Усё больш гасцей Расоншчыны, якія даўно не былі ў райцэнтры, з задавальненнем кажуць, што Расоны папрыгажэлі, абнавіліся, сталі падобныя на невялічкі райскі куточак. Змяніліся вуліцы, дзе шматкватэрныя дамы і будынкі маюць дагледжаны акуратны выгляд, вясной і летам квітнеюць клумбы. Так, не ўсё ў нас пакуль што на самым высокім узроўні – і дарогі патрабуюць рамонту, і ліхтары, па меркаванні жыхароў, не ўсюды размешчаны, але аснова пакладзена, ёсць што зберагаць, цаніць, падтрымліваць у належным стане.
На жаль, не ўсім даспадобы чысціня і прыгажосць. Наша газета ўжо пісала пра тое, што некаторыя новыя аўтобусныя прыпынкі райцэнтра, якія былі заменены ў мінулым годзе, ужо сапсаваны і нават разрабаваны. Але і гэта не ўсе праблемы.
Справа ў тым, што пасля “начной змены” большасць нашых прыпынкаў ператвараецца ў сапраўдны сметнік – перапоўненыя бутэлькамі і пакаваннем ад розных прысмакаў смяцяркі, закіданы шалупіннем ад семачак асфальт. Пад такім часовым дахам не толькі стаяць не захочацца, а і праходзіць паблізу непрыемна.
Асабліва абурае любога нармальнага чалавека такое відовішча, калі праходзіш каля прыпынкаў, што размешчаны побач з будынкам раённага Дома культуры. Адрамантаваны храм культуры, дзе усё блішчыць ад чысціні, дзе камфортна і вельмі утульна, дзе ёсць усе ўмовы для адпачынку і развіцця, а тут бачыш такое - нібы плявок на самае святое…
Павага да чужой працы, культура паводзін: каго і каму гэтаму трэба вучыць? Хто не адчувае сябе дастойным прыгажосці? – Нявыхаваная моладзь, раз’юшаныя беспрацоўныя п’яніцы, хто? Няўжо такое ж становішча і каля іх уласных дамоў, у кватэрах? Па якой прычыне нашыя людзі ператвараюць у сметнік усё тое станоўчае, што з’явілася ў райцэнтры?
Мы прэтэндуем на тое, што наша краіна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, што мы добра адукаваныя, культурныя, дастойныя людзі, але па такіх прыкладах можна зрабіць зусім іншы вывад…
P.S. Па рабоце мне часта даводзіцца ездзіць па раёне. Скажу я вам, што ў такім жа становішчы знаходзяцца аўтобусныя прыпынкі і ў аграгарадках, дзе на фоне новых прэзідэнтскіх дамоў “красуюцца” якасныя прыпынкі, а ўнутры там такое тварыцца, што дыхаць становіцца цяжка ад абурэння чыёйсці вялікай “культурай” адпачынку.