17 сакавіка адбыўся X Рэспубліканскі конкурс “Жанчына года – 2017”. У Палацы Рэспублікі свае ўзнагароды атрымалі сорак дзве прадстаўніцы прыгожай паловы з усіх куткоў Беларусі. Адметна, што ў склад узнагароджаных увайшла і жыхарка Расонскага раёна Лідзія Раманенка. Яна адзначана высокім званнем у намінацыі “Мацярынская слава”. Пасля святочных падзей адбылася сустрэча нашых журналістаў з гэтай цікавай жанчынай.

– На якой мове будзем гутарку весці? – спытала Лідзія Маркаўна. – А давайце на роднай, – сама ж і адказала на пытанне жанчына.
– Пра тое, што я прайшла на конкурс “Жанчына года– 2017” , даведалася ад дачкі Святланы. Спачатку нічога не зразумела. А калі патэлефанавалі з раёна і канкрэтызавалі дату правядзення конкурсу, то “аднеквацца” больш не мела сэнсу. Пабываць у Палацы Рэспублікі – гэта гонар і адказнасць адначасова. У склад віцебскай дэлегацыі ўваходзіла шэсць жанчын вобласці. Немагчыма перадаць тыя эмоцыя, якія мы атрымалі. Велічная зала, прыгожыя, таленавітыя, паспяховыя, яскравыя прадстаўніцы … Вось аб’яўлена шэсць намінацый. Я прымала ўдзел у намінацыі “Мацярынская слава”. Калі падымалася на сцэну, аж ногі дрыжалі, і гэта ня- гледзечы на мой узрост. Дыплом, кветкі атрымала з рук міністра аховы здароўя Валерыя Малашкі. Пасля ўзнагароды быў шыкоўны канцэрт. І сёння ад гэтай падзеі ў мяне эмоцыі “зашкальваюць”.
Не выпадкова, што намінацыя, за якую жанчына атрымала ўзнагароду, уключае ў сябе штосьці цёплае і роднае. Нарадзіць і выхаваць дзяцей – гэта справа любой жанчыны, а ў Лідзіі Маркаўны Раманенка – іх трое. І ўсе яны разам – адна вялікая настаўніцкая сям'я.
Пры ўспамінах пра мінулы час вочы былой настаўніцы засвяціліся нейкім асаблівым святлом. Адразу Лідзія Маркаўна прыгадала сваіх настаўнікаў: Ніну Васільеўну Каралькову, першую настаўніцу, Вольгу Пятроўну Студзянкову , настаўніцу матэматыкі , Вольгу Трафімаўну Сапунову, класнага кіраўніка, Пятра Аляксандравіча Сапунова, настаўніка фізічнай культуры, Міхаіла Мікітавіча Дарашкевіча, дырэктара школы і настаўніка рускай мовы і літаратуры.
– Маё жыццё аддадзена школе. С цёмным прыходзіла сюды і з цёмным вярталася дамоў…Нарадзілася я ў Амосенках, гэта зусім недалёка ад Краснаполля, і мне здаецца, што з самага маленства я марыла пра вучобу. А можа, я проста хацела рэалізаваць жаданне маёй маці – вучыцца. На долю яе выпалі вайна і зусім іншы лёс. Маці паспела скончыць толькі чатыры класы, але я бачыла, якая творчая натура жыла ў ёй. Маці складала вершы,іх друкавалі ў «раёнцы», абласной газеце “Віцебскі рабочы” . Таму ў мамы была адзіная мара– каб я атрыла добрую адукацыю,– распавядае жанчына.

