Напярэдадні аднаго з самых значных рэлігійных святаў для вернікаў каталіцкай канфесіі – Калядаў– адбылася наша размова з пробашчам рымска-каталіцкай парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах ксяндзом Вячаславам Барком (на здымку). Ён не толькі павіншаваў вернікаў з надыходзячым святам, але і расказаў пра штодзённае жыццё парафіі.

– Ксёндз Вячаслаў, што новага за гэты год зроблена ў парафіі? За якія дзеянні Вашай паствы, а таксама Вашыя асабістыя раскрываецца Ваша сэрца ад радасці?
– З пачаткам святкавання Божага Нараджэння распачынаем новы год. А таму ёсць добрая нагода развітацца з годам мінулым і нагадаць, што добрага было ў ім.
Калі казаць, што новага было зроблена ў парафіі, вельмі часта мы думкамі абмяжоўваемся толькі рэчамі матэрыяльнымі. Напрыклад, у дадзеным выпадку можна было б зысці толькі на справы, звязаныя з будаўніцтвам. Я, у сваю чаргу, хачу гаварыць пра духоўны рост парафіі. У мінулым годзе вернікі хрысціліся, каяліся ў грахах, вянчаліся... Канешне, такое адбываецца кожны год і такімі словамі не здзівіш чытача, аднак калі гэта адбылося ў жыцці канкрэтнага чалавека, то для яго гэта найважнейшая падзея ў жыцці. І гэта ёсць самае галоўнае для Касцёла, калі чалавек знаходзіць Бога.
А калі расце вера ў сэрцах вернікаў, то будуецца і матэрыяльная святыня. Дзякуй Богу, што за 2016 год справы будаўніцкія пры касцёле таксама пасунуліся наперад. Асабліва гэта датычыцца ўпарадкавання тэрыторыі. Каля святыні з’явіліся газоны, былі зроблены тратуары з каменнай пліткі, а таксама пры садзейнічанні мясцовай улады быў добраўпарадкаваны бераг возера. Спадзяюся, ў наступным годзе прыкасцельная тэрыторыя стане адным з прыгажэйшых куточкаў нашага райцэнтра. Парафія гэта ўсё робіць на хвалу Божую і для дабра кожнага чалавека.
У бліжэйшы час па праекце газіфікацыі касцёла будзе падключаны прыродны газ, і дзякуючы гэтаму наведваць касцёл стане яшчэ больш прыемна.
– Якія функцыі звычайна выконвае плябанія: для чаго яна будзе выкарыстоўвацца яшчэ?
– Плябанія – гэта не толькі дом для пражывання святара, але ж гэта і парафіяльны дом, які служыць на патрэбы ўсёй парафіі. У гэтым доме будуць праводзіцца заняткі па рэлігійнай тэматыцы, размесціцца катэхітычны клас. Будзе там і канцылярыя. Час пакажа, колькі добрага змогуць убачыць сцены гэтага дома. Напрыклад, у Віцебску ў парафіі святога Антонія, дзе я таксама працую, пры парафіяльным доме збіраюцца людзі, якія змагаюцца са сваімі залежнасцямі, адбываюцца рэгулярныя спатканні ананімных алкаголікаў і наркаманаў. Думаю, добра было б заняцца такой працай і ў Расонах.
– На Расоншчыну не так даўно прыязджаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. якая мэта яго візіту? Як ён ацаніў перамены ў жыцці парафіі?
– Каталіцкі Касцёл мае гісторыю ў 2000 год. І ён функцыянуе так, што ў ім кіруе Папа Рымскі, які вызначае біскупаў у кожную паасобную дыяцэзію (епархію). Кожны біскуп дае справаздачу Папу, дзеля гэтага ён едзе раз ў пяць гадоў у Ватыкан. І таксама раз у пяць гадоў біскуп мае абавязак наведаць з афіцыйным візітам кожную падуладную яму парафію. Вось такая кананічная візітацыя біскупа Алега Буткевіча адбывалася ў Расонах 9 кастрычніка 2016 года. Канешне, кожны з захапленнем ацэньвае тое, як развіваецца парафія ў Расонах. Супольнасць, можа, і невялікая па колькасці вернікаў, але яна моцная сваёй верай. І касцёл, які з’явіўся ў Расонах, – бясспрэчны таму доказ.
Фэст ў гонар святога Язафата Кунцэвіча – пакутніка нашай беларускай зямлі – ёсць галоўнае свята для парафіі ў Расонах, бо і касцёл наш збудаваны ў яго памяць.
Малітва сабрала і расонцаў, і гасцей з Віцебска і Полацка. Літургію ўзначальваў Вікарый Генеральны (намеснік біскупа) Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Прэлат Францішак Кісель, а Слова Божае прамаўляў айцец Сяргей Мацюшонак, манах-капуцын, ён выконвае функцыю афіцыяла (кіраўніка) біскупскага суда, бо, як вядома, Касцёл мае свой суд. Наогул, гэта быў восеньскі дзень, але малітоўныя ўрачыстасці адбыліся ў вельмі цёплай братэрскай атмасферы і скончыліся супольным абедам.
– На гэты момант Вы з’яўляецеся пробашчам касцёла ў Расонах, але большую частку свайго часу праводзіце ў Віцебску. Чым займаецеся там?
