Працаваць у сістэме страхавання, няважна, на якой пасадзе, па сілах не кожнаму. Страхавому работніку неабходна пастаянна мець справу з людзьмі розных характараў, маральных прынцыпаў і выхавання, да таго ж кожны з іх мае свой інтарэс, зацікаўлены ў сваёй карысці. А яшчэ даводзіцца на практыцы глыбока спасцігаць асаблівасці розных прафесійных сфер, станавіцца на нейкі момант і будаўніком, і ўрачом, і ветэрынарам, і кім заўгодна яшчэ. Напярэдадні прафесійнага свята адбылася наша сустрэча з Яўгеніем Шламковым, які выконвае абавязкі дырэктара прадстаўніцтва Белджяржстраху па Расонскім раёне.

–Белдзяржстрах сёння з’яўляецца буйнейшай дзяржаўнай кампаніяй на страхавым рынку нашай рэспублікі. Прадстаўніцтва Белдзяржстраху нашага раёна на працягу года аператыўна і якасна імкнецца выканаць ускладзеныя на яго абавязкі і падыходзіць да завяршэння 2018 года з нядрэннымі паказчыкамі. Аднак за ўсімі поспехамі і паказчыкамі нашай галіны стаіць зладжаная праца ўсяго калектыву нашага прадстаўніцтва. Прафесіяналізм спецыялістаў, іх добразычлівасць, камунікабельнасць і ініцыятыўнасць дазваляюць нашым кліентам давяраць страхаванню і адчуваць сябе абароненымі. Сапраўды, цудоўна, калі супрацоўнікі гатовы быць у першых радах дзеля таго, каб прынесці карысць свайму прадпрыемству. Яны адчуваюць сябе яго гаспадарамі, зацікаўлены ў тым, каб сумеснымі намаганнямі імкнуцца да далейшага росту і росквіту, а значыць, абавязкова здолеюць дасягнуць усіх сваіх мэтаў.
Самы вялікі аб’ём добраахвотных і абавязковых відаў страхавання на працягу года ў нашым прадстаўніцтве сабрала Тамара Шасцітка. Адказна і добрасумленна працуюць на сваіх участках Зінаіда Крэтава, Лідзія Райтнер, Зінаіда Малахава, Вольга Лісава, малады спецыяліст Дыяна Гарнак. Толькі добрых слоў заслугоўваюць і спецыялісты прадстаўніцтва, кожны з іх добрасумленна выконвае свае абавязкі. Сярод страхавых агентаў, якія працуюць на прымежных пастах, самая вялікая колькасць збораў, заключэння дагавораў у Паўла Баравіка, адзначу работу Аляксандра Зуева, Віктара Касцючэнкі .
Увогуле ж, на сённяшні дзень у нашым прадстаўніцтве стабільны, згуртаваны калектыў, у якім працуе 21 чалавек, з якіх восем страхавых агентаў на пераходах і шэсць па насельніцтве. Ім прыходзіцца не раз і не два наведваць кожны дом у раёне, даносіць да людзей сутнасць страхавання, растлумачваць кожнаму, што гэта патрэбна не нам, а ў першую чаргу людзям, каб у непрадбачаных выпадках не застацца адзін на адзін са сваёй бядой. Няхай лепш будзе дагавор страхавання на руках і нічога не здарыцца. У нашых страхавых агентаў заўсёды на першым месцы інтарэсы кліентаў. А гэта значыць – работа па выхадных днях або па вечарах, калі людзі прыйшлі з працы дамоў.
З пачатку года па ўсіх відах страхавання сабрана страхавых узносаў на суму 624 тысячы 294 рублі. Выплыты страхавога пакрыцця склалі 70 тысяч 818 рублёў. Колькасць дагавораў, што былі заключаны нашымі работнікамі за 11 месяцаў 2018 года, склала 18 тысяч 873 адзінкі, прычым звыш 25 працэнтаў прыходзіцца на добраахвотнае страхаванне. Насельніцтва актыўна страхуе пабудовы, маёмасць, кватэры, транспарт, жывёл, а таксама небяспечныя выпадкі і розныя захворванні.
Сёння Белдзяржстрах прапануе насельніцтву і юрыдычным асобам каля ста відаў страхавання. Усе яны развіваюцца , аднак найбольш папулярнымі застаюцца класічныя віды страхавання, якія карыстаюца ўжо не першы год вялікім попытам сярод насельніцтва. Гэта абавязковае і добраахвотнае страхаванне пабудоў, хатняй маёмасці, кватэр. Узрастае інтарэс да такога віду, як страхаванне кватэр і грамадскай адказнасці ўладальнікаў кватэр – комплекснае страхаванне маёмасці, а таксама комплекснае страхаванне домаўладанняў. Дарэчы, апошні від хачу парэкамендаваць нашым кліентам. Гэты від з’яўляецца параўнальна новым. Страхавым выпадкам з’яўляецца пашкоджанне пабудоў і маёмасці, што знаходзіцца ў ёй, у выпадку стыхійных бедстваў, няшчасных здарэнняў, неправамерных дзеянняў трэціх асоб, а таксама факт прычынення шкоды маёмасці трэціх асоб у выніку пажару, выбуху, пранікнення вады з участка. Спакой каштуе нядорага і дазваляе сэканоміць за кошт комплекснага страхавання.
Карыстаючыся магчымасцю, віншую сваіх калег з прафесіянальным святам – Днём страхавых работнікаў. Асабліва цёплых слоў заслугоўваюць паважаныя ветэраны нашай галіны Тамара Лукашонак, Людміла Скіндар, Людміла Петухова, Марыя Піліпёнак, Марыя Магілеўская, Раіса Давыдзюк, Любоў Савіцкая, Ганна Яско, Галіна Парфёнава. Заставайцеся здаровымі і бадзёрымі. Хай у вашых дамах пануюць вера і дабрабыт. А нашых кліентаў хачу заверыць, што мы будзем імкнуцца развіваць узаемны давер, падтрымліваць імідж сучаснай і надзейнай страхавой кампаніі!