца і люстэрка.
Кошт аднаго дня знаходжання ў платнай палаце тэрапеўтычнага аддзялення складае 2 тысячы 590 рублеў улетку і 5 тысяч рублёў узімку, для хірургіі – 2 тысячы 590 рублеў і 5 тысяч 280 рублёў адпаведна. За перыяд з лютага па чэрвень платнай палатай скарысталіся ў тэрапіі 11 хворых, а ў хірургіі – 5.
Як расказала старшая мядсястра тэрапеўтычнага аддзялення Святлана Гаўрылава, на платную палату заўсёды чарга. Адзін хворы знаходзіцца ў сярэднім ад 10 да 14 дзён. У хірургіі тэрмін знаходжання з улікам асаблівасцяў лячэння звычайна больш працяглы, таму і колькасць хворых меншая. За пяць месяцаў ад функцыявання платных палат на рахунак установы паступіла 647 тысяч рублёў. На касметычны ж рамонт пакояў, набыццё мэблі і тэхнікі цэнтральная раённая бальніца выдаткавала ўсяго каля 1 мільёна рублёў. Як бачна, карысць і для ўстановы, і для людзей відавочная.
P.S. Што трэба зрабіць, каб лячыцца ў платнай палаце? Усё проста – калі пакой не заняты, вам патрэбна напісаць заяву на імя галоўнага ўрача і ўнесці грошы ў касу цэнтральнай раённай бальніцы. У іншым выпадку вас паставяць у чаргу і, калі пашанцуе, праз сколькі дзён вы таксама зможаце скарыстаць «камфортную паслугу».