– У Віцебску я выконваю дзве функцыі – з’яўляюся эканомам дыяцэзіі і адміністратарам парафіі святога Антонія па вуліцы Гагарына, 46а. Па правілах кожная дыяцэзія ў Касцёле Каталіцкім павінна мець таксама эканома, якога назначае біскуп і даручае яму абавязак клапаціцца пра часовае матэрыяльнае дабро Касцёла. Вось гэта і ёсць маё заданне. Чым канкрэтна займаюся? Я працую на гэтай пасадзе ўжо амаль тры гады, таму можна казаць і пра нейкія вынікі. Напрыклад, у гэты час былі афіцыйна працаўладкаваны ў Віцебскай дыяцэзіі ўсе дыяцэзіяльныя святары, а іх сёння 46. Вядома, у нас дзяржава і Касцёл раздзеленыя. Каталіцкім святарам не выплочваюцца заробак і дапамога ад дзяржавы. І вось каб плаціць заробак святарам, таксама павінна быць планаванне бюджэту дыяцэзіі. Вось гэтым і займаецца эканом.
Апрача гэтага, трэба клапаціцца пра матэрыяльны стан касцельнай нерухомасці – гэта святыні і парафіяльныя дамы. І тут працы шмат, рамантуюцца старыя святыні, будуюцца новыя. І ва ўсім гэтым ёсць патрэба мудрага рашэння. І ў такіх выпадках эканому ёсць магчымасць праявіць сябе. Канешне, каб праца ішла, тут павінна працаваць цэлая каманда.
У якасці адміністратара парафіі святога Антонія ў Віцебску таксама займаюся рэканструкцыяй культурна-рэлігійнага цэнтра, якім вадодае парафія. Будынку гэтаму каля 40 гадоў, ва ўласнасці касцёла знаходзіцца гадоў 15. І зараз актыўна вядуцца працы па прыстасаванні будынка пад рэлігійна-культурныя патрэбы парафіі. Ужо адрамантавана цалкам малітоўная зала. Ёсць аўдыторыі для сустрэч дзяцей і моладзі, праводзіцца праца з людзьмі, якія маюць залежнасці, аб чым я казаў ужо раней. А ў наступным годзе будзе праводзіцца рэканструкцыя канцэртнай залы. Агулам гэта вялікі аб’ект на 1000 квадратных метраў.
І нельга не ўзгадаць, што паралельна парафія святога Антонія ў Віцебску клапоціцца пра аднаўленне касцёла святога Антонія, які стаяў у цэнтры Віцебска каля ратушы, на саборнай плошчы (сёння вуліца Леніна). За апошні год было зроблена шмат падрыхтоўчай працы па атрыманні афіцыйных дазволаў на аднаўленне гэтай святыні. Прыемна, што гарадскія і абласныя ўлады Віцебска разумеюць патрэбу падудовы гэтага касцёла. І з Божай дапамогай гэты касцёл будзе адбудаваны зноў.
– З некаторага часу ў касцёле ў Расонах з’явілася пасада другога ксяндза. Якія функцыі ўваходзяць у абавязкі ксяндза Вацлава?
– Кожны чалавек абмежаваны, і, каб брацца за вялікія справы, трэба працаваць у камандзе. Вось і святары супрацоўнічаюць між сабою, каб дасягаць лепшых вынікаў у гонар Божага Валадарства. Ксёндз Вацлаў у Расонах займаецца больш за ўсё духоўнымі справамі: моліцца, прапаведуе, а я, у сваю чаргу, кірую будовай, займаюся адміністрацыйнымі справамі.
– Якая работа сёння праводзіцца ў касцёле з маладым пакаленнем вернікаў?
– Моладзь – гэта асаблівы клопат касцёла. На жаль, я не магу сёння, як было раней, прысвячаць моладзі ў Расонах шмат часу. Пры гэтым я радуюся, што ў мінулым годзе трое маладых людзей з Расон прынялі ўдзел у сусветных днях моладзі, якія праходзілі ў жніўні ў Кракаве. На гэтае спатканне з Папам Рымскім з усяго свету прыехала каля 2 мільёнаў чалавек. Была там і моладзь з Беларусі, ў тым ліку і з Расон. Думаю, такое падарожжа і спатканне, падчас якога збіраюцца разам не тое што сотні тысяч, а мільёны маладых людзей, надоўга застаецца ў памяці, бо немагчыма забыць тую атмасферу братэрства, радасці і ўзаемнай павагі.
– Раскажыце трохі пра Вашу дзейнасць у межах праекта “Пілігрымка”. Куды ў наступным годзе запрашаюцца пілігрымы касцёла?
– У наступным годзе запланавана пілігрымка ў Мексіку – вось гэта пілігрымка будзе! Паклонімся іконе Маці Божай Гвадэлупскай. Да яе прыбываюць кожны год па некалькі мільёнаў пілігрымаў з усяго свету і яна вельмі папулярная сярод жыхароў дзвюх Амерык.
– Ксёндз Вячаслаў, у якім настроі сустракаеце Вы ў гэтым годе Каляды? Што пажадаеце вернікам напярэдадні Вялікага свята?
– Настрой радасны, а яно і не можа быць інакш, калі па-сапраўднаму верыш у Бога. І я хачу ўсім вернікам, якія будуць святкаваць Божае Нараджэнне, пажадаць радасці і супакою. Жыццё не казка – гэта праўда, аднак жыццё можа стаць казачна прыгожым, калі ў ім з’яўляецца Бог. Сын Божы таму і стаў чалавекам, прыняў людское цела, каб пераканаць нас, што Бог не падманвае чалавека ў сваёй любові, Бог любіць нас! Бог любіць цябе і жадае твайго шчасця, калі нават ты сам не верыш ні ў Бога, ні ў сваё шчасце. Калі мы святкуем Каляды, мы кожны раз пераконваемся ў тым, што святло перамагае цемру. А таму насуперак усім рэаліям жыццёвым я жадаю вам спакойнага, мірнага і шчаслівага надыходзячага Новага года. З намі Бог!
–Дзякуй за размову. з надыходзячым святам Вас!