– У школу я пайшла ў няпоўных сем гадоў: сабралася са старэйшымі сяброўкамі, узяла алоўкі, кніжкі ў сумку і “збегла” з хаты. Настаўніца, канечне, здзівілася,калі ўбачыла мяне, тым больш што я была без бацькоў, аднак за парту пасадзіла. А калі мама прыйшла з работы і не знайшла дачку дома, то вельмі перапалохалася. Аднак даведалася ад суседак, што яе Ліда ў Тродавічах, у школе. Мама пайшла за мной. Настаўніца яе супакоіла : “Няхай паходзіць у школу за кампанію з дзецьмі – надакучыць, сама не захоча больш вучыцца”. Аднак усё было наадварот, мне не толькі не надакучыла, а хацелася атрымліваць веды ўсё больш і больш. Нават я стала па паспяховасці абганяць сваіх аднакласнікаў. Бегла чытала я яшчэ да школы, лічыла да бясконцасці, таму мне вучоба давалася лёгка. З другой вучэбнай чвэрці мяне прынялі афіцыйна ў першы клас.
А ведаеце, можа, у Тродавічах аура нейкая асаблівая, прасякнутая духам навукі?! Тродавічы некалі былі звязаны з родам Францыска Скарыны, тут нарадзіўся Генадзь Бураўкін, мясцовую школу скончыў Мікалай Матукоўскі, таму падводзіць такіх людзей мы, вучні, проста не мелі права, у тым ліку і я. Гады вучобы праляцелі вельмі хутка, і калі прыйшоў часу выбару сваёй будучай прафесіі, то сумненняў не было – звязаць жыццё толькі з педагогікай. Тым больш што мне хацелася працягваць справу сваіх любімых настаўнікаў. Перавагу аддала Віцебскаму педагагічнаму інстытуту толькі за тое, што крыху ведала гэты горад, бо часта ездзіла сюды на алімпіяды, спартыўныя спаборніцтвы. Па натуры я творчы чалавек, аднак на той час у Віцебску не было аддзялення філалогіі, таму выбрала фізмат. Паступіла лёгка, увесь час вучобы была камсоргам. Вучыцца было цікава, і я не заўважыла, як прыйшоў час атрымліваць дыплом. Размеркаванне было свабоднае, магла выбраць любое месца, аднак мне хацелася дамоў. Таму ў 1968 годзе я вярнулася настаўніцай матэматыкі ў свою родную Тродавіцкую школу. Тут мне было заўсёды цёпла, утульна, бо гэта – родныя сцены, таму што тут яшчэ было шмат настаўнікаў, якія мяне вучылі, ведалі, любілі і, канечне, аказвалі метадычную дапамогу.
У хуткім часе я пазнаёмілася з маладым урачом, які прыехаў на працу ў Краснапольскую ўчастковую бальніцу. Леанід – хлопец амаль мясцовы, з Казлоў, аднак мы да гэтага былі “шапачна” знаёмы. Сыгралі вяселле, а праз год у нас нарадзілася першая дачушка Алена, потым Святлана, крыху пазней Таісія. У дэкрэтным адпачынку доўга знаходзіцца магчымасці не было. Зараз здзіўляюся: як усё атрымлівалася ў мяне, адкуль браўся час і на школу, і на сям’ю, і на гаспадарку? Вельмі ўдзячна мужу, які дапамагаў мне, хаця сам працаваў у бальніцы ад цямна да цямна. На жаль, амаль дваццаць гадоў прайшло, як ён памёр.

З дэкрэту пасля першай дачушкі выйшла на сваё месца ў Тродавічы. Школа ў той час была вялікая, класы напоўненыя, па некалькі паралеляў мелася. А калі ўжо ў Краснаполлі пачалі ўзводзіць новы будынак навучальнай установы, то сталі расфарміроўваць Тродавіцкую школу. Мы вельмі перажывалі, што наша “калыска ведаў” аджыла сваё. Так я апынулася ў Краснапольскай школе. Выкладала матэматыку, пазней мяне назначылі намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Прыемна, што мае выпускнікі працягваюць маю справу. Сёння толькі ў Краснапольскай школе выкладаюць шасцёра настаўнікаў, якіх я вучыла.
