За нараджэнне і выхаванне дзяцей ордэна Маці ўдастоены дзве жанчыны нашага раёна: жыхаркі Краснаполля і Дворышча Валянціна Свярдлова і Надзея Мядзвецкая. Ушанавалі маці-гераінь старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Акімавіч Фёдараў і намеснік старшыні райвыканкама Галіна Аляксееўна Падвіцельская.На свяце, якое было наладжана самадзейнымі артыстамі Краснапольскага сельскага Дома культуры, і пяці хвілін не прайшло, як атмасфера ў зале панавала такая, нібыта за сталом сабраліся сваякі. Зрэшты, чаму тут дзівіцца, калі ў гэты дзень ушаноўвалі шматдзетную маці Валянціну Свярдлову, у якой усё жыццё «круціцца» вакол адной-адзінай восі – дзяцей, сёння – унукаў.
На сцэне не прамаўлялі гучныя словы: «Як няпроста нарадзіць, выхаваць і паставіць на ногі пяцёра!». І не толькі таму, што для Свярдловых падобны этап ужо пройдзены: дзеці дарослыя, вызначыліся з прафесіямі, паспелі самі стаць татамі і мамамі. Для іх нараджэнне і выхаванне дзяцей – проза жыцця, усвядомлены выбар, крыж лёсу, калі жадаеце.
Аднак у вяскоўцаў свая кропка гледжання: гэта бацькоўскі подзвіг. Колькі намаганняў трэба, каб пяцёра дзяцей атрымалі ад бацькоў сваю порцыю кахання, клопату, цяпла, пяшчоты, каб кожны з іх навучыўся любіць радзіму, шанаваць людзей, быць высакародным і спагадлівым.
Пры першым знаёмстве з Валянцінай Карлаўнай цяжка адразу ўявіць, што яна шматдзетная мама. Перад мной стаяла абаяльная жанчына, якая збянтэжана апускала вочы, нібы саромілася ўсміхацца. Падчас урачыстай цырымоніі крыху разгубілася, а калі я стала віншаваць і задаваць пытанні – расчулілася. Столькі ўвагі ёй адной!
– Мае дзеці вельмі розныя па характары, – расказвае Валянціна Карлаўна,–часам нялёгка было знайсці паразуменне адразу з усімі. Але я прытрымлівалася такой пазіцыі ў выхаванні: дзіця з самага юнага ўзросту павінна вучыцца самастойна прымаць рашэнне, нават калі яно будзе памылковае.
Вядома, гадаваць пяцёра заўсёды нялёгка. Аднак Свярдловы на гэтым не засяроджваліся: праца, падсобная гаспадарка, дзяржаўная падтрымка, самі майстры на ўсе рукі. Валянціна Карлаўна і сёння ўсюды паспявае: абеды рыхтуе, падзарабляе, радуецца поспехам унукаў, якіх чацвёра. Да яе прыйшло «другое дыханне».