Час ляціць хутка і, на жаль, сцірае ўспаміны, колькі б мы ні слухалі і ні чыталі іх пра ваеннае ліхалецце. Аднак тых, хто памятае той жудасны час і яшчэ ў страі сярод нас, мы павінны абавязкова слухаць і запамінаць. Сярод такіх і мая суразмоўніца, жыхарка вёскі Вялікае Балота, што ў Клясціцкім сельсавеце, Яўгенія Бондарава ( на здымках).

–Пачатак Вялікай Айчыннай вайны для многіх савецкіх людзей, асабліва з сельскай мясцовасці, быў нечаканым. Пра яе даведваліся хто як мог. Да апошняга нікому не верылася, што гэта здарылася. Я ўжо не вельмі добра памятаю тыя першыя дні, – пачала свой аповед дзевяностасямігадовая Яўгенія Кандрацьеўна. – На той час у мяне на руках быў маленькі сынок. Таму менавіта я да той жудаснай навіны аднеслася неяк абыякава, бо проста не было часу на думкі. Аднак, калі ў вёсцы пачалася мабілізацыя мужчын, тут, зразумела, ужо напужалася і я. Мужа адразу ж забралі на фронт, як і многіх вяскоўцаў . Застацца адной з малым на руках было страшна, але мяне не пакідала думка – як усім, так і мне будзе. У хуткім часе з тых, хто добра ведаў сваю мясцовасць і, безумоўна, быў не абыякавы да будучага сваёй Радзімы, пачалі фарміраваць партызанскія атрады. З Вялікага Балота таксама многа хто пайшоў у лес. У вёсцы ў асноўным засталіся старыя, жанчыны і дзеці, – успамінае бабуля Жэня. – Пакуль была магчымасць, мы жылі ў вёсцы, а калі да нас “наведаліся” немцы, мы зразумелі – заставацца ў сваіх дамах далей небяспечна.
Пачалі капаць зямлянкі ў лесе,каб схавацца на зіму ў іх. А калі немцы прыйшлі ў вёску, нас ужо ў ёй не аказалася. Вядома, і яны былі не дурні, сталі шукаць людзей у лесе. Як нам цяжка было чакаць тых нямецкіх аблаў... Бо , калі немцы натыкаліся на людзей у лесе, здзекаваліся, як толькі маглі: адразалі вушы, выдзіралі валасы. Ай, не хачу ўсё зараз успамінаць, – кажа жанчына. – Гэта была ў іх такая расправа над людзьмі за тое, што мы вырашылі пайсці з вёскі, асмеліліся схавацца ад нелюдзяў. Баяліся лішні раз выходзіць з зямлянак. Ведаеце, нават сярод рускіх былі нямецкія даносчыкі. Я баялася за тое, што плач маленькага сына наклікае на наш лагер фашыстаў. Бывала, як толькі добра сцямнее, пайду ў вёску, у сваю хату, а яна недалёка ад лесу была, каб толькі не выдаць сваіх у лесе. І па цемры раніцай зноў у зямлянку вяртаюся. Адкуль толькі храбрасць бралася ў мяне?! Прынясу зерня якога-небудзь, калі знайду, а ў зямлянцы потым натаўку яго, каб зацірку зварыць. Ды добра было, калі ўдавалася знайсці што-небудзь... Есці нечага было, нават ельнік у чыгунку варылі. Мужчыны, якія былі з намі, у тым ліку і мой бацька, вырашылі з другога боку ад нашага лагера выкапаць “запасную” зямлянку на той выпадак, калі давядзецца ўцякаць ад аблавы і дзесьці ўсім хавацца.