На ўрок я заўжды ішла ўпэўнена, бо верыла ў сябе і свае сілы. З дзецьмі пастаянна мела кантакт. Матэматыка канкрэтная навука, разважанні тут менш за ўсё патрэбныя. Канечне, я паважала тых вучняў, якія прыкладвалі намаганні да вучобы, другая справа, што не кожнаму дадзена гэтая магчымасць. Мне хацелася дапамагчы дзеткам, “падцягнуць” іх. Мусіць, былі і лайдакі, аднак мне шанцавала, з імі я знаходзіла агульную мову. Няхай ён быў не моцны па матэматыцы, тады я шукала іншыя плюсы ў дзіцяці, і справа ладзілася… Жыццё настаўніка складаецца не толькі з урокаў. Я была класным кіраўніком, з дзецьмі мы арганізоўвалі розныя святы, удзельнічалі ў мерапрыемствах, хадзілі у турыстычныя паходы, ездхзілі на экскурсіі. Са мной усюды былі і мае дзеці, пакуль самі не пайшлі ў школу. Дзяўчынкі бачылі, што маці клала іх спаць, а сама садзілася за працу: правярала сшыткі, пісала планы, шукала дыдактычны матэрыял. І мне прыемна, што дочкі не расчараваліся ў педагагічнай справе. Я ні адной з іх не навязвала сваё меркаванне пры выбары будучай прафесіі. Гатова была прыняць любое іх рашэнне. Аднак дзеці выбралі педагогіку. Старэйшая, Алена, абрала хіміка-біялагічны факультэт, Святлана –філалагічны, малодшая, Таісія, – экалагічны факультэт. Дзве дачушкі працуюць у роднай школе, старэйшая выкладае хімію і біялогію, малодшая – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. Святлана – настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў Баравухскай школе. Сёння ў мяне чацвёра ўнукаў. Адна з унучак заканчвае Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, хоча паступаць у магістратуру. Бачу, что і ўнук Мікіта з “павагай” адносіцца да навукі, хаця пакуль у яго другі накірунак, яму падабаецца гісторыя. Лёс можа павярнуцца так, што ён захоча стаць настаўнікам. Яшчэ адна ўнучка працуе ў гандлі, а самая малодшая вучыцца ў трэцім класе.
Мінулы год для нашай сям’і быў крыху нервовы, аднак даволі прыемны. Я вельмі ганарылася, калі дачка Святлана атрымала званне “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Моцна хвалявалася за яе і ўвесь час прасіла застацца на дасягнутым. А яна мне: “ Мама, я ў вобласці першая, я прайшла суперфінал.” А Божачка мой, думала ўвесь час я, дай здароўя і сіл табе, дачушка. Аб перамозе Святланы ў конкурсе даведалася ад старэйшай дачкі. Не перадаць словамі мае адчуванні, зараз успамінаю, і мароз па скуры, і слёзы наварочваюцца…
У працэсе падрыхтоўкі я бачыла, што свабоднага часу ў дачкі проста не заставалася. падрыхтоўка да ўрокаў, прэзентацыі, майстар-класы… Яна прыязджала летам да мяне. Бывала, пойдзем на агарод, а дачка падручнік па педагогіцы з сабой бярэ: працавала і паўтарала некалі атрыманыя веды. Адпачынку ў яе не было. Але яна ўпэўнена ішла да мэты, такая рыса характару дасталася Святлане ад бацькі. Адданасць справе, настойлівасць дапамаглі ёй дасягнуць вынікаў. Яна ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, на яе рахунку перамога ў конкурсе “Настаўнік года– 2017”, у бягучым годзе яна Святлана выбрана «Чалавекам года Віцебшчыны»,– расказвае Лідзія Маркаўна.
На маё пытанне, у чым сакрэт выхавання дзяцей, жанчына, не задумваючыся, адказвае:
– У працалюбстве і самастойнасці. Мае дзеці з самага ранняга ўзросту былі прывучаны да працы і адказнасці за свае ўчынкі. Ніколі не адварочвайцеся ад дзяцей, падтрымлівайце ўсе іх добрыя пачынанні, дапамагайце рэалізаваць іх мары.
Паважаная Лідзія Маркаўна! Віншуем Вас з заслужанай узнагародай. Поспеху Вам, здароўя і дабрабыту!