Край лясоў і азёр, край партызанскай славы – Расоншчына – мае глыбокія гістарычныя карані. Адмысловымі сведкамі багатага мінулага нашай малой радзімы з’яўляюцца гарадзішчы і курганы. Археалагічныя даследаванні, якія праводзіліся на тэрыторыі нашага раёна, дазваляюць зазірнуть на тысячы гадоў таму і паглядзець, як жылі нашы продкі...

У 1926 годе беларускі археолаг К.М. Палікарповіч знайшоў дзве і пакуль што адзіныя на Беларусі стаянкі першабытнага чалавека, якія адносяцца да ранняга каменнага веку (палеаліту). Палеалітычныя стаянкі знаходзіліся на поўдні Беларусі, у Гомельскай вобласці, – каля вёсак Бердыж і Юравічы. Іх раскопкі дазволілі археолагу зрабіць вывад аб з’яўленні людзей на тэрыторыі сучаснай Беларусі прыкладна 100-40 тысяч гадоў таму. На той час поўнач нашай краіны, у тым ліку і Расоншчына, знаходзілася ў прыледніковай зоне. Маўклівымі сведкамі таго часу служаць раскіданыя паўз дарог, рэк і азёраў, на ўскрайках лясоў валуны, якія пакінуў пасля сябе адыходзячы ляднік.
Прыкладна 16 тысяч гадоў таму адбылося моцнае пахаладанне і чалавек на доўгі час сышоў з тэрыторыі Беларусі. Прыблізна 10-8 тысяч гадоў таму закончыўся ледніковы перыяд. Па меры раставання і адступлення мерзлаты клімат рабіўся больш цёплым. Пачалося інтэнсіўнае засяленне і асваенне чалавекам новых зямель. Паводле археалагічных звестак менавіта ў 9-5 тысячагоддзях да нашай эры (эпоха мезаліту) сучасная тэрыторыя нашага раёна і была заселена людзьмі. Характэрнымі помнікамі таго часу з’яўляюцца так званыя стаянкі, якія ў сваёй большасці размяшчаліся на высокіх берагах рэк і азёр. Усяго на Беларусі вядома 120 мезалітычных стаянак. Адна з іх была выяўлена ў 1963 годзе. Яна знаходзіцца на мяжы Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў на левым беразе ракі Свольны за два кіламетры на поўнач ад вёскі Дабраплёсы. Тут знойдзены пераважна вырабы з крэменю: наканечнікі стрэлаў і скрабкі для апрацоўкі шкур дзікіх жывёл. Таму з поўнай упэўненасцю можна канстатаваць, што асноўным заняткам насельніцтва таго часу было паляванне. Новы каменны век (неаліт) на тэрыторыі Віцебскага рэгіёна пачаўся ў 5-4 тысячагоддях да нашай эры. Для яго характэрна з'яўленне больш дасканалых прылад працы, глінянага ляпного посуду, авалоданне навыкамі жывёлагадоўлі і земляробства. У пачатку 2-го тысячагоддзя да нашай эры на Віцебшчыне, у тым ліку і Расоншчыне, пачаўся бронзавы век. Ва ўжытку пачалі з’яўляцца медныя і бронзавыя прылады працы. У гэты ж час адбываюцца значныя змены ў гаспадарчым і грамадскім жыцці людзей, узнікае маёмасная няроўнасць.
У 7 стагоддзі да нашай эры на тэрыторыі Віцебшчыны пачаўся жалезны век. Яго пачатак звязаны з асваеннем людзьмі спосабаў атрымання жалеза і вырабам з яго жалезных рэчаў. Назвы многіх населеных пунктаў і цяпер адпавядаюць першапачатковым, у аснове якіх ляжыць слова “руда”. Напрыклад, у нашым раёне гэта вёска з назвай Рудня.
Распад першабытных адносінаў, міжродавыя сутычкі прывялі да будаўніцтва ўмацаваных паселішчаў, так званых гарадзішчаў. У Расонскім раёне вядома больш за 20 такіх гарадзішчаў ранняга жалезнага веку. Яны размяшчаюцца каля вёсак Амосенкі, Грачушына, Даўгабор’е, Заазер’е, Латышы, Межава, Перавоз, Рылі, Сінск, Старыца, Хоцькава, Янкавічы. Некаторыя гарадзішчы ператварыліся ў пасёлкі-крэпасці з добрай сістэмай абарончых збудаванняў. Узгоркавыя пасяленні дадаткова абносіліся дугападобнымі рвамі і валамі.