–Памятаю, як зімой, даведаўшыся, што будзе немцамі чарговая зачыстка, – кажа Яўгенія Кандрацьеўна, – мы адправіліся ў тую зямлянку. І гэта слава Богу, што яна ў нас была. Ішлі праз Падласкі мох, у бок Юхавіч. Крок у крок, адзін за адным... Баяліся, каб не збіцца са следу. Нам пашанцавала яшчэ таму, што той ноччу быў снег, сляды да раніцы ўжо былі нябачныя. Аднак пазней мы даведаліся, што пры той аблаве папалася фашыстам нямала людзей, якія так, як і мы, хаваліся ў лесе. Праз некаторы час, як сцішэла ад нямецкіх вылазак, мы зноў вярнуліся ў свой лагер. Мусіць, гэтыя пераходы прывялі да таго, што захварэў мой сынок. На жаль, выратаваць яго я не змагла. Ад гора і роспачы слёз ужо проста не было. І сёння перад вачыма карціна, як мужчыны забралі цельца, каб пахаваць. Бацька мой пайшоў у вёску, змайстраваў маленькую труну з таго, што змог знайсці, і на сваім агародзе выкапаў ямку, каб пахаваць майго сыночка. Пазней, як ужо выйшлі з лесу, перахавалі яго на могілках у Клясціцах.
–Калі немцы спалілі вёску, мы нават неяк радаваліся, бо разумелі, што фашыстам тут больш нечага рабіць, – кажа жанчына. – Аднак усё ж такі мы заставаліся яшчэ ў лесе. Было цяжка і з ядой, і з побытам. Які там побыт? Столькі ў лесе адсядзець...Сказаць, не паверыце. На гэта таксама быў разлік у немцаў: усё роўна людзі памруць з голаду ці проста знудзеюць. Але мы моцныя былі і душой, і здароўем. Тым не менш праз некаторы час сталі паціху з лесу выходзіць. Як ужо канчаткова ўпэўніліся, што ў акрузе пацішэла – вылазілі, як спалоханыя жывёлы, на свет. Пачалі капаць зямлянкі на сваіх згарэлых былых сядзібах, а якія зямлянкі тыя – ямы. Ад былой вёскі засталася толькі адна абгарэлая баня Палагеі. Баяліся ўсяго яшчэ, напалоханая птушка і куста баіцца, – а можа, вернуцца ірады зноў, пакуль толькі не даведаліся, што Чырвоная Армія нясе вызваленне. Канчаткова з лесу мы выйшлі на Пятра. Забягаючы наперад, скажу, што гэты дзень для вяскоўцаў стаў самым сапраўдным святам на ўсё жыццё.

–Ведаеце, Вялікае Балота немаленькая была вёска, да вайны ў ёй нават пачатковая школа працавала, – успамінае Яўгенія Кандрацьеўна, – у ёй я паспела скончыць тры класы. Вучыцца далей у школе не было магчымасці, адразу пайшла працаваць у калгас “Камунар”. Да вайны я і замуж выйшла за мясцовага хлопца. Аляксандр Фядотавіч нядрэнны быў чалавек, працавіты, аднак шкада – рана загінуў, – праслязілася баба Жэня.– Слава Богу, што ён жывы вярнуўся з вайны, шмат местачковых хлопцаў не прыйшло дамоў. Аляксей, другі Аляксей, Ягор, Хомка, Васька, – пералічвае імёны бабуля, – ды ўсіх я зараз і не ўспомню.
– Мой Шура пачаў хату будаваць, як вярнуўся дадому, вазіў лес і з мужчынамі падымаў яе. Адзін аднаму дапамагалі, можна сказаць, што вёску ўсе разам аднаўлялі. Як толькі пачалі ўтварацца калгасы, я зноў пайшла на працу, доўгі час працавала ў паляводстве, пазней ужо брыгадзірам на ферме была. З мужам у нас трое детак нарадзіліся. Фядотавіч мой кладаўшчыком працаваў,– успамінае бабуля. –Застаўшыся адна, замуж ісці ў другі раз ужо не адважылася. Лічыла, што мужык будзе, а дзецям бацькі ніхто не заменіць. Так сама і гадавала дзяцей. Ад цямна да цямна працавала, трымала вялікую гаспадарку, каб дапамагчы малым. На жыццё не хачу скардзіцца. Што было цяжка, не тое слова. Аднак жылі весялей мы, у святы і ў горы ўсе разам збіраліся. Усёй вёскай дапамагалі адзін аднаму, а каб хто грошы браў за дапамогу – спасі, Божа, яшчэ і пакрыўдзяцца, калі які рубель будзеш даваць. У вёсцы законна адзначалі два святы –Новы год і Пятро. У гэтыя дні ўсе збіраліся ў клубе, а летам сталы нават вакол будынка ставілі, столькі людзей было. Успаміналі былое, спявалі і танцавалі. І не пілі дужа, не памятаю я, каб пітуны ў Балоце жылі, а вось весяліліся ад душы. Двароў сто ў вёсцы на той час існавала, у адзін статак нават цяжка было кароў ганяць. А зараз, уяўляеце, у вёсцы ні адной каровы няма. Ды іх і некаму трымаць. Старых на зіму дзеці забіраюць, а маладзейшым навошта гадаваць скаціну, калі ўсё ў магазіне можна купіць. Былі б толькі грошы.
