Энергія і жыццялюбства гэтай таленавітай дзяўчыны з мілавіднай усмешкай і прыгожымі кучарамі выклікаюць захапленне. Заўсёды натхнёная любімай музыкай і новымі ідэямі, выпускніца Расонскай дзіцячай школы мастацтваў Дзіна Лебедзева – цяпер малады спецыяліст, педагог гэтай жа ўстановы, студэнтка-завочніца Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. “Мама, я буду
музыкам!..”
Гэта былі словы маленькай Дзіны, калі яна разам з матуляй праходзіла міма школы мастацтваў і даведалася, чаму там вучаць. А паколькі здольнасці да музыкі і добрыя вакальныя даныя дзяўчынка стала дэманстраваць яшчэ ў дзіцячым садзе, бацькі, не раздумваючы, падтрымалі жаданне дачкі, і ў хуткім часе пад наглядам вопытнага педагога Святланы Віктараўны Дауцінай яна бойка адбівала па клавішах гамы.
Выбрала фартэпіяна невыпадкова – дзіцячае ўяўленне і старыя кінастужкі малявалі перад Дзінай прыгожых паненак з ганарлівай постаццю за вялікім белым раялем. Імкнучыся ўсё рабіць бездакорна і адказна, дзяўчынка з упартасцю і, трэба дадаць, вялікім жаданнем, засвойвала нотную грамату. Захапленне не перашкаджала, а наадварот, дапамагала юнай піяністцы добра вучыцца і ў агульнаадукацыйнай школе, натхняла на разумнае.
Творчая, рамантычная натура, яна рана пачала пісаць вершы і музыку да іх. У выніку нараджаліся песні, якія Дзіна з задавальненнем выконвала сваім блізкім, сябрам, нават на сцэне раённага Дома культуры. Педагог па спецыяльнасці Святлана Віктараўна прыкладала ўсе намаганні, каб у яе вучаніцы не знікла жаданне музыцыраваць, праводзіла паралелі да лёсаў вялікіх кампазітараў і ўспрымання музыкі як асаблівай грані жыцця, а дакладней, жыцця ў музыцы.
Таму невыпадковы і выбар Дзіны пасля атрымання адразу двух пасведчанняў ( аб заканчэнні базавай школы і школы мастацтваў). Бліскуча вытрымаўшы іспыты ў Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы, расонская піяністка, як сама кажа, адчула подых новага ветрыка, які дабавіў смаку да любімага занятку і адкрыў другое дыханне.
Факультэт інструментальнага выканаўства мог спаўна ганарыцца такой студэнткай, якая, у сваю чаргу, ганарылася тым, што яна выпускніца невялікай, але годнай школы мастацтваў у Расонах. На першым курсе каледжа Дзіна ўжо ведала, што па атрыманні дыплома абавязкова працягне адукацыю ў вышэйшай навучальнай установе, а вось пра будучае месца работы планаў не будавала – як лёс павернецца.
Мары здзяйсняюцца
А ён накіраваў яе туды, адкуль з’ехала, – у родную школу мастацтваў выкладчыкам і канцэртмайстарам. Галоўнае ў рабоце для Дзіны – яе вучні, кожны з якіх непаўторны, асаблівы.
– Маё захапленне стала маёй работай, – гаворыць дзяўчына. – Прычым, адчуваю сябе на сваім месцы, бо больш за ўсё ў жыцці люблю дзяцей і музыку. За гэта дзякуй лёсу, а таксама дырэктару школы мастацтваў Алене Парфёнавай, выкладчыцы класа фартэпіяна Святлане Дауцінай і ўсяму творчаму калектыву.
Дзіну цяжка заспець дома. Пасля ўрокаў яна застаецца ў класе, каб памузыцыраваць. Любімыя кампазітары – Бетховен, Рахманінаў, Шуберт, Шапэн, Гайдн і Бах. З сучасных – беларускія Глебаў, Кузняцоў, Гарэлава. У вольны ад работы час дзяўчына спявае ў царкоўным хоры на клірасе, збірае асабістую фанатэку нераспаўсюджанай класічнай музыкі.
Прыгожы першы альт Дзіны Лебедзевай, яе энтузіязм, працаздольнасць, несумненны талент робяць сваю справу: маладога спецыяліста паважаюць на рабоце, запрашаюць да ўдзелу ў канцэртах, у тым ліку ў складзе цымбальнага аркестра, у ёй душы не чуяць вучні. Цікава, што энергіі ў дзяўчыны хапае на пяцярых – паспявае паўсюдна і пры гэтым кожную, нават маленькую, справу робіць з душой.
Адкрыты ўрок, які нядаўна давала для адміністрацыі, настаўнікаў школы мастацтваў і бацькоў Дзіна, паказаў, што малады педагог добра валодае не толькі выканаўчым майстэрствам, а і тэорыяй, методыкай выкладання свайго прадмета. Факультэт эстэтычнай адукацыі ўніверсітэта дае магчымасць яшчэ больш паглыбляць веды пачынаючаму спецыялісту, а час , які затрачваецца на падрыхтоўку да экзаменаў і залікаў, Дзіна лічыць карысным ва ўсіх адносінах – для папаўнення багажу ўменняў і навыкаў, пашырэння кругагляду і агульнага развіцця як асобы.
Пра што марыць Дзіна Лебедзева? Уявіце сабе – пра прыгожы белы раяль і адпаведнае яму асабістае жыллё! А ў астатнім яе дзіцячыя мары спраўдзіліся.