СА СВЯТЛОМ У ДУШЫЗа шэсць год існавання «Заборскі фэст» займеў пэўныя традыцыі, якія сталі візітнай карткай фестывалю. Сярод іх арганізацыя выстаў вырабаў народных майстроў з усіх куточкаў Расоншчыны, выставы-продажу работ раённага Дома рамёстваў і яго філіялаў. Пад чэрвеньскімі сонечнымі промнямі блішчэлі саламяныя кветкі, кошыкі, пано,

капялюшы, зіхацелі лакіраванай паверхняй вырабы з дрэва, гулялі яркім колерам вышываныя сурвэткі, ручнікі, абрусы, нават цэлыя карціны, прываблівалі позіркі ўпрыгожванні самага рознага кшталту, пляцёная мэбля і г.д.
Яшчэ адна традыцыя фестывалю – шчодрыя на стравы сталы, якія былі накрыты супрацоўнікамі ўсіх без выключэння ўстаноў культуры раёна і гаспадарамі агра- і экасядзіб. Кандытарскі, рыбны, малочны, малочна-сырны, а яшчэ духмяны мёд, нацыянальныя напоі – адным словам, смаката і толькі.
Для ацэнкі кулінарнага майстэрства было створана спецыяльнае журы на чале з намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы А.Г. Капшулем. Праз пэўную колькасць часу яно вынесла свой вердыкт, у адпаведнасці з якім першае месца і званне «Лепшых кулінараў» атрымалі жанчыны з фальклорнага калектыву «Крыніца» Янкавіцкага СДК, другімі сталі сяляўшчынскія гаспадыні. Пераможцы атрымалі памятныя падарункі і ўдзячныя апладысменты ўдзельнікаў фестывалю.
РАДЫ МЫ ЎСІМ, ХТО ДА НАС ПРЫЕДЗЕ
«Заборскі фэст» – фестываль шырока вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Сюды імкнуцца прыехаць, каб на свае вочы пабачыць прыгажосць нашых мясцін і ўзровень развіцця агра- і экатурызму. Вось і сёлета на свята завіталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Уладзіміравіч Южык, дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызму Віктар Архіпавіч Янкавенка, старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Анатольеўна Кліцунова, кіраўнік офіса ААН у Беларусі Антоніус Брук. У якасці гаспадара выступаў старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Шубскі. Кіраўнік раённай выканаўчай улады, а таксама кожны з гасцей на галоўнай фестывальнай пляцоўцы пажадалі «Заборскаму фэсту» шмат гадоў жыцця, развіцця, новых цікавых праектаў і адкрыцця яшчэ большай колькасці агра- і экасядзіб.
УЗНАГАРОДЫЯкі фестываль сельскага турызму без ушаноўвання лепшых гаспадароў сядзіб і турыстычных аб’ектаў на ўлонні прыроды? З 22 гасцінных гаспадароў сёлета былі адзначаны трое.
Першым, хто падняўся з іх на сцэну, быў гаспадар палатачнага лагера «Прытулак рыбака» на возеры Белае Юхаўское Анатоль Мікалаевіч Барадулькін. Дзякуючы яго таленту арганізатара, сюды штогод прыязджаюць сотні аматараў адпычынку на прыродзе.
Сядзіба «Хата пчаляра» яшчэ не набыла падобнай вялікай папулярнасці. Але, на думку многіх, гэта справа часу. Бо тут можна не толькі адпачыць, але і паесці свежы мёд. Гаспадар «Хаты пчаляра» – Леанід Віктаравіч Піруцкі– таксама быў адзначаны як адзін з лепшых.
Як і гаспадыня аграсядзібы «Дзямех» Вольга Уладзіміраўна Балтрушэвіч. У яе таксама ёсць усё неабходнае для незабыўнага адпачынку.
ПЕСНЯМІ НАПАЎНЯЕЦЦА НАВАКОЛЛЕ На Расоншчыне ўмеюць і любяць спяваць. Дастаткова было паслухаць выступленні на фестывалі нашых самадзейных калектываў, каб упэўніцца ў гэтым. Лепшыя канцэртныя нумары прадставілі эстрадная студыя «Надзея», народны калектыў «Свяціца», дзіцячы фальклорны калектыў «Нежачкі», фальклорны калектыў «Крыніца», самадзейныя артысты з раённага Дома культуры, Краснапольскага, Сяляўшчынскага, Бірузоўскага, пасёлка Міжкалгасбуда сельскіх Дамоў культуры. Дзякуй ім за свята душы!