У 2018 годзе XXV Дзень беларускага пісьменства адбудзецца ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. Свята распачнецца другога верасня на галоўнай пляцоўцы гарадскога парка.

За час правядзення Дзень беларускага пісьменства набыў агульнанацыянальны статус, стаў значнай падзеяй у культурным жыцці краіны.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Ўпершыню яно адбылося ў Полацку ў 1994 годзе. Затым яго прымалі Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Полацк (усяго – тройчы), Заслаўе (двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Быхаў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын і Рагачоў. У 2001 годзе у Мсціславе свята праходзіла з удзелам кіраўніка дзяржавы.
У апошнія гады гарады-цэнтры правядзення Дня беларускага пісьменства атрымліваюць новы імпульс у развіцці. Праводзяцца работы па рамонце, рэканструкцыі і аднаўленні будынкаў, вуліц і плошчаў, абнаўленні жыллёвага фонду, уводзяцца ў эксплуатацыю аб'екты сацыяльна-культурнай сферы, адкрываюцца помнікі архітэктуры і мастацтва.
Напярэдадні свята штогод праводзіцца традыцыйны міжнародны круглы стол з удзелам замежных літаратараў. На гэты раз абмяркуюць тэму «Мастацкая літаратуры як шлях адзін да аднаго».
Часткай свята стане і рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да Святыняў з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга», у якой удзельнічаюць прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў краіны і заканчваецца ў Іванаве.
Таксама адбудзецца фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка».
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі штогод праводзіць навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную гісторыі горада – сталіцы свята і раёна. У гэтым годзе – «Іванаўскія чытанні».
Непасрэдна другога верасня ў Іванаве адбудзецца адкрыццё памятнага знака. А на галоўнай сцэне ўручаць «Нацыянальную літаратурную прэмію».
На працягу дня пройдуць эстафета перадачы вымпела гораду Слоніму – сталіцы Дня беларускага пісьменства 2019 года, літаратурна-мастацкае дзеянне «Бачу Беларусь такой ...», арганізаванае Саюзам пісьменнікаў Беларусі, рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі "Мы - разам!».
Адначасова на прылеглых вуліцах разгарнецца святочны гандаль. Будуць працаваць Фестываль кнігі і прэсы, пляцоўкі майстроў народнай творчасці, мастакоў, дзіцячыя мястэчкі, выставачныя экспазіцыі музеяў і бібліятэк. На працягу ўсяго дня – прэзентацыі беларускіх выдавецтваў, выступленні творчых маладзёжных калектываў вобласці і інш.
Мерапрыемствы, у тым ліку прэзентацыі кніжных праектаў, будуць прысвечаны знамянальным датам – Году малой радзімы, юбілейным датам класікаў літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Маўра, Канстанцыі Буйло, Максіма Гарэцкага, Сяргея Грахоўскага, Эдзі Агняцвет, Алеся Бачылы, Мікалая Ткачова і інш.