Адна рагатая, другая - лабатая. Так кажа пра сваіх бялюткіх козачак жыхарка Расон Агаф’я Дзмітрыеўна Урбан (на здымку), якая ўжо больш дваццаці год трымае гэтую адначасова карысную і цудоўную жывёліну на сваім падвор’і. Пажылая жанчына ўпэўнена, што менавіта казінае малако дапамагае ёй, інваліду другой групы, падтрымліваць сваё здароўе ў неблагім стане. Капрызныя казулі Мілка з Белкаю, якіх узімку трэба пакарміць-падаіць некалькі разоў у дзень, прыбраць за імі ў хлеве, а летам пасвіць і даіць, а таксама назапашваць сена, – вялікі клопат для пажылой жанчыны, але адначасова і любімы занятак, а яшчэ сапраўдная фабрыка здароўя!
Па-першае, як кажуць, рух – жыццё, а пакруціцца вакол грацыёзных прыгажунь, каб тыя далі малака, трэба яшчэ як! Па-другое, жанчына п’е не толькі сырадой, а робіць масла, сыраватку, смятану і тварог! «У мяне ёсць сепаратар, так што ўсю прадукцыю раблю сама. Гэта вельмі смачна, і эканомія яшчэ якая! Малочных прадуктаў у магазіне я не набываю», – кажа дбайная гаспадыня. Да таго ж выхад з аднаго літра казінага малака гатовай прадукцыі ў два разы большы, чым з кароўега, бо казінае малако ў два разы больш тлустае, а значыць, і каштоўных рэчываў у ім у два разы больш!
Пятнаццаць год таму памёр муж жанчыны, дочкі жывуць далёка – у расійскіх гарадах Санкт-Пецярбурзе і Ноўгарадзе, але знаёмых і сяброў за 40 год жыцця ў Расонах яна набыла шмат, таму і не сумуе зімнімі вечарамі. Гэтыя ж добрыя людзі дапамагаюць і па гаспадарчых пытаннях: хто сена накосіць для жывёліны, а хто з дровамі дапаможа, але больш яны любяць па-суседску паразмаўляць на самыя розныя тэмы, у тым ліку і наконт здароўя.
Агаф’я Дзмітрыеўна яшчэ цікавіцца лекавымі раслінамі : збірае зверабой, мяту, мелісу, заварвае з іх гарбату і п’е для прафілактыкі разнастайных захворванняў.
У наступным годзе бабцы Агаф’і споўніцца 78 год, але актыўны лад жыцця, добры настрой і добразычлівасць да ўсіх і кожнага дазваляюць ёй быць жыццярадаснай і адкрытай для людзей. Так, на казінае малачко ў яе ёсць “пастаянныя кліенты”, некаторыя з іх бяруць у акуратнай гаспадыні па кубку ці літру малака штодзённа, прычым ужо не першае дзесяцігоддзе! Так што карыснае малачко яшчэ і аб’ядноўвае добрых людзей.
Неаднаразова Агаф’і Дзмітрыеўне дочкі прапанавалі пераехаць да іх у Расію, але жанчына адмаўляецца. «Пакуль ёсць сілы, буду ў сваёй хаце, са сваёй гаспадаркай. Дзеці мне летам дапамагаюць, на святы прыязджаюць, амаль кожны дзень тэлефануюць – што мне яшчэ трэба? Там я засумую, а без козачак дык толькі тэлевізар застанецца глядзець», – смяецца старая.