
Наступныя чатыры тыдні для хлебаробаў Расоншчыны стануць, калі гаварыць вобразна, момантам ісціны. Бо вось ён – ураджай 2010 года і вянец нялёгкай работы працаўнікоў сяла. У кожнае яго зерне ўкладзены чалавечыя стараннасць, прафесіяналізм і надзеі. Таму і каштоўнае любое з іх.
Чым адрозненне сёлетняга жніва ад мінулагодняга? Якія планы стаяць перад сяльчанамі? Пра гэта і іншае наша размова з першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргеем Мікалаевічам Зінькевічам (на здымку).
– Жніво гэтага года стане першым у Вашай кар’еры, якое Вы правядзеце на Расоншчыне ў якасці начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Ёсць пэўныя хваляванні або Вы ўпэўнены на сто працэнтаў у сабе і падначаленых?– На хваляванні і сумненні не хапае часу. У мяне настолькі шчыльны працоўны графік, што ледзь паспяваю вырашаць штодзённыя праблемныя пытанні. Бо адна сельскагаспадарчая кампанія плаўна пераходзіць або накладваецца на другую. Яшчэ ваўсю ідзе корманарыхтоўка, а мы ўжо паралельна пачалі ўборку крыжакветных і збожжавых культур.
Што да ўпэўненасці ва ўласных сілах і ў падначаленых, то яна ёсць, інакш бы не згадзіўся на адказную пасаду, якую займаю.
– Сяргей Мікалаевіч, у чым асаблівасць жніва 2010 года?– Сваю ролю адыграла надвор’е. Па прычыне спякоты збожжа на поўначы нашай краіны выспела практычна ў тыя ж тэрміны, што і на поўдні. Таму на раскачку сёлета проста няма часу. Трэба хутчэй выводзіць увесь парк збожжаўборачнай тэхнікі на палі і пачынаць малаціць хлеб у поўную сілу.
Тым больш, што з’явіліся дадатковыя магчымасці. Напярэдадні жніва гаспадаркі раёна атрымалі 11 новых сучасных камбайнаў, якія дазволяць значна павялічыць тэмпы работ. Хаця ўсё роўна 36 адзінак, якія ёсць у наяўнасці, недастаткова. Прывяду толькі адзін факт. Па ацэнцы спецыялістаў, у час жніва збожжаўборачны камбайн павінен абмалочваць 160-180 гектараў, а ў нас атрымліваецца – па 300. І пры гэтым яшчэ трэба ўлічваць, што кожны год плошча збожжавага кліну на Расоншчыне павялічваецца.
– На колькі гектараў сёлета трэба ўбраць больш і якая відавая структура вырашчанага ўраджаю? – Вясной 2010 года ў параўнанні з мінулагоднім было засеяна плошчаў на 27 працэнтаў больш. Усяго яравая і азімая зернебабовая група займае 6 451 гектара. Найбольшая ўдзельная вага ў ячменю ( 2549 га), аўсу (1995 га) і пшаніцы (919 га). Адзначу, што паступова перавага аддаецца ад аўсу ў бок каралевы палёў – пшаніцы. Канешне, гэтая культура патрабуе больш догляду (не знянацку гавораць, што авёс – культура для лайдакоў), але ж і прыбытак ад яе значна большы.
А восенню плошча сельгасугоддзяў у Расонскім раёне павінна павялічыцца практычна ўдвая. Такая задача пастаўлена старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Мікалаевічам Косінцам, і яна павінна быць выканана. З гэтай мэты вызначаны і будуць распрацоўвацца тыя ўчасткі зямлі, на якіх не аралі не тое што гады, а дзесяцігоддзі.
– Якія планы на ўраджай?– Пакуль хваліцца няма чым. У сваіх выступленнях на разнастайных нарадах старшыня аблвыканкама гаворыць пра тое, што ўраджайнасцьзбожжавых на Віцебшчыне павінна скласці не менш 30 цэнтнераў з гектара. А па нашых папярэдніх дадзеных, ураджайнасць збожжавых на Расоншчыне складзе каля 23 цэнтнераў з гектара. Безумоўна, гэтага недастаткова.
Але ж пра канчатковыя лічбы гаварыць пакуль рана. Усё стане вядома, калі з палёў будзе ўбрана збожжа на апошнім гектары.
– Практычна ва ўсіх гаспадарках на тэрыторыі былога СССР, у тым ліку і ў нашым раёне, былі зроблена тыпавыя збожжаачышчальныя і збожжасушыльнаачышчальныя комплексы КЗС, ЗАР-40 і іншыя. У выніку шматгадовага выкарыстання яны маюць вялікі працэнт зносу, а вытворчасць запчастак для іх ужо спынена. Што робіцца, каб прывесці збожжасушыльнаачышчальную гаспадарку Расоншчыны ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі?– Балючае пытанне, але і яго мы паступова вырашаем. Так, летась сельгаспрадпрыемства «Дворышча-Рас» набыла новую перасоўную збожжасушыльную ўстаноўку. Яшчэ падобныя чатыры ўстаноўкі з’явяцца ў пачатку жніўня ў іншых гаспадарках раёна. Акрамя таго, у бліжэйшы час будзе закончана будаўніцтва стацыянарнага збожжасушыльнага комплексу ў аграгарадку Сяляўшчына, які за гадзіну да планавай вільготнасці (14,5 працэнта) будзе сушыць каля 30 тон збожжа.
– Што зроблена спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, каб падтрымаць і матэрыяльна зацікавіць у эфектыўнай працы расонскіх хлебаробаў?– У сераду, 21 ліпеня, ва ўсіх гаспадарках раёна з песнямі, віншаваннямі і ўручэннем традыцыйнага караваю прайшлі зажынкі.У гэты ж дзень адбыліся і сходы, на якіх удзельнікаў жніва пазнаёмілі ў тым ліку і з аплатай іх працы. Акрамя таго, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу будзе традыцыйна праводзіць раённыя спаборніцтвы сярод экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў. Пераможцы ў ім атрымаюць адпаведна 300, 250 і 200 тысяч рублёў. А той экіпаж (камбайнёр і яго памочнік), што першым намалоціць 1 тысячу тон збожжа, атрымае 2 сучасныя тэлевізары.
–
Мне застаецца пажадаць усім працаўнікам сяла ні пуху ні пер’я. Хай жніво – 2010 пройдзе зладжана і вынікова. Тым больш, што сёлета Расоншчына ўпершыню ў сваёй гісторыі стане цэнтрам абласнога свята «Дажынкі». А Вам, Сяргей Мікалаевіч, таксама поспеху і дзякуй за размову.