Вельмі цікавы археалагічны комплекс знаходзіцца каля вёскі Межава Гарбачэўскага сельсавета. У радыусе трох кіламетраў знаходзяцца пять гарадзішчаў і адзін курганны могільнік. Археалагічныя знаходкі на гарадзішчах, а таксама іх знешні выгляд сведчаць пра інтэнсіўнае жыццё, заняткі насельніцтва на Расоншчыне ўжо ў 1 тысячагоддзі да н.э.
Найбольшую цікавасць выклікае гарадзішча, размешчанае на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі Межава, на правым беразе ракі Змітроўкі. Яно мае дзве пляцоўкі з агульнай плошчай каля 2 гектараў. З заходняга боку захаваліся рэшткі вала вышынёй і шырынёй 6 і 20 метраў адпаведна, а таксама роў глыбынёй 2 метры. Сярод археалагічных знаходак на Межаўскім гарадзішчы – бронзавая фібула-спражка (упрыгожанне), цігель (сродак для плаўкі каляровых металаў) і праселка (дэталь ткацкага станка). Самая вялікая колькасць знаходак – гэта чарапкі глінянага посуду. На падставе знойдзенага гісторыкі зрабілі вынік, што ў 7-6 стагоддзях да н.э. вакол возера Межава на невялікіх пагорках (дыяметрам 35-40 метраў) знаходзіліся 4-5 умацаваных паселішчаў, якія належалі асобным родам аднаго племя, адлегласць паміж імі была 3-5 кіламетраў. Асноўнымі заняткамі насельніцтва былі жывёлагадоўля і земляробства. Падчас раскопак было знойдзена зерне. Немалаважную ролю ў жыцці тагачасных людзей адыгрывала паляванне. Развітым было і ганчарства. Трэба зазначыць, што доўгі час посуд вырабляўся без дапамогі ганчарнага круга, а ляпіўся рукамі з выкарыстаннем дадатку ў выглядзе пяску ці дробных каменьчыкаў. Гэта так званая ляпная кераміка.
У сярэдзіне 1 тысячагоддзя н.э. у жыцці мясцовага насельніцтва адбываюцца значныя гаспадарчыя і сацыяльныя змены. З развіццём земляробства і жывёлагадоўлі людзі пераходзяць жыць на адкрытыя паселішчы, а ўмацаваныя гарадзішчы выкарыстоўвалі як сховішчы ад знешняй небяспекі. Паступова былыя гарадзішчы-сховішчы ператварыліся ў племянныя цэнтры, якія выконвалі абарончыя, адміністрацыйныя і культавыя функцыі. Менавіта такім цэнтрам з’яўляецца гарадзішча ў вёсцы Межава.
З утварэннем у 10 стагоддзі дзяржавы на поўначы Беларусі – Полацкага княства – землі сучаснай Расоншчыны ўвайшлі ў яе склад. У гэты час змяняецца і роля гарадзішча ў Межаве. Знаходзячыся на мяжы полацкіх і наўгародскіх зямель, яно ператвараецца ў горад-крэпасць Полацкага княства. Парубежнае месцазнаходжанне і дало гэтай мясцовасці назву Межава. Археалагічныя знаходкі гавораць аб разнастайнай гаспадарчай дзейнасці насельніцтва – ювелірная справа, ганчартсва, ткацтва, выплаўка каляровых металаў. Прыродныя і штучныя ўмацаванні рабілі крэпасць Межава непрыступнай для ворагаў. Магчыма, адсюль пачынаў вядомыя з летапісаў паходы на Пскоў у 1065 годзе і Ноўгарад у 1066 годзе полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Такім чынам, да вядомых парубежных гарадоў Полацкага княства – Браслава, Оршы і Копысі – можна аднесці і гарадзішча Межава.
Даследчыкі гістарычнай спадчыны Беларусі адзначаюць, што археалагічных помнікаў накшталт комплексу ў Межаве даволі мала на тэрыторыі нашай краіны.
На Расоншчыне на сённяшні дзень вядома каля 40 археалагічных помнікаў – ад ранняга жалезнага веку да часоў сярэдневякоўя.
Пры падрыхтоўцы матэрыялу да друку выкарыстаны архіўныя дакументы музея баявой садружнасці.