Больш за дзве тысячы дзяцей з усіх куткоў сабрала галоўная елка краіны ў Палацы Рэспублікі. На свяце пабывалі і дзеці з Расонскага раёна.

«Гэта яшчэ адна добрая традыцыя сучаснай Беларусі – у навагоднія дні і напярэдадні Калядаў дарыць нашым дзецям веру ў дабро, казку і дапамагаць ажыццяўляцца іх марам, вялікім і маленькім, адпаведна ўзросту. Бо дзеці – наш галоўны здабытак», – з гэтымі словамі да ўсіх, каго сабраў Палац, звярнуўся наш Прэзідэнт.
Нягледзячы на занятасць, Аляксандр Лукашэнка кожны год знаходзіць час, каб сустрэцца з дзецьмі ля навагодняй елкі. Цяперашняе дабрачыннае свята атрымалася шчырым і эмацыйным. У дружным карагодзе зімовай казкі кружылі і пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў, і юныя актывісты, і тыя, хто застаўся без апекі бацькоў, для каго словы «мама» і «тата» з-за розных абставін сышлі са слоўнікавага запасу.
Для Кіры Аўласенкі, Мікалая Дудко і Дар’і Герасіменкі гэта сустрэча стала адной з самых яркіх падзей.
– Новы год – гэта свята, якое напоўнена верай у цуды, чаканнем выканання сваіх самых запаветных жаданняў. У мяне адно з іх ажыццявілася – я пабывала на галоўнай елцы краіны. Нават уявіць сабе не магла, што калісьці мяне будзе віншаваць Прэзідэнт, – расказвае Кіра. Дарэчы, дзяўчынка з’яўляецца выдатніцай вучобы, пераможцай раённых алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый. Яшчэ – займаецца спортам і музыкай, грае ў цымбальным аркестры.
– Добра вучыцца – гэта мая мэта з ранніх гадоў. Мама калісьці сказала, што добрая праца – гэта добрае жыццё, але, каб да гэтага прыйсці, трэба атрымаць адукацыю. Планую стаць перакладчыкам, вельмі падабаецца нямецкая мова. Мару наведаць Германію.
Васьмікласнік Мікалай Дудко марыць займацца робататэхнікай і не ўяўляе жыцця без вывучэння замежных моў і фізікі. Дарэчы, менавіта па фізіцы ён заняў другое месца ў абласной алімпіядзе. Акрамя таго, ён – актывіст школы, прымае ўдзел у розных конкурсах і мерапрыемствах. За гэта яго і «камандзіравалі» ў Палац Рэспублікі.
– Вядома, ганаруся сабой, – прызнаецца Мікалай. – Я ўжо быў на ёлцы ў Віцебску і кожны год ставіў сабе мэту трапіць у госці да Прэзідэнта. Стараўся, і ўсё атрымалася! Шчыра – прыемна, прычым не толькі мне, але і бацькам. Напэўна, больш за ўсё запомніліся прамова кіраўніка дзяржавы і добрыя падарункі. Шоу-праграма таксама была цікавай. Эмоцый прыемных шмат, таму магу сказаць, што трэба марыць, ставіць мэты, ісці да іх і ўсё абавязкова збудзецца.
Дар’я Герасіменка вучыцца ў шостым класе Клясціцкай школы. Больш за ўсё дзяўчынка любіць маляваць, удзельнічаць у разнастайных школьных конкурсах. Для Дар’і вялікае шчасце пабываць на мерапрыемстве такога маштабу, на свае вочы пабачыць Прэзідэнта.
– Гэта было выдатна! Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, цырк, прадстаўленне, падарункі. Калі шчыра, то вельмі хацелася б сустрэцца з Прэзідэнтам яшчэ раз, пабываць на галоўнай елцы. Абавязкова паспрабую вучыцца лепш, каб мара спраўдзілася, – сказала Дар’я.
Прэзідэнцкая елка – гэта яшчэ і кульмінацыя вялікага дабрачыннага марафону. Акцыя «Нашы дзеці» – ужо добрая традыцыя снежаньскіх дзён.Напярэдадні калядных і навагодніх свят ужо на працягу больш за два дзесяцігоддзі чыноўнікі, парламентарыі, палітыкі, медыяперсоны пакідаюць свае працоўныя кабінеты, каб падарыць крышачку дабра і ўвагі тым, каму гэта так неабходна. Да марафону сталі далучацца ўжо і прыватныя кампаніі. У гэтым годзе ўсе разам плануюць павіншаваць больш за 15 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак.
З надыходам Новага года акцыя не завершваецца. Навошта чакаць свята, каб рабіць дабро і выконваць дзіцячыя мары, бо, калі ўважліва прыслухацца, дзеці пра многае і не просяць.