Афіцыйнай часткай візіту стала ўскладанне вянка і кветак у райцэнтры да помніка воінам і партызанам на Плошчы памяці загінулых барацьбітоў. Затым падчас непрацяглага чаяпіцця ў гасцёўні Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбыўся абмен вопытам работы. Пра зробленае і планы расказалі кіраўнікі ветэранскіх арганізацый: міёрскай – Часлаў Кашкур, расонскай– Іна Павядайла. Па традыцыі абмяняліся сувенірамі.

Своеасаблівасці гэтай сустрэчы надаваў удзел у ёй ад міёрскай дэлегацыі начальніка фінаддзела райвыканкама Аляксандра Шубскага, які на працягу дзевяці гадоў узначальваў Расонскі райвыканкам. Ён заўсёды падтрымліваў ветэранскую супольнасць, якая дзякуючы гэтаму актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці раёна, праводзіла шмат выхаваўчых мерапрыемстваў сярод насельніцтва і асабліва для моладзі, а яшчэ ўдзельнічала ў экскурсійных паездках для пажылых людзей.
Па сутнасці, там жа, у гасцёўні, пачалося знаёмства з Міёрскім раёнам. Гаварылі пра клопаты аб пажылых людзях, сацыяльнае абслугоўванне насельніцтва, сумесную работу з ветэранскай арганізацыяй і іншымі грамадскімі аб’яднаннямі.
Наступным аб’ектам наведвання для дэлегацыі стала новая цэнтральная раённая бальніца, дзе ўсе змаглі азнаёміцца з магчымасцямі лячэбнай установы. Увогуле праграма была насычаная: у школьным музеі расонцы пабачылі ўнікальныя экспанаты, пачулі захапляльныя звесткі пра Міёршчыну. Затым паглядзелі, як будуецца металапракатны завод, даведаліся пра магчымасці лячэння і адпачынку ў санаторыіі “Расінка”.

Дарэчы, у складзе нашай дэлегацыі былі людзі, якія некалькі дзесяцігоддзяў таму працавалі ў Міёрах. Адна з такіх – Ганна Печкурова.
–У Міёрах ў апошні раз я была 40 гадоў таму, – узгадвае Ганна Аляксандраўна. – Адзінаццаць гадоў – з 1962 года па 1973 – наша сям'я тут пражывала. У Міёрах у мяне расла маленькая дачка і нарадзіўся сын. Вядома, калі пад’язджалі да горада, памяць малявала свае вобразы. Я была ўпэўнена, што акунуся ў мінулае, а на самой справе нават не пазнала, дзе знаходжуся. Цяперашняя Міёршчына аказалася для мяне нязведаным, таму асабліва цікавым краем. Аўтобус правёз нас па новым велізарным мосце. Таго дома, у якім мы жылі, даўно няма. Жыццё ідзе, горад пашырыўся, абнавіўся.

Вельмі добра і цёпла нас сустракалі. Дарэчы, гэта быў наш візіт у адказ – не так даўно дэлегацыя з Міёраў гасцявала ў Расонах. Прыемна было пагутарыць з былым кіраўніком раёна Аляксандрам Шубскім. Усе разам мы наведалі Верхнядзвінск, значныя аб'екты Міёраў. Цікава было пабываць у санаторыі «Расінка», дзе не раз адпачывалі мае ўнукі. Паглядзець сапраўды было на што. Але самае галоўнае – гэта адносіны, якіх ў нашым узросце не заўсёды дастае. Тут жа наадварот – хапіла ўсяго. Дзякуй тым, хто нас прымаў, і арганізатарам паездкі – Іне Павядайла і Наталлі Лукашэнка. Экскурсія была дзіўнай, шкада толькі, што міёрскія настаўнікі, якіх я ведала і памятала, ужо пайшлі з жыцця ... Але ад гэтага нікуды не падзецца. Таму, пакуль ёсць магчымасць, трэба ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, вандраваць, хай і па суседскіх гарадах. Усё гэта ўражанні, успаміны, вопыт.
Сапраўды, кожны ўдзельнік дэлегаціі вяртаўся з паездкі са сваім багажом уражанняў.
– Мы з жонкай аматары адкрываць для сябе нешта новае. Стараемся ў складзе нашай ветэранскай дэлегацыі не прапускаць паездак, – расказвае Уладзімір Янаў. – У мінулым годзе былі ў сядзібе Рэпіна, у гэтым наведалі Верхнядзвінск і Міёры – гарады невялікія, але ўтульныя, добраўпарадкаваныя, прыгожыя, цікавыя для жыцця. Шмат аб'ектаў, вартых увагі. Напрыклад, у Міёрах ўразіла айчынным абсталяваннем бальніца, маштабамі –завод, што будуецца. Толькі ўявіце, там у адну змену будуць працаваць 800 чалавек. Гэта ж колькі працоўных месцаў!
Дзіўна, але менавіта пасля такіх, хай і сціплых, падарожжаў разумееш, што Беларусь – краіна, дзе ёсць што паглядзець. І ў гэтым , лічу, заслуга нашага Прэзідэнта, які любіць чысціню і парадак.
Другі момант – гэта знаёмствы, гэта новае сяброўства. Прыемна, што былы старшыня Расонскага райвыканкама Аляксандр Шубскі ўвесь дзень суправаджаў нашу дэлегацыю. Мы размаўлялі, шмат узгадвалі. Аляксандр Мікалаевіч спраўляўся і аб нашым здароўі, ды і наогул пра жыццё. Ён і ў Расонах быў частым госцем на нашых ветэранскіх сустрэчах.
– Гэта паездка, якая змяняе светапогляд, – адзначыла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Іна Павядайла. – З аднаго боку, мы адкрылі для сябе іншыя гарады, даведаліся шмат новага, з другога – натхніліся, паглядзелі на жыццё цалкам па-іншаму. Безумоўна, усяго гэтага не мелі, калі б не кіраўнік раёна Уладзімір Быкаў, які падтрымаў ветэранаў і паспрыяў, каб нам далі транспарт, а таксама калі б не цёплы прыём, які арганізаваў былы старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі.
Наша ветэранская арганізацыя удзячна ўсім і асабліва Аляксандру Мікалаевічу за душэўную атмасферу, якую атрымалася стварыць, цёплы прыём і прыемна праведзены час.