«Хрыстос уваскрос! Сапраўды Уваскрос!» — такое прывітанне мы чуем адзін дзень у год ўжо на працягу многіх стагоддзяў. У нядзелю праваслаўная частка насельніцтва краіны сустрэне доўгачаканы і адзін з самых важных хрысціянскіх святаў — Вялікдзень. Падрыхтоўка да светлага дня кіпіць: людзі фарбуюць яйкі, пякуць кулічы, асвятляюць свае нарыхтоўкі, а таксама гатуюць галоўную страву свята — тварожную пасху. Даведацца з якім настроем католікі прыйшлі да свята мы паспрабавалі ў вернікаў, якія прыйшлі на вечаровую службу ў чацвер у Расонскі касцёл.

Аксана Хаданёнак:
– Вялікдзень для мяне – гэта заўсёды цуд! З дзяцінства памятаю, як мяне вучылі, што трэба трымаць перад Вялікаднем пост. У гэтыя дні мы ўсё ідзём да Бога. Свята немагчыма без крыжа, без пакутаў. Ужо працяглы час я хаджу ў касцёл і атрымліваю ад гэтага вялікую асалоду. Мы ўсе любім гэтае свята па розных прычынах і адначасова – за адно і тое ж: за вясновы водар і прыгажосць галінак вярбы, за надыход сапраўднай вясны, за перадсвяточную мітусню. Напярэдадні Вялікадня мы фарбуем яйкі, пячом ці купляем пасхальныя кулічы, накрываем багаты альбо сціплы святочны стол, а галоўнае – чакаем. Чагосьці неверагоднага, такога, ад чаго ўнутры цябе становіцца хораша і радасна. Адступаюць у гэтыя дні ўсе страхі і пережыванні, на другі план адыходзяць клопаты і турботы. І, здаецца, зараз усё будзе інакш, па-новаму. Так і будзе, таму што верыць – значыць, жыць!

МАРЫНА МАШАРСКАЯ:
– Гэтае свята ў нашай сям’і заўсёды чакаюць з асобай нецярплівасцю. Рыхтуемся да яго загадзя. Не скажу, што мы вельмі многа гатуем на Вялікдзень, але асабіста я ўдзяляю ўвагу аздабленню святочнага стала, за якім мы збіраемся ўсёй сям’ёй, разам з бацькамі. Кулічы, яйкі, шакаладнае ягня, асвечаныя ў касцёле,– нашы фірменныя стравы. Католікі не прытрымліваюцца строгага посту, але ўсё ж такі яго пачатак, а гэта папяльцовая серада і вялікая пятніца, самыя строгія дні ў плане пасхальной «дыеты».
Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх католікаў з гэтым светлым днём. Жадаю дабрабыту і міру вашаму дому! Няхай жыццё абнаўляецца разам з прыродой, а пачуццё светлай радасці не пакідае душу як можна больш. Усім гармоніі, любові, сямейнай утульнасці і шчасця!
Вольга і Марыя Адамовіч:

– Гэта свята для нас особае. З дзяцінства памятаю, як не магла дачакацца суботы, – кажа Вольга Віктараўна. – Менавіта ў гэты дзень уся сям’я рыхтавалася да важнай падзеі – святкавання Вялікадня. Маці выпякала пасхальныя кулічы, а мы, дзеці, размалёўвалі яйкі. Потым хадзілі на службу ў касцёл. Мне здавалася, што нейкая гаючая сіла ўваходзіла ў нашы душы і целы. Прайшлі гады, а пачуцці тыя ж. Вельмі рада, что і ўнучка заўсёда з намі ў касцёле. Ганаруся і сынам, які служыць ксяндзом .
Нарярэдадні Вялікага свята жадаю ўсім дабра, згоды і шчасця. Давайце будзем цаніць простыя рэчы, з цеплынёй і павагай адносіцца адзін да аднаго. Шчасце ў нашых руках, будзем умела ім распараджацца.

Віктар Адамовіч:
– Вялікдзень – галоўная падзея года і самае вялікае свята, якое адзначаецца з глыбокай павагай, урачыстасцю і радасцю.
На душы асаблівыя лёгкасць і чысціня. Я сам праваслаўны, аднак услед за жонкай, а яна каталічка,больш дзесяці гадоў хаджу ў касцёл. Вось і сёння мы тут з жонкай і ўнучкай. А як інакш? Малодшы сын служыць ксяндзом у Дзісне – не трэба яго «падводзіць». На Вялікдзень пасля службы збяромся ўсёй сям’ёй дома. Для нас свята Светлай Пасхі з’яўляецца адным з любімых.
У гэты дзень жадаю толькі здароўя, шчасця, любові, міру і душэўнага спакою. Няхай ў вашым доме заўсёды будзе цёпла і ўтульна. Няхай у ім жывуць разуменне, любоў і клопат адзін аб адным!