Кожны з маляўнічых куткоў Расоншчыны годны, каб ім захапляліся мясцовыя жыхары і госці раёна. Для гэтага інструктарам-метадыстам па турызме фізкультурна-спартыўнага клуба «Старт» распрацоўваюцца новыя турыстычныя маршруты.Да добра вядомых і разрэкламаваных – «Блакітныя каралі Расон», «Па заказніках « Сіньша» і «Чырвоны Бор», «Воднымі дарогамі па гісторыі Расоншчыны», «Партызанскімі сцяжынкамі» – сёлета далучыліся чатыры новыя пуцявіны. Іх назвы гавораць самі за сябе. Так, маршруты «Дарога легенд» праходзяць праз Расоны, Гарбачэва, Забор’е, Краснаполле, Янкавічы і Альбрэхтава, «Шляхамі вайны» – праз Клясціцы, Роўнае Поле, Велле, Сяляўшчыну, Межна,Расоны, «Зямля нашых продкаў» – праз Расоны, Мамолі, Пакоціна, Забор’е, Азёрнае.
Думаю, зацікавіць турыстаў і водны маршрут на байдарках «Расоншчына – край чысцейшых азёраў», які падорыць мноства запамінальных імгненняў.
Калі вас зацікавілі дадзеныя маршруты, звяртайцеся па тэлефоне 4-10-08. Там вам не толькі прадаставяць дадатковую інфармацыю, але і скарэкціруюць пуцявіну ў адпаведнасці з вашымі запытамі і магчымасцямі.