–Мяне таксама ўнучка на зіму забірае ў Наваполацк, пасяджу ў яе тыдзень-другі ды дамоў прашуся, – кажа Яўгенія Кандрацьеўна. – Цяжка мне ў горадзе, сядзі толькі ды ў акно глядзі. А тут , калі нават і адна застаюся, а ўсё ж такі неяк утульней. Свае сцены, як ні кажы, – дадае бабуля. – Вось Лёня да мяне зойдзе, добры хлопец. Ён і дроў мне наносіць, і вады, ды і пагутарым мы з ім. Ён таксама мясцовы будзе. Апошнім часам цяжка чытаць стала і тэлевізар глядзець, вочы ўжо не бачаць. Гады... Але прашу Бога, каб толькі на сваіх нагах быць да апошняга, не стаць ні для каго абузай. Цяжка да такіх гадоў дажываць. І галава на плячах, і ногі ходзяць, а вось сіл ужо няма. Летась і вады, бывала, нанашу, каб гародніну паліць, а сёлета не ведаю, як будзе. Мае равеснікі ўжо даўно паўміралі... Сынок малодшы часценька з Клясціц з нявестачкай прыязджае. Дачушка ў Сакалішчы жыве, перазваніваемся з ёй па мабільным тэлефоне. Унучкі ўжо дарослыя, у кожнай свая сям'я, свае справы. Пяцёра праўнукаў у мяне растуць, бачыце, якая я багатая бабуля! – усміхаецца баба Жэня.
Лёс не песціў Яўгенію Бондараву. Застаўшыся без мужа, траіх дзяцей падняла на ногі. Час прыйшоў пажыць і для сябе, аднак страшная вестка прыйшла ў сям’ ю, калі яе ніхто яе не чакаў. Ажаніўся старэйшы сын Шура, вось-вось павінна нарадзіцца ўнучка, аднак чорным крылом прыйшло гора. Амаль праз месяц пасля родаў памерла нявестка. Сын застаўся з малым дзіцём на руках. І бабуля вырашае пакінуць унучку сабе, хаця можна было аддаць немаўляці у Дом малюткі. Выгадавала, вывучыла, на ногі паставіла дзяўчынку баба Жэня. З той гаротнай пары прайшло амаль трыццаць пяць гадоў. Сёння Вольга замужам, сама гадуе траіх дзетак, аднак удзячна Яўгеніі Кандрацьеўне, якая была ёй і за маці, і за бабулю адначасова.
–Страшна, што сёння ўсюды гучаць словы пра цяжкае становішча ў свеце, – разважае баба Жэня. – Сама перажыўшы ваеннае ліхалецце, скажу вам так: жудасней за вайну ў свеце нічога няма. На вайне так: калі ты не заб’еш, заб’юць цябе. Аднак самае страшнае, што людзі ўвесь час хочуць ваяваць. Не разумею, навошта ім гэта? Ці яны не слухалі ўспамінаў сваіх бабуль і дзядуль? Ці не глядзелі ваенныя стужкі? Няўжо для іх няма яскравага прыкладу таго, што перажыло наша пакаленне? Вось толькі гінуць не тыя, хто развязвае вайну, а простыя маладыя хлопцы, якім яшчэ жыць ды жыць, – дадае старая.
Паслухаўшы Яўгенію Кандрацьеўну, не перастаю пераконвацца, што вайна жыве ў душах людскіх успамінамі, якія яны ніколі не змогуць забыць. Яскравым успамінам! Так пабудавана памяць людская. Наш жа абавязак – дапоўніць летапіс вайны аповедамі звычайных людзей, якія выжылі ў цяжкія гады.
Шкада, што ўжо даўно некаму ў Вялікім Балоце збіраюцца за святочным сталом на Пятра...